• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.

    Фаціма Хасайні. Фота: БАЖ

    За тры месяцы чацвёра з дзесяці журналістаў сышлі з прафесіі

    Імклівы сыход войскаў ЗША з Афганістана ў 2021 годзе абрынуў надзею краіны на дэмакратыю і свабоду. Талібы хутка ўсталявалі кантроль у ключавых гарадах і правінцыях, а Кабул увогуле быў здадзены без бою. З тых часоў, як адзначаюць «Рэпарцёры без межаў», медыяландшафт у 40-мільённай дзяржаве радыкальна змяніўся. За тры месяцы былі зачыненыя 43% СМІ.

    — Праблема не толькі ў талібах ці канкрэтнай тэрарыстычнай групоўцы, — кажа Фаціма Хасайні, якая з’ехала з Афганістана адразу пасля ўстанаўлення дыктатуры «Талібан», — а ў прынцыповай адсутнасці свабоды і волі ў краіне. Амерыканцы рабілі выгляд, што гэта не так. Але Кабул моцна адрозніваецца ад іншых гарадоў і рэгіёнаў.

    Узровень бяспекі журналістаў у новых умовах істотна знізіўся. Асабліва пагрозы закранулі жанчын. З 10 780 чалавек, якія працавалі ў афганскіх медыях у жніўні 2021-га, у прафесіі напрыканцы таго ж года засталося 4 360 (3 950 мужчын і 410 жанчын). Гэта чацвёра з дзесяці!

    У сакавіку 2023 года на цырымоніі ўшанавання мясцовых журналістаў на поўначы краіны прагрымеў выбух. Гэта здарылася праз 10 хвілін пасля пачатку мерапрыемства, на якім прысутнічалі каля 100 чалавек. Тады загінулі тры маладыя журналісты, якім было па 20 гадоў. Яшчэ 20 прадстаўнікоў медыяў атрымалі раненні. За выбух узяла адказнасць Ісламская дзяржава (з’яўляецца тэрарыстычнай групоўкай). У заяве яна падкрэсліла, што напад быў накіраваны на «журналістаў, якія працуюць у агенцтвах, што ўдзельнічаюць у вайне супраць Ісламскай дзяржавы».

    Фота: «Рэпарцёры без межаў»

    Афганскія журналісты не толькі пакутуюць ад фракцыйных войнаў паміж баевікамі Ісламскай дзяржавы, але і з’яўляюцца адной з галоўных мэтаў талібаў з тых часоў, як тыя захапілі ўладу. За апошнія пяць гадоў у Афганістане больш чым дзе ў Азіі гінулі журналісты: за гэты час ахвярамі забойстваў і пакаранняў смерцю, па інфармацыі «Рэпарцёраў без межаў», сталі 22 супрацоўнікі СМІ.

    Паводле Фацімы Хасайні, і раней прадстаўнікам медыя даводзілася няпроста. Падчас яны былі вымушаныя ісці на хітрыкі, каб якасна зрабіць сваю працу.

    — Неяк я накіроўвалася ў Кандагар (другі па колькасці горад, знаходзіцца на поўдні краіны, у ім пражывае каля паўмільёна чалавек — Аўт.), куды ехала, каб зрабіць рэпартаж для брытанскага выдання The Guardian, — працягвае фотарэпарцёрка. — Гэта была цяжкая камандзіроўка. Мне давялося прыкідвацца, што я не мясцовая, а замежная журналістка. Гэта дазваляла ў больш спакойнай абстаноўцы рабіць фатаграфіі.

    Яна дакладна не ведае, колькі цяпер журналістаў з замежных медыя застаюцца працаваць у Афганістане, але падазрае, што гаворка ідзе пра адзінкі.

    — Цяпер журналісты ў выгнанні адыгрываюць важную ролю. Ёсць крыніцы інфармацыі, якія працягваюць перадаваць каштоўныя звесткі, а СМІ публікуюць артыкулы, не называючы іх імёны, — словы афганскай журналісткі зразумелыя многім беларускім калегам.

    «Талібан» зацікаўлены, лічыць Фаціма Хасайні, ў выбудоўванні сцяны маўчання паміж краінай і астатнім светам. Каб людзі не даведаліся пра ўсё, што дыктатарская ўлада зрабіла за апошнія гады. Гэты матыў не трэба асабліва тлумачыць беларусам, якія вымушаны жыць у такім рэжыме з 2020 года.

    «Ім увесь час патрэбна была ахвяра. Усё гэта крыўдныя цэтлікі»

    Згодна з індэксам свабоды прэсы-2023, Афганістан знаходзіцца ў чырвонай зоне і займае 152 месца з 180, гэта значыць сітуацыя характарызуецца як «вельмі дрэнная». Беларусь — на тры радкі ніжэй. То-бок «Рэпарцёры без межаў» ацэньваюць стан медыяў у дзвюх краінах прыкладна на адным узроўні.

    Апроч таго, што існуе прамая пагроза жыццям журналістаў, многія з іх могуць быць пазбаўленыя свабоды. Пасля захопу ўлады талібамі некаторыя рэпарцёры былі дапытаныя альбо затрыманыя паліцыяй. Гэтыя арышты могуць насіць гвалтоўны характар, доўжыцца ад некалькіх гадзін да некалькіх тыдняў і тычыцца не толькі афганскіх рэпарцёраў, але і іх замежных калегаў.

    Так, у пачатку 2023 года быў арыштаваны франка-афганскі журналіст Мартаз Бехбудзі. Яго абвінавачвалі ў шпіянажы, незаконнай падтрымцы замежнікаў і садзейнічанні перасячэнню мяжы з іншай краінай. У турме ён правёў 284 дні. Сусветная медыясупольнасць звярнула ўвагу на гэтую сітуацыю, і пад яе ціскам суд вымушаны быў вызваліць рэпарцёра. Аднак гэта далёка не самы распаўсюджаны фінал.

    Мартаз Бехбудзі. Калаж: «Рэпарцёры без межаў»

    — Не ўсё было добра і падчас рэспублікі, — мяркуе Фаціма Хасайні. — Я ўсё бачыла некалькі з іншага боку. Мне хацелася, каб жанчыны ў Афганістане атрымалі ўстойлівыя правы і грамадзянскія свабоды.

    Журналістка не толькі рыхтавала публікацыі для такіх сусветных выданняў як Bloomberg, Busi­ness Insid­er, Le Figaro Mag­a­zine. Яна таксама мастачка, удзельніца выстаў і праваабаронца. Яе фатаграфіі, якія былі прадстаўлены на фестывалях у Індыі, Турцыі, Кітаі, Японіі, Паўднёвай Карэі, Аўстрыі, Даніі, Італіі, Албаніі, Францыі, ЗША, распавядаюць ўражлівыя гісторыі ідэнтычнасці і жаноцкасці.

    — Аднойчы для рэпартажу, які я рыхтавала для Al Jazeera, мне трэба было зрабіць дзесяць партрэтаў бежанак, — прыводзіць прыклад рэпарцёрка. — Усё гэта былі добра апранутыя жанчыны, на іх былі ўпрыгожанні. Я не магла схаваць іх зачараванне. Але калі я даслала здымкі ў рэдакцыю, мне сказалі: яны занадта прыгожа выглядаюць, а нам патрэбны іншы вобраз — калі людзі плачуць, распранутыя, пакутуюць… Аднак мой погляд на Афганістан быў іншым. У нас была частковая свабода ў рэспубліцы. Але гэта не тое, што знаходзіла адлюстраванне ў медыях.

    Фота: Фаціма Хасайні

    Падобныя клішаваныя запыты ад заходніх рэдакцый у мірны час часта паступалі і беларускім журналістам. Іх цікавілі Чарнобыль, мітынгі апазіцыі, асобныя спартсмены. Аднак глыбока даведацца сутнасць краіны задачы нібыта не стаяла. Ці варта цяпер здзіўляцца, што пратэсты ў 2020 годзе многія не зразумелі, а хутка інтарэс да Беларусі ўвогуле знік?

    — Памятаю, што было падобнае на самацэнзуру ў Афганістане з боку многіх журналістаў. Гэта было відаць не толькі па фатаграфіях. У тым праекце, у якім я стала працавала, з неахвотай бралі мае здымкі пра прыгажосць. А калі публікавалі, то звязвалі з маёй асобай, маўляў, гэта мастачка, яна ўсё бачыць пад іншым ракурсам. Ім увесь час патрэбна была ахвяра. Усё гэта крыўдныя цэтлікі, — з горыччу канстатуе Фаціма Хасайні.

    Фота: Фаціма Хасайні

    Хаця на дадзены момант сітуацыя са свабодай выказвання і становішчам СМІ ў Афганістане здаецца драматычнай, яна ўсё ж не такая жахлівая, як у Беларусі.

    Хоць многія тэмы цяжка ці немагчыма асвятляць, а ў афганскіх медыях не ўбачыш публікацый, прысвечаных рэлігіі, становішчу жанчын і правам чалавека, аднак у самой азіяцкай краіне  яшчэ нават працягваюць працу некалькі арганізацый па абароне свабоды прэсы.

    Здаецца, нават рэжым «Талібан» цьмянее ў параўнанні з тым, што зладзіла лукашэнкаўская вертыкаль.

    Чытайце яшчэ:

    «Адкрыта прапагандуе палітыку тэрору ў дачыненні да “непаслухмяных” журналістаў». Як М’янма дэмакратызавалася наадварот

    Першая цэль для ўзурпатараў. Тлумачым, для чаго грамадству незалежныя СМІ і чаму іх так не любяць аўтарытарныя рэжымы

    Freedom House: Узровень свабоды ў сьвеце зьніжаецца 17 гадоў запар, вайна ва Ўкраіне мела наступствы для сувэрэнітэту Беларусі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці