• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жанчыну асудзілі на 2 гады за абразу начальніка міліцыі ў групе “Подслушено Поставы” і захоўванне патронаў

    За абразу начальніка міліцыі ў публічнай групе “Подслушено Поставы” і захоўванне дробнакаліберных спартовых патронаў асудзілі 49-гадовую Ірыну Паляніну з Паставаў.

    Жанчына напісала каментар на адрас начальніка Пастаўскага раённага аддзела міліцыі Аляксандра Рыбакова пад яго фотаздымкам ў інтэрнэце. Лінгвістычная экспертыза, палічыла яе допіс абразлівым. Пасля гэтага міліцыянты правялі ператрус у хаце Палянінай, падчас якога і знайшлі ў швейнай машынцы патроны.

    На судзе Ірына Паляніна сказала, што спачатку здзівілася знаходцы міліцыянтаў у яе доме, а пасля ўзгадала, што патроны засталіся ад бацькі. Жанчына зазначыла, што не лічыла іх настолькі небяспечнымі.

    Пракурор Пастаўскага раёна Ігар Валынец прасіў для абвінавачанай тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама задаволіць іскавае патрабаванне начальніка Пастаўскага РАУС аб маральнай шкодзе і канфіскаваць мабільны тэлефон.

    У сваім апошнім слове жанчына выбачылася перад Аляксандрам Рыбаковым і прасіла не пазбаўляць яе волі. Тлумачыла, што пад яе апекай знаходзяццася двое родных з інваліднасцю, і яна не хоча, каб яны апынуліся ў сацыяльным прытулку. А таксама сказала, што калі яе пазбавяць волі і працы, ёй будзе складана аплаціць іск аб маральнай шкодзе.

    Але, нягледзячы на яе словы, 26 красавіка суддзя Пастаўскага раённага суда Наталля Максімовіч, агучыла прысуд Ірыне Палянінай — два гады калоніі агульнага ўтрымання.

    Тэрмін прызначаны шляхам частковага складання пакаранняў: паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады)  жанчыну пакаралі абмежаваннем волі тэрмінам на два гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу — т. зв. «хімію», паводле арт. 295 КК (за захоўванне патронаў)  прысудзілі паўтара гады пазбаўлення волі ў калоніі.

    Таксама Паляніна мусіць сплаціць начальніку Пастаўскага РАУС Аляксандру Рыбакову кампенсацыю за маральную шкоду памерам 2000 рублёў. Мабільны тэлефон, з якога яна пісала каментар і 45 спартовых паляўнічых вінтовачных патронаў рашэннем суда будуць канфіскаваныя. Да таго ж жанчына павінна будзе сплаціць дзяржпошліну ў памеры 87 рублёў і працэсуальныя выдаткі на 63 рублі 80 капеек.

    Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці