Больш, чым выгаранне. Як захаваць чалавечы патэнцыял беларускіх незалежных СМІ
Даследаванне БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара» паказала, што сёння медыясупольнасць знаходзіцца ў стане працяглай адаптацыі да жыцця і працы па-за звыклымі ўмовамі. Сярод ключавых патрэб рэспандэнты ўказалі псіхалагічную падтрымку і стварэнне ўмоў для сацыяльнай інтэграцыі.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай ChatGPT
Без сістэмнай падтрымкі ў тым ліку ў гэтых галінах існуе рызыка далейшага пагаршэння прафесійнай дзейнасці і страты чалавечага патэнцыялу ў медыясектары.
У 2024 годзе пра псіхалагічныя праблемы паведамляла 49% рэспандэнтаў-медыйшчыкаў, у 2026 — 62,6%.
У адказах нярэдкія такія: «Страта працы, а таксама істотнае пагаршэнне фізічнага і псіхалагічнага стану на фоне працяглага стрэсу. Працяглая напружанасць і нестабільнасць негатыўна адбіліся на здароўі: з’явіліся праблемы з фізічным самаадчуваннем, а таксама прыкметнае пагаршэнне псіхалагічнага стану. У выніку на маіх родных таксама легла дадатковая, фактычна падвойная нагрузка — як эмацыйная, так і практычная. Ім даводзіцца падтрымліваць мяне ў складанай сітуацыі, адначасова вырашаючы ўласныя жыццёвыя і побытавыя пытанні».
Асобна вылучаецца блок псіхалагічных і нагрузачных праблем. Гэта перагрузка, выгаранне, стрэс, неабходнасць працаваць у напружаных умовах (у тым ліку інфармацыйных і палітычных). Для часткі рэспандэнтаў гэта праблема набывае ўстойлівы характар, а не з’яўляецца разавым досведам.
Аналіз адказаў сведчыць пра тое, што высокая нагрузка, нестабільнасць, вымушаная міграцыя і агульны кантэкст працы прыводзяць да распаўсюджанасці стрэсу, выгарання і эмацыйнай стомленасці.
Гэтая праблема выходзіць за межы індывідуальнага досведу і набывае ўстойлівы характар у супольнасці.
Даследаванне БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара», 2026
Клінічная псіхалагіня, траўматэрапеўтка К. (спецыфіка працы суразмоўцы БАЖ прадугледжвае ананімнасць) адзначае, што сёння можна казаць пра псіхалагічны крызіс у асяроддзі беларускіх медыяспецыялістаў, якія працуюць ва ўмовах вымушанай эміграцыі і пастаяннага ціску.
Прафесійнае выгаранне часта трансфармуецца з асабістай праблемы ў сістэмную дэградацыю рабочых калектываў, назапашаная траўма вядзе да знясілення кагнітыўных рэсурсаў і росту таксічнасці ўнутры рэдакцый. Патрэбны пераход ад рэжыму выжывання да сістэмнай рэабілітацыі медыясупольнасці.
Назапашаны эфект траўмы ці новы этап крызісу?
Рост за два гады ад 49% да 62,6% рэспандэнтаў з псіхалагічнымі праблемамі сведчыць пра накладанне некалькіх працэсаў.
Па-першае, знясіленне мабілізацыйных рэсурсаў псіхікі — яны сышлі на першасную адаптацыю ў вымушанай эміграцыі, калі мы былі больш засяроджаныя на тым, каб выбудаваць сваё жыццё з нуля, чым на перапрацоўцы мінулага траўматычнага вопыту.
Па-другое, дадаецца тое, што можна назваць «парадоксам бяспекі». Калі базавая бытавая бяспека дасягнута, частка абарончых механізмаў выключаецца і можа пачацца «распакоўка» заціснутага досведу 2020–2023 гадоў у выглядзе панічных атак, афектыўных расстройстваў, неўралагічных праблем і т.п. Для перапрацоўкі ўсяго гэтага патрэбны час, сілы і знешняя падтрымка.
Пагрозы становяцца персаналізаванымі, напрыклад, спробы вярбоўкі сілавікамі, пагрозы і ціск на блізкіх, што засталіся ў Беларусі, спробы дыскрэдытацыі з боку сваёй жа эмігранцкай суполкі і таму падобнае.
Трывалы стан рэальнай, аб’ектыўнай і бесперапыннай пагрозы
На пытанне пра калектыўны хранічны стрэс беларускай медыясупольнасці псіхатэрапеўтка К. адказала, што тут цалкам прымяняльная фармулёўка Continuous Traumatic Stress (CTS), калі чалавек знаходзіцца ў сітуацыі рэальнай, аб’ектыўнай і бесперапыннай пагрозы.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gemini
Па якіх крытэрыях можна так сцвярджаць? Па тым, што называюць тэрмінам «транснацыянальныя рэпрэсіі». Гэта ціск на сваякоў і спробы вярбоўкі, якія ствараюць пастаяннае адчуванне ўразлівасці і запускаюць цэлы каскад перажыванняў: віну, недавер да калег, паралізуючую трывогу і неабходнасць рабіць няпросты маральны выбар. Верагодная самацэнзура як вынік — гэта ўжо тое, што трапляе ў катэгорыю маральнай траўмы: парушэнне прафесійнай ідэнтычнасці і каштоўнаснага ядра асобы.
Інфармацыйныя атакі, пошукі «агентаў», унутраная дыскрэдытацыя і прамыя пагрозы фізічнай расправай пазбаўляюць журналістаў адчування бяспекі ўнутры беларускай эмігранцкай супольнасці.
Гэта адзін з найбольш разбуральных фактараў: калі асяроддзе, якое павінна быць рэсурсам для саўладання (пераадолення ці спраўлення), само па сабе становіцца крыніцай пагрозы.
Хранічнае гараванне
«Многія журналісты — тут я абапіраюся на вопыт асабістых зносін і працы — на працягу некалькіх гадоў жывуць у эміграцыі з адсутнасцю доўгатэрміновых кантрактаў, залежнасцю ад грантавых цыклаў, праблемамі з легалізацыяй і інш. Гэта, вядома, іншы ўзровень пагрозы, не непасрэдная фізічная небяспека, але гэта дадатковая прычына пастаяннага знаходжання нервовай сістэмы ў рэжыме актывацыі,» — дадае псіхалагіня.
Вымушанае выгнанне, якое можа аказацца пажыццёвым, шматлікія страты дома, статусу, сацыяльных сувязяў і перспектыў без якой-небудзь яснасці адносна вяртання могуць прыводзіць у стан хранічнага гаравання.
«Спецыфіка кантэнту, якая, на мой погляд, зрушылася ў бок працэсаў, што апісваюць распад раней існуючых структур. Адбываецца не проста палітычны крызіс, а паступовая мілітарызацыя і павольная анексія Беларусі, відавочныя праблемы палітычных структур апазіцыі, рост незадаволенасці і раскол унутры эмігранцкай супольнасці і т.п. — гэта з вялікай верагоднасцю можа прыводзіць да вікарнай траўмы», — падкрэслівае экспертка.
Траўма сведкі, апісаная і даследаваная многімі спецыялістамі, — гэта менавіта пра журналістаў. Вынік такой траўматызацыі — экзістэнцыяльны крызіс, фрустрацыя і таму падобнае. Яны ўзнаўляюць і ўзмацняюць адна адну праз агульнае асяроддзе.
Псіхалагіня прыводзіць наступнае вызначэнне дыяспарнай траўмы: «перажыванне страты і пагрозы, якое цыркулюе ўнутры групы і падтрымліваецца калектыўнай памяццю, агульнымі рытуаламі трывогі і салідарнасцю ва ўразлівасці».
Беларуская журналісцкая супольнасць у эміграцыі валодае менавіта такой структурай: агульная прафесійная ідэнтычнасць, агульная крыніца пагрозы, агульнае перажыванне выгнання і немагчымасці вяртання.
Дыстанцыйная праца і жыццё ў розных краінах як фактар узмацнення непаразумення ўнутры рэдакцый
Гэта можа так працаваць і гэтаму ёсць класічнае тлумачэнне — тэорыя багацця медыя.
Траўматэрапеўтка зазначае: тэкставая камунікацыя пазбаўлена невербальных каналаў, на якія псіхіка абапіраецца для счытвання намераў суразмоўцы.
У рэсурснага, эмацыйна ўстойлівага чалавека гэты прабел запаўняецца добразычлівай інтэрпрэтацыяй па змаўчанні. У знясіленага наадварот, негатыўнай. Так, сухое паведамленне без эмодзі інтэрпрэтуецца ім як раздражненне, адсутнасць рэакцыі або паўза паміж адказамі як грэбаванне, нават кропкі ў канцы прапаноў некаторымі людзьмі счытваюцца як агрэсія.
Няўменне пісьменна выбудаваць працу каманды з улікам розніцы часавых паясоў можа прыводзіць да сістэмных праблем:
- супрацоўнікі расцягваюць свой дзень, каб сінхранізавацца з калегамі, а гэта можа размываць асабістыя межы і разбураць хранабіялогію канкрэтнага чалавека (базавы сон і адпачынак);
- высокая кагнітыўная нагрузка праз пастаянную неабходнасць пераключэння з кантэксту ў кантэкст — паўзы ў чаканні адказаў рвуць фокус увагі, шмат рэсурсаў ідзе на тое, каб па некалькі разоў на дзень нанава «загружаць» у памяць кантэкст адкладзенай задачы;
- пры адсутнасці выразна прапісаных пратаколаў камунікацыі паўзы могуць запаўняцца трывогай.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gemini
Рашэнні камунікацыйных працоўных праблем
Якія меры могуць дапамагчы знізіць трывожнасць? Экспертка пералічвае прыклады:
- на тэганне ў рабочым чаце мы адказваем на працягу 2 рабочых гадзін;
- на лісты па электроннай пошце мы адказваем на працягу 24 гадзін;
- паведамленні, адпраўленыя ў суботу, атрымліваюць першы адказ не раней за 9:00 панядзелка;
- для форс-мажораў у нас ёсць асобны канал SOS, там тэрмін адказу 15 хвілін, але пісаць туды можна толькі ў выпадках, калі сайт узламалі або хтосьці трапіў пад машыну.
У такім выпадку журналіст ведае, што ў рэдакцыі афіцыйна прыняты тэрмін адказу ў N гадзін, ён спакойна адпраўляе тэкст і ідзе спаць. Ён не сядзіць перад маніторам, абнаўляючы чат кожныя 10 хвілін і накручваючы сябе думкамі «мяне ігнаруюць» або «я напісаў жахлівы тэкст».
Акрамя таго, такі пратакол легалізуе права на адпачынак. Калі ёсць выразны рэгламент, у чалавека знікае пачуццё віны за тое, што ён не адказаў гэтую ж хвіліну.
Траўматэрапеўтка прыводзіць яшчэ адзін плюс: зніжэнне ўзаемных крыўд, бо раздражненне часта ўзнікае там, дзе сутыкаюцца розныя чаканні — рэдактар чакае адказу на працягу 5 хвілін, а аўтар прывык адказваць раз у паўдня.
Увядзенне рэгламенту сінхранізуе гэтыя чаканні і робіць камунікацыю прадказальнай.
Як распазнаць, што праблема ў рэдакцыі ўжо не арганізацыйная, а псіхалагічная
Асноўны крытэрый даволі просты: калі змена арганізацыйных інструментаў (новы таск-менеджэр, перабудаваны воркфлоу, перапісаныя рэгламенты планёрак і т.п.) не вырашае праблему, а выклікае супраціўленне, канфлікты, сабатаж, дэманстратыўны сыход.
