• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Лупачу і Аршынскаму — па 10 сутак арышту. У Магілёве і Глыбокім асудзілі журналістаў

    У Магілёве і Глыбокім сёння прайшлі суды над журналістамі, затрыманымі міліцыяй 7 і 8 мая. Карэспандэнтаў вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, якія яны асвятлялі.

    11:00, Глыбокае

    Пачаўся суд над журналістам-фрылансерам Змітром Лупачам. Суддзя Дзмітрый Тарасевіч агучыў, што Змітра судзяць паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП — за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Але Зміцер Лупач заявіў хадайніцтва, каб яго судзілі адразу па двух артыкулах: таксама і  паводле артыкула 23.34 КаАП — па абвінавачанні за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

    8 траўня супрацоўнікі Глыбоцкага райаддзела міліцыі забралі Змітра Лупача ў пастарунак і склалі на яго адміністрацыйны пратакол за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Там ён выказваў сваё меркаванне пра жыццё ў краіне, а менавіта ў Глыбокім на камеру блогера.

    Потым журналіст заявіў яшчэ адно хадайніцтва, ён хацеў азнаёміцца са справай і папрасіў на гэта сем хвілін. Суддзя прызначыў перапынак на дзесяць хвілін.

    Пасля перапынку Зміцер Лупач агучыў новае хадайніцтва пра заключэнне дамовы з адвакатам з Віцебска альбо Мінска. На што суддзя Дзмітрый Тарасевіч спачатку сказаў, што ў такім выпадку суд перанясецца на сераду. Але потым аб’явіў перапынак: паведаміў, што на гэта ён журналісту дае некалькі гадзін і суд працягнецца сёння а 16.00.

    17.35 Глыбокае

    Зміцер Лупач асуджаны да 10 сутак арышту за нібыта ўдзел у масавай акцыі.
    Таксама паводле арт. 22.9 (адсутнасць акрэдытацыі) Зміцер атрымаў штраф у 45 базавых велічыняў (1 215 рублёў). 

    Падчас судовага слухання Зміцер Лупач адчуў сябе дрэнна, у яго падвысіўся ціск. Жонка журналіста выклікала хуткую дапамогу, яго адвезлі ў лякарню.

    12:30, Магілёў

    Затрыманых журналістаў прывезлі ў суды. Калі пачнуцца працэсы, пакуль невядома.

    15:50, Магілёў

    Міхаіл Аршынскі папрасіў адкласці працэс, каб яго адвакат мог прыехаць з Мінску. Хадайніцтва журналіста задаволілі, але далі на пошук адваката 30 хвілін. Такая ж гісторыя адбылася і ў працэсе над Аляксандрам Бураковым, на пошук адваката яму далі 40 хвілін.

    З’явілася інфармацыя, што журналіста Алеся Асіпцова будуць судзіць у аўторак. Праваабаронца Валадар Цурпанаў паведаміў з суда: з‑за таго, што сёння суды перагружаныя адміністрацыйнымі працэсамі над іншымі затрыманымі, журналіста Алеся Асіпцова будуць судзіць 12 мая.

     

    17:10, Магілёў

    Міхаілу Аршынскаму далі 10 сутак арышту. Гэта яшчэ не ўсё, бо заўтра журналіста чакае суд яшчэ па адной справе.

     

    17:35, Магілёў

    Рашэнне суда па Аляксандру Буракову агучаць у аўторак а 10:00. Да гэтага часу журналіста вызвалілі з‑пад варты.

    20200511111559_885888.jpeg

     

    17:35, Глыбокае

    10 сутак арышту і 45 велічыняў штрафу прысудзіў суддзя Глыбоцкага раённага суда Дзмітрый Тарасевіч журналісту з Глыбокага Змітру Лупачу. Яго судзілі 11 траўня паводле двух артыкулаў Адміністратыўнага кодэкса — ч. 2 арт.  22.9 (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) і ч. 1 арт. 23.34  (“Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў”).

    Пасля перапынку ў судзе да Змітра прыехаў адвакат. Ён знайшоў шмат хібаў у справах і папрасіў суддзю адправіць іх на дапрацоўку, але суддзя быў непахісны і агучыў свой вердыкт.

    Пасля сканчэння судовага слухання Змітра Лупача каля будынка суда чакалі міліцыянты на машыне. У іх на руках ужо была завераная пастанова суда, хоць сам Зміцер яе пакуль так і не атрымаў.

    Журналісту стала дрэнна ў будынку суда, жонка памерала яму ціск — ён  быў высокі, тады яна выклікала хуткую. Фельчар хуткай дапамогі  пацвердзіла, што ў Змітра гіпертанічны крыз. Журналіста адвезлі ў Глыбоцкую раённую бальніцу. Карэту хуткай дапамогі суправаджаў міліцэйскі аўтамабіль.

    Паводле слоў жонкі Змітра Лупача, пасля прыбыцця ў лякарню яго паклалі ў рэанімацыю.

     

    Журналіст Алесь Асіпцоў — у магілёўскім ізалятары. Заўтра суд

    Затрыманы да суда журналіст з Магілёва Аляксандр Буракоў ВІДЭА

    Журналіста-фрылансера Змітра Лупача забралі ў пастарунак да суда 11 траўня

    Журналіста Міхаіла Аршынскага спачатку адпусцілі з суда, а пасля зноў затрымалі і адвезлі ў ІЧУ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці