БАЖаўцы на фестывалі VOICES у Заграбе раскажуць пра калег у турмах і незалежныя беларускія медыя
Таксама на фестывалі пройдзе паказ фільма Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», асновай для сюжэту якога стала гісторыя беларускіх журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, якія за сваю працу былі асуджаныя да турмы.

Фота: voicesfestival.eu/gallery
VOICES — міжнародны журналісцкі фестываль, дзе штогод медыйшчыкі з розных краін Еўропы абмяркоўваюць глабальныя і рэгіянальныя выклікі для медыяў, дзеляцца паспяховымі практыкамі.
Сёлета ў фестывалі возьмуць удзел прадстаўнікі і прадстаўніцы Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускага медыясектара.
— У няпростыя часы для беларускіх СМІ нам асабліва важна казаць сёння пра Беларусь, поспехі медыяў, выклікі і досвед на міжнародным узроўні. Мы збіраемся расказаць удзельнікам фестывалю пра нашу еўрапейскую краіну, працу нашых рэдакцый у выгнанні, і абавязкова — пра калег за кратамі, — кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Адмысловай часткай праграмы фестывалю стане паказ фільма беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч «Пад шэрым небам».
— Цяпер у Мінску судзяць Ігара Ільяша. Каця Андрэева надалей за кратамі. Пры ўсёй інтэнсіўнасці падзеяў на міжнароднай арэне мы мусім трымацца ў павестцы і не дазволіць свету забыць пра беларускіх вязняў сумлення, — кажа рэжысёрка фільма Мара Тамковіч, якая таксама выступіць перад калегамі ў Заграбе.
«Мы не шкадуем, што гэтае кіно з’явілася». Ігар Ільяш — пра ўражанні ад фільму пра Кацярыну Андрэеву
Адметна, што арганізатары фестывалю сумесна з уладамі Харватыі прадпрынялі дадатковыя меры бяспекі прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускіх медыя ў выгнанні. Арганізатарам імпрэзы з’яўляецца Еўрапейская федэрацыя журналістаў.
