• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Антонімы зла — свабода і любоў». Аляксандар Лукашук у Вільні прэзентаваў кнігу вершаў і тэкстаў пра літаратуру

    21 траўня ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні былы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук прэзентаваў сваю кнігу вершаў і тэкстаў пра літаратуру «Незавершанасьць. Тонкая кніга».

    Аляксандар Лукашук прэзентаваў кнігу «Незавершанасьць»

    Аляксандар Лукашук на прэзэнтацыі сваёй кнігі. Вільня, 21 траўня 2026 года. Фота: Радыё Свабода

    «Кніга пачалася з прызнаньня ў любові», — сказаў Аляксандр Лукашук пра сваю новую кнігу падчас прэзэнтацыі.

    Першая апісаная ў кнізе падзея была зьвязаная зь яго працай як журналіста падчас землятрусу ў Армэніі, у Сьпітаку, у 1988 годзе.

    Там Лукашук нечакана для сябе стаў перакладнікам з францускай мовы для ратаўнікоў з Францыі. А потым зь ім пазнаёмілася перакладніца, якая, як пазьней выявілася, перакладала на францускую жывога Янку Купалу.

    Кніга Аляксандра Лукашука

    «Паэзія — гэта арганізацыя прысутнасьці любові», — кажа Аляксандр Лукашук.

    У кнізе зьмешчаныя творы, напісаныя пачынаючы з 1979 году. Першы верш быў рэфлексіяй на няшчаснае каханьне. Апошні, напісаны ў 2026 годзе, называецца «Незавершанасьць».

    «Выдаць першую кнігу пра любоў у 70 гадоў даволі сумнеўна», — прызнаўся аўтар і прачытаў некалькі вершаў, якія даказваюць, што з маладосьцю ён не разьвітваецца.

    «Антонімы зла — свабода і любоў»,— перакананы аўтар.

    Нямала старонак у кнізе — пра адкрыцьці Лукашука як дасьледніка гісторыі літаратуры. У кнізе згадваюцца паэты Францішак Багушэвіч, Ёсіф Бродзкі, Алесь Разанаў, Ларыса Геніюш

    Адварот кнігі Аляксандра Лукашука з прозьвішчамі літаратараў, якія ў ёй згадваюцца

    Некалькі старонак прысьвечаныя творчасьці беларускага паэта Ўладзімера Хадыкі, які загінуў у 1940 годзе ў ГУЛАГу. Аўтар знайшоў сьляды невядомага верша Хадыкі. Лукашук, працуючы ў архіве, выявіў 5 ягоных вершаў у перакладзе расейскага паэта Арсенія Таркоўскага, зь якім быў знаёмы і сябраваў. Адзін зь вершаў захаваўся толькі ў перакладзе. У кнізе гэты верш зьмешчаны ў адваротным перакладзе Насты Кудасавай.

    «Гэтыя вершы нічога не баяцца, толькі дыханьне спыняецца», — сказаў Лукашук пра твор Уладзімера Хадыкі ў перакладзе Кудасавай.

    У кнізе таксама ёсьць вершы, які аўтар прысьвяціў вядомым сучасьнікам: праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, літаратару Сяргею Дубаўцу, мовазнаўцу Вінцуку Вячорку.

    «Незавершанасьць. Тонкая кніга» — 15‑я кніга Аляксандра Лукашука. Яна выйшла ў выдавецтве Kamunikat.org.

    «Працую над перакладам слова свабода», — паўжартам адказаў аўтар на пытаньне пра 16‑ю кнігу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.