Meta просяць дадаць беларускую мову ў Instagram і Threads – ідзе збор подпісаў
На платформе change.org з’явілася петыцыя з просьбаю да кампаніі Meta дадаць беларускую мову ў Instagram і Threads. Яе аўтар, карыстальнік Захар Яноўскі, звярнуўся да кампаніі ад імя беларусаў. Цяпер ідзе збор подпісаў ахвочых падтрымаць ініцыятыву.

Праграмы для перапіскі на смартфоне. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
«Мы, народ Рэспублікі Беларусь, просім кампанію Meta дадаць беларускую мову ў Instagram і Threads, для нас гэта вельмі важна. Для англамоўных людзей словы Belarusian і Russian гучаць вельмі падобна, але насамрэч яны апісваюць абсалютна розныя рэчы», – гаворыцца ў петыцыі.
Аўтар падкрэслівае, што Instagram «існуе ўжо 15 гадоў, у ім прэзентаваная вялікая колькасць моваў, а беларусы ўсё так жа вымушаныя карыстацца чужымі мовамі».
Захар Яноўскі адзначыў, што гатовы арганізаваць для кампаніі Meta каманду прафесійных перакладчыкаў і мовазнаўцаў-валанцёраў для перакладу прадуктаў Meta на беларускую мову і падтрымання беларускай версіі сэрвісаў у будучыні.
У каментарах да петыцыі людзі падтрымліваюць аўтара. Адна з карыстальніц адзначыла, што адчувае дыскрымінацыю, калі не бачыць беларускай мовы ў прадуктах Meta.
«Калі мы ведаем шмат моваў, гэта не значыць, што мы не хочам выкарыстоўваць беларускую ў Threads і Instagram», – адзначыла яна.
Пакуль Meta дазваляе выбраць беларускую мову толькі ў Facebook Messenger.
@bajmedia