Аднак тут важна пазбегнуць газлайтынгу, калі кіраўнікі спісваюць укараненне аб’ектыўна дрэнных інструментаў на траўмаваную каманду.
Праблему можна лічыць менавіта псіхалагічнай пры супадзенні двух фактараў:
- старыя інструменты аб’ектыўна перасталі працаваць, а новыя — функцыянальна абгрунтаваныя;
- рэакцыя каманды пазбаўлена канструктыўнай крытыкі (людзі не могуць патлумачыць, чаму новы рэгламент дрэнны тэхнічна), яна чыста эмацыйная. Гэта з найбольшай верагоднасцю прыкмета таго, што ў каманды няма рэсурсу на любую змену, у тым ліку пазітыўную, навізна сама па сабе становіцца дадатковай нагрузкай на знясіленую сістэму.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gemini
У арганізацыйнай псіхалогіі гэта называецца «стомленасць ад змен». Калі за апошнія гады каманда перажыла пераезды, змену юрыдычных асоб, страту калег і рэструктурызацыю, іх адаптацыйны рэсурс блізкі да вычарпання. Любая інавацыя ўспрымаецца як гвалт.
Акрамя таго, у людзей у сур’ёзным выгаранні падае нейрапластычнасць, а засваенне любога новага рэгламенту патрабуе працы прэфрантальнай кары і нармальнай выпрацоўкі дафаміну. Таму псіхіка маркіруе новы таск-менеджэр не як інструмент, які палегчыць жыццё праз тыдзень-другі, а як пагрозу, якая адбярэ апошнія сілы прама зараз. На гэтым этапе інавацыі павінны саступіць месца аднаўленчым і стабілізацыйным мерам.
Выгаранне — асабістая праблема ці сімптом нездаровай сістэмы працы
Існуе мадэль, якая апісвае 6 абласцей працоўнай адпаведнасці, няўзгодненасць ў якіх прыводзіць да выгарання супрацоўнікаў:
- працоўная нагрузка;
- кантроль над працэсамі;
- узнагароджанне;
- супольнасць;
- справядлівасць;
- каштоўнасці.
Траўматэрапеўтка ўпэўненая, што ў рэаліях беларускіх незалежных медыя 5 з 6 фактараў знаходзяцца ў аб’ектыўным дэфіцыце, а фактар «каштоўнасці» часта застаецца адзіным працуючым. І калі яны «перагрэтыя» (высокая місія), а астатняе ў дэфіцыце, выгаранне адбываецца хутчэй і цяжэй.
«Перакладаць адказнасць за выгаранне на супрацоўніка — гэта памылка кіраўніцтва. Самі па сабе цяжкія графікі часта прадыктаваныя пытаннямі выжывання, але нядобрасумленнасць заключаецца ў адмаўленні гэтага сістэмнага дэфіцыту», — тлумачыць суразмоўца.
Калі сістэмны збой аб’яўляецца асабістай слабасцю, гэта ператвараецца ў класічны віктымблеймінг (victim blaming): чалавеку даводзяць, што ён выгарэў, бо быццам бы ён недастаткова стойкі, забываючыся, што ў таго быў ненармаваны графік і адсутнічаў адпачынак.
«Выгаранне — гэта праблема працоўнага месца: калі гарыць адзін чалавек, мы можам дапусціць, што гэта яго асаблівасць і дапамагчы яму кропкава, але калі гарыць больш за 60% — гэта, напэўна, дэфект сістэмы», — зазначае псіхалагіня.
Што адбываецца з камандай, калі самыя моцныя і адказныя людзі доўга цягнуць усё на сабе?
Тут працуюць два паралельныя працэсы: у моцных і адказных — назапашваецца раздражненне і пачуццё несправядлівасці. Фармуецца рэсентымент «я цягну ўсё на сабе, а яны…», які не выказваецца наўпрост (таму што такое выказванне будзе супярэчыць самавобразу), а назапашвацца і ў нейкі момант прарываецца альбо дэманстратыўным сыходам альбо псіхасаматычным зрывам.
Пры гэтым такія супрацоўнікі часта самі становяцца сааўтарамі праблемы, бо з‑за комплексу выратавальніка і гіперкантролю яны не дэлегуюць задачы і не даюць іншым права на памылку.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gemini
У выніку ў астатняй каманды фармуецца вывучаная бездапаможнасць. Калі бачна, што ключавыя людзі спраўляюцца самі і перахопліваюць ініцыятыву, астатнія прывыкаюць, што іх уласны ўклад нязначны.
Раптоўны сыход такой апорнай фігуры можа абваліць усю сістэму менавіта таму, што яна была штучна завязаная на гіперкантроль аднаго чалавека, а астатняя каманда развучылася браць адказнасць на сябе.
Культура пастаяннага знясілення, калі перапрацоўкі лічацца нормай
Гэта асабліва часты патэрн для ідэалагічных прафесій і дапаможных прафесій (журналістыка, медыцына, праваабарона), дзе перапрацоўка лічыцца не памылкай менеджменту, а па сутнасці этычнай нормай.
У выніку фармуецца няяўная, а часам і наўмысна створаная іерархія па прынцыпе «хто больш ахвяруе, той больш належыць камандзе».
Гэты код перадаецца навічкам, якія бачаць, што павагу атрымліваюць за ступень знясілення і каб стаць сваім, ім трэба ўваходзіць у рэжым самаразбурэння.
«Адбываецца зліццё ідэнтычнасці — чалавек перастае аддзяляць сябе ад сваёй прафесійнай функцыі. Калі я не працую 16 гадзін у дзень, значыць, я дрэнны беларус (ка)/журналіст (ка). Або ўключаецца маральны шантаж асяроддзя — адмова працаваць на знос маркіруецца як здрада», — даводзіць экспертка.
Рацыянальная крытыка не працуе, бо аргумент «трэба аднавіць сілы» б’ецца аргументам «а палітвязні не адпачываюць», у выніку культура гераічнага выгарання становіцца няўразлівай.
Як стрэс і няпэўнасць могуць ператвараць каманды ў таксічнае асяроддзе
Псіхалагічныя рэсурсы — увага, эмпатыя, добразычлівасць, талерантнасць да нявызначанасці — не бязмежныя і не аднаўляюцца аўтаматычна.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gemini
У знясіленай каманды на эмпатычнае кантэйніраванне калегі проста няма сіл.
Кантэйніраванне — гэта здольнасць вытрымліваць эмоцыі іншага, не разбураючыся і не нападаючы ў адказ, яна патрабуе вялікіх рэсурсаў прэфрантальнай кары галаўнога мозгу.
Таксічнасць у такіх камандах можна разглядаць як крык аб дапамозе, сістэма больш не можа пераварваць той аб’ём стрэсу, які ў яе паступае, бо кожны ўдзельнік знаходзіцца ў рэжыме самаабароны, а не супрацоўніцтва.
У крызісных камандах часта расце ўзаемная раздражняльнасць, пасіўная агрэсія або пошук вінаватых
Звычайна гэта перанос агрэсіі: рэальны аб’ект, які стаў крыніцай фрустрацыі, недаступны або занадта небяспечны (рэпрэсіўны рэжым, агульны стан спраў), і назапашанае напружанне зрушваецца на даступныя аб’екты — калег, партнёраў, сяброў.
Псіхіка выбірае не таго, хто насамрэч вінаваты, а таго, на каго бяспечна выплюхнуць, і ў выніку калега, які не так адказаў або павольна працуе, становіцца легітымнай мішэнню.
Траўматэрапеўка тлумачыць: у гэтым выпадку запускаецца механізм гарызантальнай варожасці — калі калектыўная самаацэнка пад пагрозай, група шукае ўнутранага «ахвярнага казла», каб лакалізаваць нешта «дрэннае» па-за сабой і захаваць групавую ідэнтычнасць, пачынаюцца знаёмыя многім пошукі недастаткова лаяльных або няправільна працуючых. І каштоўнасці, якія раней аб’ядноўвалі каманду, пачынаюць выкарыстоўвацца для выключэння з яе.
Як адрозніць працоўны канфлікт ад наступстваў назапашанага стрэсу?
У працоўнага канфлікту ёсць прадмет спрэчкі і канкрэтнае разыходжанне меркаванняў, аргументы, прастора для кампрамісу, а пасля яго вырашэння ўдзельнікі вяртаюцца да нармальнага ўзаемадзеяння, адчуваюць палёгку і яснасць. Яго мэта — знайсці аптымальнае рашэнне.
Стрэсавы канфлікт адрозніваецца кагнітыўнай рыгіднасцю: мозг губляе здольнасць утрымліваць розныя пункты гледжання і любое іншае меркаванне ўспрымаецца як варожы напад.
Стрэсавы канфлікт часцей за ўсё выглядае так: эмацыйная рэакцыя непрапарцыйная нагодзе (напрыклад, слёзы або лютасць з‑за дробязі), цыклічнасць (адзін і той жа канфлікт паўтараецца, не вырашаючыся) і пераход на асобы — бо ва ўдзельнікаў канфлікту няма рэсурсу ўтрымліваць прадметную спрэчку, а часта і няма такой неабходнасці, бо стаіць задача скінуць псіхаэмацыйнае напружанне.
У выніку ўдзельнікі такога канфлікту застаюцца з пачуццём сораму, віны, спустошанасці або новай крыўды адзін на аднаго.
Ва ўмовах псіхічнага выжывання развіццё на нулі
Дырэктарка Інстытута сучаснай псіхатэрапіі ў Вільні, псіхатэрапеўтка Ганна Матуляк кажа, што ў гэтым даследаванні БАЖ для яе відавочны хранічны стрэс як перагрузка нервовай сістэмы.

Ганна Матуляк. Фота з асабістага архіву
Тут мы гаворым не пра нейкія разавыя эпізоды, а пра працяглую актывацыю нервовай сістэмы, што прыводзіць да звужэння акна талерантнасці. Людзі знаходзяцца альбо ў гіперактывацыі, альбо ў астэніі, знясіленні, зніжаюцца кагнітыўныя функцыі, саматызацыя ўключаецца — тое, што людзьмі апісваецца як пагаршэнне фізічнага стану. Гэта значыць, псіхіка пачынае шукаць выхады праз цела. І выгаранне тут, хутчэй за ўсё, з’яўляецца другасным траўматычным станам, гэта значыць гэта вынік траўмы, якая не была перапрацавана.
«Гэта комплекснае становішча, якое выклікана стратай сэнсу, эмацыйнай замарожанасцю. Фармуецца цынізм як спосаб абараніць сябе. І можа з’яўляцца адчуванне мяжы — усё, я больш не спраўляюся з гэтым. Вядома, гэта вельмі тыпова для прафесій, якія пастаянна кантактуюць з траўматычным матэрыялам», — тлумачыць спадарыня Ганна.
Нагрузка на сям’ю, пра якую пазначаецца ў даследаванні, сігналізуе пра тое, што чалавек ужо знаходзіцца на некаторым гранічным пункце, ён ужо не можа самарэгулявацца або яго самарэгуляванне дае збоі. Тады да гэтай рэгуляцыі падключаецца знешняе асяроддзе, і сям’я становіцца такой нібыта псіхікай, якая аддалена, скажам так, абслугоўваецца. І тут жа адразу падвышаецца рызыка сузалежных адносін, адносін знясіленых.
Гора страты радзімы
Эміграцыя, вядома ж, усё гэта ўскладняе, бо ёсць базавае моцнае перажыванне — страта звыклага асяроддзя.
