• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    YouTube выдаліў каналы беларускіх дзяржаўных медыяў — у адказ яны пагражаюць прызнаннем пляцоўкі «экстрэмісцкай»

    Увечары 3 красавіка беларускія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што відэахостынг YouTube выдаліў іх каналы, а менавіта — БелТА, СТБ і АНТ.

    Да прыкладу, замест праграмы Рамана Пратасевіча, у якой ён яшчэ 2 красавіка пагражаў расправай незалежным беларускім журналістам, паўстала шэрая плашка з клічнікам і надпісам «відэа недаступна». Гэтай праграмы больш няма на YouTube, як і шматлікіх іншых.

    Тэлеканал АНТ растлумачыў, што блакаванне — «гэта не проста абмежаванне доступу, а поўнае фізічнае выдаленне з сервераў вялізных архіваў навінавых выпускаў, аналітычных праграмаў і дакументальных цыклаў, якія назапашваліся гадамі».

    Праўладныя СМІ ў сваіх допісах прыгразілі відэаплатформе «экстрэмісцкім» статусам.

    «Выглядае, што YouTube зрабіў апошнія крокі да прызнання экстрэмісцкай пляцоўкай і поўнага блакавання ў Беларусі», — такі допіс выпусціў Першы інфармацыйны канал.

    Пракаментаваў блакаванне і Мінінфарм: «Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь негатыўна ацэньвае гэты несяброўскі і беспадстаўны крок і пакідае за сабой права на прыняцце неабходных мер рэагавання».

    БелТА напісала, што каналы былі выдаленыя праз санкцыі, аднак зазначыла, што само агенцтва не знаходзіцца ў нейкім санкцыйным спісе.

    Пра выдаленне праз санкцыі напісаў таксама канал СТВ і таксама абурыўся, падкрэсліўшы, ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» і кіраўніцтва кампаніі не знаходзіцца пад нейкімі санкцыйнымі абмежаваннямі.

    Старшыня кіраўніцтва праўладнага Беларускага саюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў паабяцаў, што арганізацыя будзе скардзіцца ва ўсе міжнародныя інстанцыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.