Савет Пулітцэраўскай прэміі абвясціў лаўрэатаў 2026 года
У Злучаных Штатах былі абвешчаныя лаўрэаты Пулітцэраўскай прэміі 2026 года. Пра гэта паведамляецца на сайце прэміі.

Сярод пераможцаў у галіне журналістыкі сёлета пераважаюць матэрыялы, прысвечаныя дзейнасці адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Залаты медаль Пулітцэраўскай прэміі сёлета прысудзілі газеце The Washington Post за асвятленне рэформы федэральных агенцтваў адміністрацыі Трампа і падрабязнае адлюстраванне ўплыву скарачэнняў на людзей і наступстваў для краіны. Гэтыя матэрыялы перамаглі ў намінацыі «За служэнне грамадству».
Акрамя таго, The Washington Post атрымала прэмію ў катэгорыі «Мастацкая фатаграфія» за фотаэсэ аўтара Джахі Чыквендзіу пра маладую сям’ю, якая святкуе нараджэнне свайго першага дзіцяці, пакуль бацька павольна памірае ад раку.
Газета The New York Times перамагла ў трох катэгорыях:
- «Рэдакцыйны каментар» за серыю эсэ расійска-амерыканскай пісьменніцы і журналісткі Машы Гесэн пра ўздым аўтарытарных рэжымаў,
- «Журналісцкія расследаванні» за серыю артыкулаў, якія выкрываюць тое, як Трамп «выкарыстоўваў магчымасці для заробку, якія дае ўлада, узбагачаючы сваю сям’ю і саюзнікаў».
- «Фотарэпартажы з месца падзей» за серыю работ Сахер Алгоры пра разбурэнні і голад у Газе ў выніку вайны з Ізраілем.
Інфармацыйнае агенцтва Reuters атрымала дзве ўзнагароды:
- «Спецыялізаваныя рэпартажны» за серыю матэрыялаў пра ўнутраныя метадакументы, якія апісвалі гатоўнасць кампаніі падвяргаць карыстальнікаў махлярству і маніпуляцыям з выкарыстаннем штучнага інтэлекту
- «Нацыянальныя рэпартажы» за дакументаванне таго, як прэзідэнт Трамп выкарыстоўваў урад ЗША і ўплыў сваіх прыхільнікаў для пашырэння сваёй улады і помсты сваім палітычным ворагам.
Інфармацыйнае агенцтва Associated Press атрымала ўзнагароду у катэгорыі «Міжнародныя рэпартажы» за глабальнае расследаванне сучасных інструментаў масавага назірання, створаных у Сіліконавай даліне, удасканаленых у Кітаі і распаўсюджаных па ўсім свеце.
У катэгорыі «Мясцовыя рэпартажы» перамаглі дзве каманды:
- газета Chicago Tribune за асвятленне мілітарызаванай іміграцыйнай аперацыі адміністрацыі Трампа ў Чыкага і адзінства жыхароў ў супраціве ёй;
- выданні Connecticut Mirror і ProPublica за расследаванне нядобрасумленнай практыкі эвакуацыі аўтамабіляў.
У катэгорыі «Тэрміновыя навіны» узнагароду атрымалі супрацоўнікі газеты The Minnesota Star Tribune за асвятленне страляніны ў каталіцкай школе, у выніку якой загінулі двое дзяцей і 28 атрымалі раненні.
Прэмію ў катэгорыі «Тлумачальная журналістыка» атрымала газета San Francisco Chronicle за серыю матэрыялаў аб наступствах пажараў у Лос-Анджэлесе, у якіх паказана, як страхавыя кампаніі прыніжалі кошт маёмасці, страчанай у выніку пажараў, адмаўлялі домаўладальнікам у выплатах па страхавых выпадках.
Пулітцэра за мастацкія артыкулы атрымаў Аарон Парслі з часопіса Texas Monthly за асабісты аповед пра паводку ў Цэнтральным Тэхасе, якая разбурылі яго дом і забрала жыццё яго пляменніка.
У катэгорыі «Крытыка» пераможцам стаў Марк Ламстэр з газеты The Dallas Morning News за «строгую і гарачую» крытыку архітэктурных рашэнняў у Даласе.
Журналітсы Bloomberg перамаглі ў катэгорыі «Ілюстраваныя рэпартажы і каментарыі» з артыкулам пра нейрабіёлага з Індыі, якую трымалі пад «лічбавым арыштам» з‑за яе тэлефона, і пра глабальныя праблемы сачэння і лічбавага махлярства.
Каманда Pablo Torre Finds Out атрымалі прэмію ў катэгорыі «Аўдыярэпартаж» за прамы эфір, які расследаваў, як баскетбольная каманда «Лос-Анджэлес Кліперс» нібыта абышла правілы НБА аб абмежаванні заробкаў, пераводзячы грошы зорнаму гульцу праз экалагічны стартап.
Пулітцэраўская прэмія уручаецца штогод з 1917 года папячыцелямі Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку. Лаўрэаты атрымліваюць 15 000 долараў, а прэмія за служэнне грамадству суправаджаецца залатым медалём. Прэмія была заснавана амерыканскім журналістам і выдаўцом Джозэфам Пулітцэрам. Яна лічыцца адной з самых прэстыжных узнагарод ЗША ў галіне журналістыкі, літаратуры, музыкі і тэатра.
@bajmedia