• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міжнародныя журналісцкія арганізацыі патрабуюць вызвалення Андрэя Гнёта

    Арганізацыі-партнёры Media Free­dom Rapid Response і Беларуская асацыяцыя журналістаў звярнуліся да сербскіх уладаў з патрабаваннем вызваліць беларускага актывіста і журналіста Андрэя Гнёта.

    зварот аб вызваленні беларускага рэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта

    Андрэй Гнёт. Фота: Insta­gram

    Зараз Гнёту пагражае дэпартацыя з Сербіі ў Беларусь па палітычна матываваных абвінавачаннях. У бялградскай турме ў яго істотна пагоршылася здароўе.

    Зварот да сербскіх уладаў падпісалі Міжнародны інстытут прэсы, Еўрапейскі цэнтр свабоды прэсы і СМІ, Еўрапейская федэрацыя журналістаў і іншыя міжнародныя арганізацыі-партнёры Media Free­dom Rapid Response. Зварот заснаваны на інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Media Free­dom Rapid Response (MFRR) праводзіць маніторынг і рэагуе на парушэнні свабоды прэсы і СМІ ў дзяржавах-сябрах ЕС і краінах-кандыдатах. Праект забяспечвае інфармацыйную, юрыдычную і практычную падтрымку журналістаў і працаўнікоў СМІ. Стартаваў у 2020 годзе і фінансуецца Еўрапейскай камісіяй.

    Паводле інфармацыі аб’яднання былых сілавікоў BelPol, 41-гадовы рэжысёр Андрэй Гнёт быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў сталіцу краіны Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі.

    Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства просіць экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

    29 лютага праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што Інтэрпол заблакаваў даныя Гнёта, пачаўшы праверку падстаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясцілі яго ў вышук. Адвакат рэжысёра настойвае, што падабаронны пераследуецца па палітычных, а не эканамічных матывах, як заяўляюць у Мінску.

    12 сакавіка Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэнне аб экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь. Справу адправілі на перагляд.

    Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем». Па дадзеных MFRS, працаваў фрылансерам на незалежным тэлеканале «Настоящее время», які ўваходзіць у медыякарпарацыю «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці