• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Анджэю Пачобуту — 53. Палітзняволены журналіст застаецца ў турме

    Пяты дзень народзінаў запар журналіст Анджэй Пачобут сустракае за кратамі. На тле частага згадвання ягонага імя ў прэсе беларускімі праваабаронцамі і польскімі дыпламатамі, дзеяч незалежнага Звязу палякаў застаецца сярод палітычных зняволеных рэжыму Лукашэнкі.

    Анджэй Пачобут

    Анджэй Пачобут. Калаж: Радыё Свабода

    Усе гэтыя гады, а Пачобут у турме з 25 сакавіка 2021 году, ня раз было чуваць пра «намаганьні вызваліць» яго ў часе кіраваньня партыі «Права і справядлівасьць». Тады Міністэрства замежных спраў падкрэсьлівала, што намаганьні працягваюцца. Палякі таксама ня раз чулі, што дзяржава «вельмі блізкая да фінішу» ў забесьпячэньні вызваленьня Анджэя. Былі нават здагадкі, што прэзыдэнт Анджэй Дуда падымаў гэтае пытаньне падчас свайго візыту ў Кітай.

    З таго часу прайшло нямала, у Польшчы ўжо зьмяніўся ўрад, а затым прэзыдэнт. У Беларусі выпусьцілі з турмаў дзясяткі палітзьняволеных, праўда, многіх прымусова вывезьлі за мяжу. Новыя польскія ўрадоўцы таксама часта гавораць пра пошук шляхоў вызваленьня журналіста зь беларускай турмы. А Пачобут так і застаецца там.

    У сакавіку 2026 году галоўны дарадца кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў камэнтары Rzecz­pospoli­ta сказаў, што Анджэй Пачобут стаў для рэжыму Лукашэнкі важнейшым за іншых вядомых палітвязьняў — Віктара Бабарыку, Марыю Калесьнікаву, Сяргея Ціханоўскага. Вячорка запэўніў выданьне, што пытаньне вызваленьня Пачобута падымаецца «ўва ўсіх магчымых размовах».

    Таксама ён адзначыў, што Ціханоўская размаўляла на гэтую тэму з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам у Брусэлі. У Офісе Ціханоўскай ня ведаюць, чаму Пачобута ня вызвалілі тады, калі Лукашэнка пасьля перамоваў з дарадцам Трампа Джонам Коўлам выпусьціў з турмаў 250 палітычных зьняволеных. Журналіст застаецца ў Наваполацкай калёніі, адной з найбольш суворых у Беларусі.

    Некалькі не зьвязаных паміж сабою крыніц пацьвердзілі рэдакцыі Rzecz­pospoli­ta, што імя Пачобута фігуравала ў сьпісах палітвязьняў, вызваленьня якіх патрабавалі амэрыканцы.

    У Страсбургу прайшла цырымонія ўганаравання Анджэя Пачобута прэміяй імя Сахарава

    Тым часам зьняволеньне Пачобута паўплывала на яшчэ большае пагаршэньне беларуска-польскіх дачыненьняў. Нават ня кажучы пра дыпляматычную напругу на лініі Беларусь-Эўразьвяз, непасрэдна беларуска-польскія адносіны перажываюць глыбокі крызіс.

    Урад «Грамадзянскай кааліцыі» раней адкрыў памежныя пераходы зь Беларусьсю ў Кузьніцы і Баброўніках. Апошні быў закрыты ў 2023 годзе тагачасным кіраўніком Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Марыюшам Камінскім акурат у адказ на прысуд Пачобуту. 8 лютага таго году Анджэя асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулаў аб «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы РБ» (361 КК) і аб «распальваньні варожасьці» (арт. 130 КК. Праваабарончая супольнасьць лічыць Анджэя Пачобута палітычным вязьнем.

    Рашэньне аднавіць рух (у тым ліку грузавы) на гэтых участках мяжы было прынята, сярод іншага, з улікам вызваленьня паляка.

    У польскім МЗС пастаянна запэўніваюць, што намаганьні вызваліць Пачобута працягваюцца няспынна.

    Інфарматар, зьвязаны з рэжымам Лукашэнкі, пацьвярджаў у размове з Rzecz­pospoli­ta, што Менск разьлічвае на афіцыйны візыт прадстаўніка Варшавы. На ягоную думку, Менск недвухсэнсоўна намякаў, што вызваленьне дзеяча польскай меншасьці будзе залежаць ад «палітычнага дыялёгу».

    Станіслаў Пачобут: Анджэй не можа здрадзіць сваім ідэалам, хаця кошт гэтага вельмі высокі

    Паводле былых палітвязьняў, якія адбывалі пакараньне ў Наваполацкай калёніі і летась зь яе вызваліліся, Анджэя Пачобута трымаюць у памяшканьні камэрнага тыпу. У выніку ён ня можа кантактаваць зь іншымі зьняволенымі ў атрадах ці на вытворчасьці.

    У верасьні 2025 году сустрэцца з Пачобутам дазволілі былой кіраўніцы ліквідаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс. Пасьля сустрэчы, якая цягнулася ня больш за гадзіну, Борыс расказала, што да гэтага Анджэй правёў тыдзень у шпіталі.

    «Ён сказаў, што важыць 73 кіляграмы, у яго праблемы зь ціскам і зрокам. У шпіталі атрымліваў неабходныя лекі, але турма — гэта не санаторый. Ён не скардзіцца, але я перажываю за яго», — распавяла тады Анжаліка Борыс. Паводле яе, Пачобут папрасіў перадаць родным, каб за яго не турбаваліся.

    У сьнежні мінулага году Эўрапарлямэнт узнагародзіў Анджэя Пачобута прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

    11 лістапада 2025 году польскі прэзыдэнт Караль Наўроцкі ўганараваў Анджэя Пачобута найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы — ордэнам Белага Арла.

    Хто такі Анджэй Пачобут

    • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
    • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей.
    • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niem­na («Голас з‑над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Mag­a­zyn Pol­s­ki na uchodźst­wie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gaze­ta Wybor­cza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
    • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
    • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
    • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
    • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
    • У 2023‑м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.