• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дыскрымінацыя беларускай мовы: даследаванне Аліны Нагорнай даступна ў чатырох моўных версіях

    Аўтарка кнігі «Мова 404» Аліна Нагорная прадставіла вынікі даследавання «Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі» на рускай і англійскай мовах. Раней гэтыя вынікі былі апублікаваныя па беларуску, ёсць таксама версія на нямецкай мове. Рэсурс «Мова Гомель» прапануе прыглядзецца да некаторых лічбаў і фактаў.

    Падчас даследавання былі апытаныя 482 чалавека ва ўзросце ад 15 да 72 год, якія карыстаюцца беларускай мовай у Беларусі. У фокусе апытання была даступнасць адукацыі, інфармацыі і абслугоўвання на беларускай мове. Даследаванне ўключае не толькі статыстыку, але кароткія расповеды людзей з іх асабістага досведу.

    Напэўна, кожны з нас ведае, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь вызначае дзяржаўнымі мовамі дзве мовы: беларускую і рускую. Праўда, быў кароткі перыяд з 1990 па 1995 гады, калі беларуская мова была адзінай дзяржаўнай. І калі з аднаго боку заканадаўства надае роўны статус беларускай і рускай мовам, на практыцы мы маем збольшага рускамоўнае асяроддзе ва ўсіх сферах, у тым ліку ў адукацыі, у крамах, у дзяржаўных установах і так далей.

    – Па-беларуску немагчыма атрымаць адукацыю, аформіць картку ў банку, запісацца да лекара, скласці дамову, набыць прадукты, прачытаць важную тэхнічную інфармацыю. Калі ў звычайнай побытавай сітуацыі чалавек звяртаецца на беларускай мове да прадаўца ў краме, менеджара ў банку, служачага ў дзяржаўнай арганізацыі ці проста да мінака, у большасці выпадкаў суразмоўца перадусім адрэагуе не на змест сказанага, а на факт ужывання беларускай мовы. Рэакцыя можа быць як пазітыўная, так і негатыўная, – піша Аліна Нагорная ва ўступным слове.

     Сярод анкетаваных 77,8% адказалі, што сутыкаюцца з перашкодамі пры выкарыстанні беларускай мовы!

    АДУКАЦЫЯ І БЕЛАРУСКАЯ МОВА

    Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў. Аднак мову вызначае заснавальнік установы з улікам меркавання бацькоў, што і так не дае гарантыі таго, што, да прыкладу, у школе будзе беларускамоўны клас, бо ўсё ў канчатковым выніку залежыць ад рашэння мясцовых уладаў. Удзельнікі даследавання ў пераважнай большасці (95%) хацелі б, каб іх дзеці атрымлівалі адукацыю на беларускай мове.

    Вельмі красамоўнай выглядае статыстыка па розных установах адукацыі. Так, калі казаць пра дашкольныя дзіцячыя ўстановы, то калі ў 1987–1988 навучальным годзе па-беларуску ў садках выхоўваліся 19,3% дзетак, то па дадзеных на 2020–2021 ужо толькі 9%.

    Калі глянуць на школьнае навучанне, то ў сярэднім кожны год колькасць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску, скарачаецца на 1%. Пры гэтым пікавым быў 1998–1999 навучальны год, калі па-беларуску ў школах навучаліся 30,5 працэнтаў дзяцей. Па стане на 2020–2021 год ужо толькі 10,2 працэнта.

    У вышэйшай адукацыі зусім усё кепска:

    2005–2006 – 1,9% студэнтаў навучаліся па-беларуску;

    2020–2021 – 0,08%.

    ІНФАРМАЦЫЯ І БЕЛАРУСКАЯ МОВА

    У гэтым раздзеле даследавання гаворыцца аб прысутнасці беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі, інтэрнэце, на ўказальніках і шыльдах, у крамах на этыкетках тавараў, транспарце і так далей, а нават у меню.

    Расповед адной з удзельніц даследавання Таццяны:

    – Мы шпацыравалі ўздоўж вадасховішча Дразды і зайшлі выпіць кавы. Я папрасіла кавы і мне прынеслі “Каву” – іспанскае ігрыстае віно.

    Гэты прыклад, што праўда, выклікае сумную ўсмешку, аднак сведчыць пра тое, што ў крамах, кавярнях, аптэках і так далей беларускую мову не заўсёды разумеюць, хоць, можа часта і робяць выгляд, што не разумеюць, маўляў “разговаривайте на нормальном языке”. Пра магчымасць атрымаць інфармацыю пра тавар у крамах і аптэках на беларускай мове адказалі станоўча толькі 4,4% апытаных.

    Аліна Нагорная прыводзіць яшчэ такі прыклад: у 2011 годзе ўсяго на каналах нацыянальнага тэлебачання перадачы вяліся па-беларуску 626 гадзін (4% эфіру), па-руску – 14 882 гадзін (96% эфіру). На дадзены момант у Беларусі не існуе ніводнага цалкам беларускамоўнага тэлеканала!

    Удзельнік даследавання Сяргей:

    – Аднойчы, ідучы на чыгунку, вырашыў, што буду гаварыць па-беларуску пры замове квіткоў. Было гэта ў маім родным Мазыры, на чыгуначнай станцыі “Козенкі”. Прыйшоў ды й кажу, што хачу купіць квіткі. Спачатку жанчына спрабавала нават адказваць мне на беларускай, але потым чамусьці вырашыла, што я паляк і пачала адказваць на англійскай. Было вельмі смешна, але разам з тым і крыўдна.

    Застаецца дадаць, што паводле афіцыйнай статыстыкі, літаратура на беларускай мове займае 11,4% у агульнай колькасці адзінак выдавецкай прадукцыі і 17,1% у яе сукупным накладзе.

    АБСЛУГОЎВАННЕ ВА ЎСТАНОВАХ І БЕЛАРУСКАЯ МОВА

    Лякарні, кавярні, банкі, цырульні, крамы, дзяржаўныя ўстановы… Беларускай мовы ў абслугоўванні катастрафічна не хапае.

    Распавядае ўдзельнік даследавання Андрэй:

    – Калі я атрымліваў пашпарт, захацеў, каб уся інфармацыя і пазнакі ў ім былі па-беларуску. Але мне не хацелі запісваць па-беларуску прапіску. Хвілін, напэўна, дзесяць мы там змагаліся. Яны казалі, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы і я не магу выбіраць, на якой мове мне пазнакі рабіць, бо “мы ўсім пішам па-руску”. Там быў дзіўны аргумент: “Мы не можам запісаць па-беларуску, бо рускія нашы браты”. Гэтую спрэчку скончылі таксама даволі парадаксальна, я сказаў: “У маёй жонкі брат жыве ў Германіі, давайце пісаць па-нямецку”. У выніку яны напісалі па-беларуску.

    Дарэчы, заканадаўства ўстанаўлівае, што дзяржаўныя служачыя павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў памеры, неабходным для выканання іх працоўных абавязкаў. “Разам з тым, сыходзячы з сённяшняй практыкі ў Беларусі, работнікі органаў дзяржаўнага кіравання і дзяржаўных арганізацый лічаць, што кожны, хто да іх звяртаецца, абавязаны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы”, – піша Аліна Нагорная.

    Пазнаёміцца поўнасцю з даследаваннем “Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі” можна тут.

    Раней Аліна Нагорная напісала кнігу “Мова 404”, у якую ўвайшлі каля сотні гісторый пра моўную дыскрымінацыю. Гэтая кніга была агучаная беларусамі і беларускамі, таму яе можна паслухаць.

    Таксама Аліна Нагорная з’яўляецца аўтаркай дапаможніка “Абаронім мову”, які яна выпусціла разам з юрыстам, моўным актывістам Ігарам Случакам.

    P.S.: Беларуская мова ўключана ЮНЕСКА ў спіс моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (статус: vul­ner­a­ble, “уразлівы”).

    Чытайце яшчэ:

    У глыбоцкай кватэры журналіста Змітра Лупача сілавікі правялі ператрус

    Доклад БАЖ: Беларусь 2022–2023. Права человека. Гражданское общество. Медиа

    «Спойлер: все плохо». Правозащитники рассказали, как Беларусь сдает международный «экзамен» по правам человека

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці