«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: акаўнты Аляксея Дзікавіцкага ў Instagram і Кацярыны Ерусалімскай у Threads
Міністэрства інфармацыі Беларусі 19 траўня ў чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Кацярына Ерусалімская, Аляксей Дзікавіцкі
У пералік забароненых да распаўсюду інтэрнэт-рэсурсаў уключылі акаўнт «Екатерина Ерусалимская» ў сацыяльнай сетцы Threads (ідэнтыфікатар @jerusalimskaja). Рашэнне прызнаць яго змест «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў суд Мінскага раёна Мінскай вобласці 15 траўня 2026 года.
Кацярына Ерусалімская — беларуская журналістка, вядоўца Malanka Media і Belsat.
«Экстрэмісцкім» прызнаны і змест Instagram-акаўнта «dzikawicki» (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/dzikawicki). Рашэнне прыняў 15 траўня 2026 года суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы.
Акаўнт належыць Аляксею Дзікавіцкаму — журналісту, які шмат гадоў прапрацаваў на тэлеканале «Белсат», быў намеснікам яго дырэктара, а таксама выконваў абавязкі кіраўніка тэлеканала. Цяпер Дзікавіцкі – кіраўнік праекта Belarus Tomorrow.
Спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў, які вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі, па стане на 19 траўня 2026 года складаецца з 2177 старонак і ўтрымлівае тысячы пазіцыяў, сярод якіх — СМІ, кнігі, акаўнты ў сацыяльных сетках журналістаў, пісьменнікаў, дзеячаў у розных сферах і да т. п.
@bajmedia