Родная краіна — гэта вялікі кантэйнер, такі тэрмін ёсць у псіхалогіі. Па-за залежнасцю ад таго, падабалася нам там жыць, добра было ці не, усё задавальняла ці не.
Страта звыклага асяроддзя — гэта вялікая страта, гора. Нават пры ўсіх мінусах, але ж там была свая мова, знаёмая інфраструктура, людзі, сувязі, сацыяльная сетка знаёмых, звыклыя месцы — усё гэта стварае вялікі кантэйнер для псіхікі. Гэта значыць нават у нейкай крызіснай цяжкай сітуацыі асоба проста не распадаецца на атамы за кошт таго, што знаходзіцца ў гэтым кантэйнеры.
Калі ж чалавек у вымушанай эміграцыі, то гэты кантэйнер не існуе. Я яго страціў/страціла. Я перажываю гэтую страту. У мяне няма гэтага рэгулятара ў выглядзе звыклага асяроддзя. Усё гэта ўзмацняе базавае пачуццё небяспекі ў разы.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gemini
І плюс да гэтага — наша калектыўная траўма, якая нават яшчэ не пачала перапрацоўвацца. Гэта значыць няма гэтай кропкі нават сёння, у якой мы б пачалі спраўляцца з гэтай калектыўнай траўмай. Траўматызацыя не заканчваецца, дадаецца ўсё новы і новы слой. І калі чалавек не клапоціцца пра сябе, не падвышае бар’еры, фільтры, то, вядома, ён прыходзіць да знясілення.
«Важна разумець, што на такім этапе для вялікай колькасці людзей задачы развіцця, адукацыі, прафесійнага росту выцясняюцца задачамі псіхічнага выжывання. Развіццё здараецца толькі ў кропцы спакою. Калі псіхіка знаходзіцца ў стрэсе, то яна актываваная для таго, каб з гэтым стрэсам справіцца. У пастаянным стрэсе псіхіка засяроджана толькі на выжыванні, умоўна кажучы. Менавіта таму можа не запамінацца нічога, вылятаць з галавы, чалавек можа пачынаць адчуваць сябе дурнаватым, тупаватым. Гэта ўсё вынік выжывання», — падкрэслівае суразмоўца.
Рэкамендацыі ад Ганны Матуляк
Самае важнае — гэта аднавіць самарэгуляцыю. Наша нервовая сістэма здольная да самарэгуляцыі, але для гэтага ёй трэба стварыць базавыя ўмовы.
Сон — прыярытэт нумар адзін. Зніжэнне працоўнай нагрузкі не дапаможа без паляпшэння гэтага фактару. Нават за кошт зніжэння нагрузкі, яшчэ чагосьці, але калі няма сну — няма нічога іншага. Гэты фактар нельга недаацэньваць — гэта звышважны кампанент у самарэгуляцыі.
Харчаванне, цялесная разрадка, хадзьба, дыханне, любы рух. Без гэтага далей ніякая псіхатэрапія працаваць не будзе. Важна адрэгуляваць гэта.
Абмежаванне траўматычнага кантэнту. Для журналістаў гэта крытычна. Можна ўводзіць інфармацыйныя вокны. Якісьці час, 2–3 гадзіны ў дзень «гэтым я больш сёння не займаюся». У гэты час навіны не павінны быць фонам, прыбраць апавяшчэнні на смартфоне, прыбраць у архівы нейкія навінавыя чаты, заходзіць туды толькі ў строга адведзены час.
Дэкампрэсія. Абавязкова рабіць дэкампрэсію пасля кантакту з цяжкім матэрыялам. Калі чакае праца з чымсьці такім, то абавязкова прыдумайце нешта ў супрацьвагу, нешта прыемнае, важнае для вашага эмацыйнага стану, пастаўце гэта ў план. Хаця б проста пасядзець у парку, напрыклад, паглядзець на птушак, раку.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gemini
Праца з нервовай сістэмай. Гэта не надта проста, але трэба запомніць некаторыя рэчы.
Варта паспрабаваць адрозніваць два станы: гіперактывацыя або, наадварот, зніжаны фон, замарозка.
Далей робім процілеглае. Калі ў нас гіперактывацыя, то запавольваемся: дыхаем, адчуваем апору нагамі, адчуваем пахі, кранаем розныя тэкстуры, слухаем розныя гукі. Пры замарозцы, наадварот, патрэбна мяккая актывацыя, крыху больш руху. Можна проста ўстаць, прайсціся, зрабіць нейкія практыкаванні рукамі, пакантактаваць з чымсьці.
Гэтыя станы таксама важна не недаацэньваць. І не наклейваць на сябе ярлыкі накшталт «нешта я расклеіўся» ці «я зусім слабак ці слабачка». Усё гэта — нармальная рэакцыя на працяглае напружанне, на стрэсавы фон. Таму важна не наслаіваць зверху на гэтыя эмоцыі яшчэ і другасны сорам.
Чуць блізкіх. Што тычыцца сям’і, то важна падзяліць адказнасць, але ў той жа час размаўляць, быць у кантакце. Блізкія могуць падтрымліваць, вядома, але не абслугоўваць псіхіку іншага чалавека. Гэта важна.
Трэба ўмець прыслухоўвацца да блізкіх і звяртаць увагу на нешта такое: «мне здаецца, што з табой нешта адбываецца, ты змяніўся/лася, я бачу гэта збоку, калі ласка, давай праверся, магчыма, гэта дэпрэсія». Унутры сваёй рэальнасці, унутры сваёй карціны чалавек заўсёды правы. Яму заўсёды здаецца, што ў яго ўсё окей, але гэта можа быць не так у аб’ектыўнай рэальнасці.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gemini
Таксама важна казаць пра свае патрэбы і дэталёва казаць, а не сыходзіць у агульнае «мне патрэбна твая падтрымка». Чым больш вы будзеце даваць прамых інструкцый, а не быць у сферы чакання рэакцыі ад іншага, тым лепш.
Але калі сям’я становіцца адзіным рэсурсам, то хутка надыходзіць знясіленне. Таму патрэбны дадатковыя апоры, якія могуць падзяліць нагрузку: сябры, калегі, тэрапія, хобі, нейкія гурткі, квізы і іншае.
Парады рэдакцыям
І вельмі важнае — псіхалагічная падтрымка, якая, безумоўна, проста неабходная людзям, якія працуюць у медыя. У іх павінен быць доступ да тэрапеўтаў.
Добра, калі ў рэдакцыйных калектывах будуць рэгулярныя групы падтрымкі, супервізіі, асабліва для тых, хто працуе з цяжкім кантэнтам. Выдатна, калі ў рэдакцыі гэта будзе арганізавана.
Неабходны і рэгулярны перагляд нагрузкі — нельга ўвесь час працаваць у рэжыме пастаяннага крызісу, трэба дазаваць гэтыя рэчы.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай Gemini
Ратацыя задач неабходная — пра гэта варта памятаць кіраўнікам рэдакцый. Супрацоўнікі будуць выгараць, калі не будзе змены рэгістра, калі ўвесь час людзі будуць заліпаць у крызісных цяжкіх гісторыях, калі не будзе паўз або адцягнення.
Варта прывіваць культуру аднаўлення. Калі ў сістэме цэніцца толькі высокая прадукцыйнасць, то выгаранне, вядома ж, непазбежна.
Лічу важным легалізаваць на карпаратыўным узроўні неабходнасць адпачынку супрацоўнікаў.
Варта разумець, што зніжэнне рабочага тэмпу — гэта клопат і аднаўленне, неабходная частка прадукцыйнасці.
Тыя ўмовы, у якіх мы знаходзімся і ў якіх зараз працуе большасць журналістаў, можна назваць умовамі псіхічнага выжывання, а не развіцця. Таму і патрэбна сістэмная падтрымка медыя ў гэтай сферы.
@bajmedia