• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прадстаўнік «Еўрарадыё»: Пальцы Маркава да нас не дацягнуцца

    Досвед блакіроўкі «варожых» акаўнтаў у Tik­Tok тэарэтычна можна маштабаваць на многія іншыя каналы, але не бясконца і не на тысячы рэсурсаў.

    ЦікТок

    Выява Еўрарадыё, згенерыраваная пры дапамозе ШІ

    Блакаванне Tik­Tok-каналаў Паўла Латушкі і Святланы Ціханоўскай у Беларусі выклікала занепакоенасць беларускіх медыяў: прэцэндэнт можа пацягнуць за сабой ланцуговую рэакцыю. Незалежныя медыі бачаць праблему і рыхтуюцца да магчымых наступстваў – пра гэта БАЖ расказалі медыйшчыкі і эксперты.

    Да абмеркавання праблемы далучыўся і прадстаўнік «Еўрарадыё», які выказаў свой пункт гледжання на гэтую сітуацыю.

    «Гэта адбылося цяпер, бо толькі зараз улады «даціснулі» Tik­Tok. Верагодна, выкарыстоўвалі аргументы кшталту «гэта тэрарысты з нашых спісаў тэрарыстаў, завочна атрымалі шмат гадоў і г.д.». Такі досвед можна тэарэтычна маштабаваць на шмат іншых каналаў, але не бясконца і не на тысячы рэсурсаў.

    Па-першае, медыясектар можа, павінен і будзе адвакаваць перад заходнімі краінамі неабходнасць падымаць гэтае пытанне з Tik­Tok. Гэтая праца нават ужо ідзе. Advo­ca­cy часам працуе, і я ў гэтым выпадку асцярожны аптыміст.

    Па-другое, многія з нас, і гэта сакрэт Палішынэля, маюць акаўнты, якія не называюцца нашымі брэндамі. Так, яны часам могуць трапляць у спісы «экстрэмістаў», але незалежныя медыі тут таксама працуюць як гідра і ствараюць усё новыя і новыя каналы. Наўрад ці Tik­Tok па запытах Мінінфарма тысячамі будзе блакаваць акаўнты. А нам галоўнае не брэнды свяціць (хаця і гэта важна), а даносіць праўду і нашыя каштоўнасці.

    Ці змогуць улады зрабіць гэта з іншымі платформамі? Ну, яны дагэтуль не ўсё выдалілі нават з расійскіх платформ (хе-хе). МЕТА відавочна адфудболіць, а калі і не — за некалькі дзён пытанне зможам вырашыць. Карацей, пальцы Маркава да нас не дацягнуцца, як бы ён ні стараўся.

    Tik­Tok сёння — галоўная платформа ў Беларусі: яго аўдыторыя маладзейшыя, чым на YouTube. І нам трэба канцэнтравацца на ёй, каб не страціць пакаленне ці нават два. Там даўно ўжо сядзяць не падлеткі, а людзі ўсіх узростаў. Так што Tik­Tok — не будучыня, гэта ўжо сёння. Нават больш важная платформа, чым пяць гадоў таму быў Тэлеграм.

    Давайце так: блакіроўка акаўнтаў Ціханоўскай і Латушкі для нас наступстваў не нясе — яны палітыкі, не медыя. Адзінае — непрыемны «званочак». Але тут ёсць плюс: мы пачалі варушыцца і займацца рызыка-менеджментам, загадзя спрабуем вырашыць праблему, якой яшчэ няма, і зрабіць усё, каб яе не адбылося.

    На мой погляд, мы дадзім рады».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці