• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выйшаў з‑за кратаў журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў

    Пасля перамоў паміж спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам і беларускімі ўладамі,што адбыліся 16 верасня 2026 года, стала вядома пра вызваленне 25 палітвязняў. Сярод іх на здымку, апублікаваным спадаром Коўлам у сацсетцы Х, — журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў.

    Андрэй Аляксандраў. Фота: Вольга Хвоін

    Беларускі журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў быў затрыманы разам са сваёй дзяўчынай Ірынай Злобінай 12 студзеня 2021 года.

    Праз тры дні, 15 студзеня 2021 года, у афіцыйным паведамленні намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Казакевіч заявіў, што Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя «па падазрэнні ў фінансаванні пратэснай дзейнасці». Маўляў, яны са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у пратэстах у Мінску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і кампенсаваннем сродкаў на ўтрыманне ў ЦІП і ІЧУ.

    Паводле паведамлення МУС, Андрэй Аляксандраў ад 22 жніўня па 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў. Спісы і грошы на аплату штрафаў Аляксандраву перадаваў фонд BY_help.

    30 чэрвеня 2021 года Андрэю Аляксандраву выставілі новае абвінавачанне — паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса РБ («Здрада дзяржаве»). 27 жніўня Следчы камітэт паведаміў, што распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні да Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыны Леўшынай, «а таксама іншых асоб».

    4 красавіка 2022 года стала вядома, што крымінальную справу ў дачыненні да Андрэя Аляксандрава, Ірыны Злобінай, Дзмітрыя Наважылава і Ірыны Леўшынай накіравалі ў суд.

    У выніку Аляксандрава судзілі ў межах «справы БелаПАН» паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

    • арт. 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»,
    • арт. 243 — «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў»,
    • арт. 361–1 — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»,
    • арт. 356 — «Здрада дзяржаве».

    Падчас знаходжання ў СІЗА № 1 Андрэй і ягоная дзяўчына Ірына Злобіна ўзялі шлюб.

    Ірына Злобіна і Андрэй Аляксандраў 16 верасня 2026 года. Фота: Спецпасланніца МЗС Літвы па сувязях з дэмакратычнай Беларуссю Аста Андрыяўскене апублікавала на сваёй старонцы ў Face­book першыя фота палітвязняў з мяжы

    6 кастрычніка 2022 года суддзя Вячаслаў Тулейка агучыў прысуды па «справе БелаПАН». Аляксандрава пакаралі 14 гадамі пазбаўлення волі з адбыццём ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама яму прызначылі штраф памерам 1000 базавых велічынь (на той момант — 32 тысячы рублёў) і забаранілі займаць шэраг пасад на працягу пяці гадоў.

    Напрыканцы кастрычніка 2022 года Андрэя перавялі з СІЗА‑1 у віцебскі СІЗА‑2.

    6 студзеня 2023 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу фігурантаў «справы БелаПАН». Прысуды пакінулі ў сіле, нязначна змянілі толькі некаторыя фармулёўкі.

    20 студзеня 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў РБ унесла Андрэя Аляксандрава ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

    У канцы студзеня 2023 года палітзняволенага журналіста этапавалі ў наваполацкую папраўчую калонію № 1.

    Як пісаў сваякам медыяменеджар, за кратамі ён схуднеў на 40 кілаграмаў, мусіў працаваць у цэху дрэваапрацоўкі — збіраць паддоны. Імкнуўся падтрымліваць добрую фізічную форму, займаўся спортам. Таксама намагаўся шмат чытаць і пісаў вершы.

    Гайд для журналістаў: як этычна і бяспечна пісаць пра вызваленых палітвязняў

    Напрыканцы 2021 года палітвязень стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай Радыё «Свабода» і Беларускім ПЭНам. Гэта адмысловая прэмія за творы, якія грунтуюцца на асабістым аўтарскім турэмным досведзе, Андрэй атрымаў яе за верш «Краты — толькі хэштэг».

    Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 годзе ў расійскім Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца, але з дзяцінства жыў у Паставах. Пасля школы скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

    Журналісцкую кар’еру пачаў у Наваполацку, у незалежнай гарадской газеце «Хімік». У 2009–2012 гадах быў намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Атрымаў ступень магістра медыяменеджменту ў Вэстмінстэрскім універсітэце ў Лондане, супрацоўнічаў з міжнароднымі арганізацыямі Index on Cen­sor­ship і Arti­cle 19. Але ў выніку вярнуўся ў Беларусь, цягам 2015–2018 гадоў працаваў намеснікам дырэктара агенцтва БелаПАН. Затым перайшоў працаваць па дамове медыякансультантам.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.