• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Гродне суд адмовіў правесці экспертызу відэа на прадмет экстрэмізму

    У Гродзенскім абласным судзе 27 лістапада адбыўся разгляд скаргі лідара гурта Dzieciuki і аператара тэлеканала “Белсат” – Алеся Дзянісава. Суддзя Мікалай Рачынскі не задаволіў хадайніцтва аб правядзенні экспертызы відэа на прадмет экстрэмізму, рашэнне суда першай інстанцыі пакінуў без зменаў.

    Алесь Дзянісаў аспрэчваў пастанову суда Кастрычніцкага раёна Гродна, паводле якой ён быў прызнаны вінаватым у распаўсюдзе інфармацыі, унесенай у рэспубліканскі спіс эскстрэмісцкіх матэрыялаў (ч.2 арт. 17.11 КаАП РБ).

    Падтрымаць вядомага гарадзенскага музыку прыйшлі ягоныя калегі па журналісцкаму цэху і грамадскія актывісты Гродна. З рашэннем Гродзенскага абласнога суда Алесь Дзянісаў катэгарычна не згодны і будзе падаваць наглядную скаргу.

    “Мяне засудзілі за рэпост відэа, якое ніколі нікім не было прызнанае экстрэмісцкім. Рэпост быў зроблены ў сацсеціве “VK” з выкладзенага ў сакавіку 2017 года відэа ў пабліку “Революционное действие”. Сам паблік быў прызнаны экстрэмісцкім у лістападзе 2016 года, аднак відэа ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў не фігуруе. Я далучаў гэты спіс і да матэрыялаў справы, што разглядаў суд Кастрычніцкага раёна Гродна, і дадаваў яго да скаргі ў абласны суд. Там маецца канкрэтны спіс матэрыялаў, за якія сайт “Революционное действие” быў прызнаны эсктрэмісцкім. Цікавым фактам ёсць тое, што, калі на мяне быў складзены пратакол у верасні 2018 года, гэтая старонка працягвала дзейнічаць, хаця яна была прызнаная экстрэмісцкай яшчэ 22 лістапада 2016 года. Усе мае лагічныя довады суд адкінуў”, – зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Алесь Дзянісаў.

    Падставай для адміністрацыйнага пераследу сталі два рэпосты ў сацсетцы “Вконтакце” з відэа пратэстнай акцыі “недармаедаў” у Брэсце, у якой удзельнічалі анархісты. Паводле абвінавачвання, перапосты былі зробленыя яшчэ 6 сакавіка 2017 года з забароненага пабліка анархістаў. Згодна са сведчаннем Алеся Дзянісава, абодва відэа на момант разгляду справы зніклі яго старонкі, хаця ён асабіста іх не выдаляў.

    2 лістапада 2018 года суддзя Кастрычніцкага райсуда Гродна Валерый Шпак пакараў Алеся Дзянісава штрафам у памеры 25 базавых велічынь (612,5 рублёў).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці