• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Асуджаны за рэпост у «ВКонтакте»: Я чатыры гадзіны гартаў сваю стужку, каб знайсці той допіс

    За рэпосты ў сацсетках асуджаны чарговы гарадзенец. Пра гэта паведамляў раней інфармацыйны рэсурс hrodna.life. Ягонае імя і прозвішча, а таксама некаторыя важныя дэталі судовага працэсу не раскрываліся. Мы вырашылі высветліць усе падрабязнасці гэтай справы. Абвінавачаным за перапосты аказаўся гродзенец Уладзімір Глазкоў.

    Фота: © Shutterstock

    Уладзімір распавёў, што напрыканцы лістапада яму патэлефанаваў палкоўнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС і паведаміў, што ў дачыненні да яго будзе распачаты адміністрацыйны працэс.

    Падставай стала тое, што ў ягоным акаўнце “ВКонтакте” знайшлі выявы з вядомай абрэвіятурай футбольных ультрас, адна з расшыфровак якой можа мець негатыўнае вызначэнне супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Характэрна, што рэпосты гэтай абрэвіятуры Глазкоў зрабіў яшчэ на пачатку 2016 года — за два з паловай гады да прызнання яе экстрэмісцкай паводле рашэння суда Аршанскага раёна і г. Ворша 30 жніўня 2018 года.

    Пасля супрацоўнік ГУБАЗіК прыехаў да Уладзіміра Глазкова на працу і ўзяў у яго тлумачэнні.

    14 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы за перапосты ў сацсетцы. Суддзя Руслан Хіхол прызнаў Уладзіміра Глазкова вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі і пакараў штрафам у памеры 15 базавых велічыняў (367,5 рублёў) паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП РБ.

    Ч. 2 арт. 17.11 КаАП РБ: Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.

    Уладзімір Глазкоў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” паведаміў пра сваю справу дадатковыя важныя звесткі:

    “Каб выдаліць канкрэтна гэтыя рэпосты з пачатку 2016 года мне давялося пракручваць сваю сцяну ў сацсетцы “VK” без перапынку цягам 4 (!) гадзін. Як сказаў мне палкоўнік ГУБАЗіКа, ёсць асобныя супрацоўнікі, якія займаюцца старонкамі ў сацсетках, і судовых працэсаў зараз мноства, але не ўсе яны набываюць розгалас. Таксама ён паведаміў, што досыць часта падобная абрэвіятура сустракаецца ў акаўнтах футбольных фанатаў, і іх штрафуюць за гэта на 10–12 базавых велічыняў. Лічу, што гэта яшчэ адзін спосаб для папаўнення бюджэту. На гэты момант я пакуль разглядаю магчымасць абскардзіць гэты прысуд, аднак, на маю думку, гэта наўрад ці нешта зменіць”.

    Гэта чацвёрты вядомы судовы працэс у Гродне за рэпост у сацыяльных сетках. Раней паводле гэтага ж артыкула КаАП ужо былі пакараныя: лідар беларускага гурта “Dzieciu­ki”, сябра ГА “БАЖ” Аляксандр Дзянісаў, жыхар Івацэвічаў Уладзіслаў Серада і гродзенец Аляксандр Горбач. Усе яны спрабавалі абскардзіць рашэнні першай судовай інстанцыі ў Гродзенскім абласным судзе, аднак пастановы раённых судоў былі пакінутыя без змен (1, 2, 3).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці