• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пра каго і чаму мала пішуць СМІ? Ацэнка мэдыяэкспэрта

    На пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі. Перадрукоўваем самыя цікавыя моманты

    — Адной з самых гучных падзей віленскай канфэрэнцыі быў выступ Веранікі Цапкалы, які вы ўжо прыгадалі. Яна абвінаваціла незалежныя мэдыя ў тэндэнцыйнасьці, у замоўчваньні дзейнасьці, у прыватнасьці, яе і яе мужа, Валера Цапкалы. Некаторыя пасьмяяліся зь яе прапановы стварыць нейкі орган па кантролі ступені абʼектыўнасьці СМІ. Але пытаньне і сапраўды цікавае. Чаму пра тую ж канфэрэнцыю ў Вільні пісалі значна больш, чым пра форумы, скліканыя Цапкалам у Варшаве і Бэрліне? Чаму, скажам, пра Латушку пішуць больш, чым пра Цапкалаў, пра Ціханоўскую — больш, чым пра Латушку? Вераніка празрыста намякала на тое, што такое становішча — вынік палітычнай карупцыі, таго, што офіс Ціханоўскай, Францішак Вячорка, купляе СМІ. А якое вашае тлумачэньне?

    — Сам пасыл, што СМІ павінны пісаць пра ўсіх пароўну, неабгрунтаваны. СМІ вызначаюць парадак дня, вызначаюць, якія падзеі важныя, а якія — не. У брытанскай ВВС, што працуе на Вялікую Брытанію, там першыя навіны будуць пра экалёгію — пра дэльфінаў, пра кітоў, а толькі потым — пра дэбаты ў парлямэнце. Яны так вызначаюць прыярытэты, важнасьць падзеяў.

    Гэта фармуецца і традыцыяй, і аўдыторыяй. Мэдыя не абавязаныя даваць слова кожнаму, хто да іх зьвярнуўся.

    Да пэўнай ступені такі абавязак ёсьць у мэдыя, якія фінансуюцца дзяржавай. Трэба адрозьніваць дзяржаўныя і грамадзкія мэдыя, апошнія зусім не працуюць пад дыктоўку дзяржавы. Вераніка Цапкала спасылалася на досьвед нямецкіх мэдыя. Але там грамадзкія мэдыя існуюць на абанэнцкую плату, якую плацяць хатнія гаспадаркі.

    Ідэальнай сыстэмы няма, нават у дэмакратычных краінах здараюцца спробы тых ці іншых палітычных сілаў націснуць на мэдыя, але з гэтага не вынікае, што пра ўсіх трэба паведамляць у аднолькавай ступені.

    Мэдыя самі вызначаюць герархію важнасьці, вызначаюць, хто з ньюсмэйкераў больш уплывовы, а хто менш, і каму аддаваць больш ці менш увагі. Толькі падчас выбарчай кампаніі могуць прымацца іншыя нормы, калі ўсім удзельнікам спаборніцтва трэба аддаваць аднолькавую ўвагу.

    У дэмакратычных краінах гэтае правіла абавязковае толькі падчас выбараў і толькі для грамадзкіх СМІ. Камэрцыйныя СМІ звычайна падчас выбараў таксама прытрымліваюцца гэтага правіла, але з уласнай волі.

    Ёсьць кансьпіралягічная тэорыя, паводле якой беларускімі незалежнымі мэдыя кіруюць зь нейкага адзінага цэнтру. Складана патлумачыць, што гэта ня так, тым людзям, якія ў гэтую тэорыю вераць. Кансьпіралёгія існуе стагодзьдзямі, і ніякія аргумэнты на яе прыхільнікаў ня дзейнічаюць.

    — Як СМІ вызначаюць, што важна, а што няважна, хто ўплывовы, а хто не? У дэмакратычнай краіне герархію ў палітыцы так ці інакш вызначаюць вынікі выбараў. Натуральна, што СМІ ў дэмакратычнай краіне аддаюць больш увагі партыі, якая атрымала на апошніх выбарах 30%, чым той, якая атрымала 5%. У Беларусі апошнія выбары былі 2 гады таму. Іх вынікі былі відавочна сфальсыфікаваныя. Але чаму і цяпер, на думку СМІ, Ціханоўская больш важная, чым Цапкала? Зянон Пазьняк апошні раз удзельнічаў у выбарах у 1994 годзе. Але тым ня менш ён дагэтуль ньюсмэйкер, яго цытуюць. Ці можна сказаць, што беларускія СМІ вызначаюць герархію важнасьці палітыкаў адвольна?

    — Я не галасаваў за Ціханоўскую ў 2020 годзе. Але я прызнаю, што за яе тады прагаласавала вельмі шмат людзей. Гэта дае ёй пэўны мандат даверу. Таксама важна, якія дзеяньні былі зробленыя ёю. Ва ўсім сьвеце палітыкам лічыцца той, каго кудысьці абралі і які некага прадстаўляе. У Беларусі з таго часу, як БНФ ня трапіў у Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня, незалежныя мэдыя мусілі лічыцца з тым, што ёсьць апазыцыя, якая не прадстаўленая ў парлямэнце, але мае пэўны давер грамадзтва. І вулічныя дэманстрацыі, і вынікі сацыялягічных апытаньняў паказвалі, што за гэтымі людзьмі нешта стаіць.

    У 2020 годзе мы бачылі вельмі масавыя пратэсты, і мы маглі ацаніць патэнцыял тых людзей, якія заклікалі выходзіць на пратэсты. Аднак адзначу, што Сьвятлана Ціханоўская казала, што ганарыцца пратэстоўцамі, але напачатку не заклікала да пратэстаў. І для мэдыя ўзьнікала пытаньне: хто ж арганізатар пратэстаў? У выніку ў нас атрымлівалася, што пратэстамі кіруе Сьцяпан Сьвятлоў (aka NEXTA). Падобнае клішэ было ў 2011 годзе пра рэвалюцыю ў Эгіпце, што гэта была твітэр-рэвалюцыя. У Беларусі нібыта адбылася тэлеграм-рэвалюцыя. Я мяркую, што гэта спрашчэньне і наконт Эгіпту-2011, і наконт Беларусі-2020.

    А потым былі спробы розных палітычных сілаў прыцягнуць да сябе ўвагу. У некаторых, як у офісу Ціханоўскай, яны былі больш пасьпяховымі, у іншых — менш пасьпяховымі. Але гэта натуральны працэс.

    Чытайце яшчэ:

    Фотограф Евгений Отцецкий презентовал мультимедийный проект про Площадь перемен

    Вольга Карач хоча прыцягнуць да адказнасці за паклёп Ігара Макара і рэдакцыю газеты «Наша Ніва»

    Часть денег от «Яндекс.Такси» и Uber теперь будут забирать на госСМИ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці