• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сто гадоў друкарні Скарыны ў Вільні. Гісторыя галоўнага беларускага выдавецкага цэнтру міжваеннага часу

    У траўні ледзь не схаваўся ад нас юбілей — стагодзьдзе слыннай беларускай друкарні імя Францішка Скарыны ў Вільні. Друкарні, якая цягам 1926–1941 гадоў выдала больш за 160 кніжак на беларускай мове. А гэта амаль палова беларускай кніжнай прадукцыі міжваеннага часу ў Другой Польскай Рэспубліцы.

    Сто гадоў друкарні Скарыны ў Вільні. Гісторыя выдавецтва

    Наборная беларускай друкарні імя Францішка Скарыны ў Вільні. Зьлева направа: Янка Багдановіч, Альфонс Шутовіч, Язэп Найдзюк. Фота: Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча

    Імя полацкага асьветніка друкарня выбрала ня проста так: якраз напярэдадні, у 1925 годзе, беларуская грамада адзначыла 400-годзьдзе беларускага друку ў Вільні. Таму стварэньне новай «паліграфічнай базы», як назваў яе Язэп Найдзюк, адзін са стваральнікаў, стала сымбалічным працягам справы Скарыны. Да ўсяго друк у сваёй друкарні меўся каштаваць менш, а галоўнае — віленскія беларусы імкнуліся не залежыць ад іншых. Зрэшты, ва ўмовах польскага санацыйнага ўраду ўласная друкарня дазваляла хаця б часткова захоўваць тайнасьць сваіх супрацоўнікаў.

    У арганізацыйную суполку па стварэньні друкарні ўвайшлі: кс. Адам Станкевіч, Фабіян Ярэміч, кс. Вінцук Гадлеўскі, кс. Андрэй Цікота. Да іх далучыўся яшчэ малады асыстэнт Язэп Найдзюк. Было нанятае памяшканьне на вуліцы Людвісарскай, 1 (цяпер Liejyk­los g. 1). Цікава, што ўласьнікамі памяшканьня былі стараверы.

    Першапачатковае знаходжаньне друкарні імя Фр. Скарыны па вуліцы Людвісарскай, 1 (цяпер Liejyk­los g.)

    У траўні 1926 году друкарня пачала сваю працу. Ейным кіраўніком стаў Альбін Стэповіч, брат ксяндза К. Стэповіча. Асыстэнтам А. Стэповіча быў прызначаны Язэп Найдзюк, які якраз вучыўся на друкара. З друкарняй супрацоўнічалі многія старыя прафэсійныя друкары зь беларусаў і палякаў. Аднак хутка многія сышлі на іншую працу, бо беларуская друкарня не магла плаціць высокіх заробкаў, як прыгадваў у сваёй кнізе пра друкарню Язэп Найдзюк. Шмат дапамагаў кс. Адам Станкевіч, які фактычна падрыхтаваў новыя беларускія кадры друкароў: Альфонса Шутовіча, Янку Багдановіча, Валюся Станкевіча ды іншых. Паводле чутак, напярэдадні адкрыцьця кс. Андрэй Цікота набыў друкарскую машыну, і такім парадкам іх стала дзьве.

    Выходзілі беларускія кнігі і ў іншых друкарнях: у прыхільнага беларусам віленскага жыда Б. Клецкіна, у Таварыстве беларускай школы, Беларускім навуковым таварыстве, Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе ды іншых. Але ж большая частка беларускіх кніжак была надрукаваная ў друкарні імя Францішка Скарыны.

    Першымі друкамі сталі газэты «Беларуская крыніца» і «Сялянская ніва». Потым пачалі друкавацца «Chryś­ci­jan­ska­ja Dum­ka», «Шлях моладзі», «Самапомач», «Нёман», «Калосьсе», «Prales­ki». А ў 1940 годзе ў друкарні выходзіла на сьвет польскамоўная «Kom­so­mol­s­ka Praw­da».

    Вокладка часопісу «Шлях Моладзі»

    Асобнай увагі заслугоўвае друк часопісу «Шлях моладзі». Гэта быў цалкам незалежны часопіс, які не падпарадкоўваўся ніводнай партыі. Ягонымі выдаўцамі былі маладыя друкары, якія выдавалі і рыхтавалі яго дарма — гэта быў іхны ўнёсак.

    Гэты часопіс набыў папулярнасьць і стаў ці ня першым беларускім унівэрсальным выданьнем у міжваеннай Вільні, якое сабрала вакол сябе вельмі розныя групы беларусаў: рэлігійных, сьвецкіх, правых, левых, старых, маладых. Зрэшты, зь ініцыятывы часопісу і друкарні беларусы Вільні сабралі грошы на помнік пісьменьніку Ядвігіну Ш. на Росах. То бок друкарня ператварылася ў куды большую структуру, чым проста друкарню. Яна сабрала вялікую беларускую супольнасьць вакол сябе. Ці не таму польскія санацыйныя ўлады ў супрацы з каталіцкім арцыбіскупам Ялбжыкоўскім цэнзуравалі, канфіскавалі, уводзілі большы падатак для беларусаў і ўсяляк інакш спынялі дзейнасьць друкарні.

    Кульмінацыяй гвалту тагачасных польскіх уладаў сталі арышт і высылка ў 1939 годзе працаўнікоў беларускай друкарні Язэпа Найдзюка, Альфонса Шутовіча, а таксама выдаўцоў «Шляху моладзі» Уладыслава Паўлюкоўскага, Віктара Ермалковіча і некаторых іншых у канцэнтрацыйны лягер у Бярозе-Картузскай.

    Заснавальнікі «Шляху Моладзі». Сядзяць зьлева направа: Язэп Найдзюк, Ізабэля Тумаш (Шутовіч), Мар’ян Пацукевіч; стаяць: Янка Багдановіч, Уладыслаў Тарасэвіч і Альфонс Шутовіч. Фота 1934 году

    Тройчы друкарня мяняла месцазнаходжаньне і наймала іншае памяшканьне. З 1926 па 1930 год яна месьцілася на Людвісарскай, 1 (Liejyk­los g. 1). Потым з 1930 па 1934 год друкарня знаходзілася на Завальнай, 6–10 (Pylimo g. 6). Тут раней знаходзіліся іншыя беларускія арганізацыі, напрыклад, Беларускі нацыянальны камітэт. Калі ў чарговы раз друкарні стала цесна, яна перабралася на Завальную, 1 (Pylimo g.) — у дом Рэфармаванай Эвангеліцкай кансысторыі (будынак не захаваўся).

    З 1930 друкарня знаходзілася па адрасе: Завальная 6 (Pylimo g. 6). Фота: Беларуская Вільня, tmatic.travel

    Увесну 1941 году летувіскія савецкія ўлады закрылі друкарню. Так завяршылася пятнаццацігадовая плённая праца друкарні, якая выдала шмат рэлігійнай літаратуры па-беларуску, але і працы многіх сваіх сьвецкіх супрацоўнікаў, напрыклад, «Беларускую граматыку» Браніслава Тарашкевіча, «Беларускія народныя песьні» Рыгора Шырмы ды іншыя.

    Вільня: пераплеценыя лёсы. Экскурсія па журналісцкіх мясцінах горада

    Важныя і каштоўныя гісторыі друкароў, якія прысьвяцілі жыцьцё друкарні. Язэп Найдзюк (1909–1984) выехаў у Польшчу, дзе, зьмяніўшы імя, працягнуў друкарскую дзейнасьць на карысьць польскага друку. Янка Багдановіч (1906–1990) прайшоў ГУЛАГ, але вярнуўся ў Вільню, пакінуўшы ўспаміны, у тым ліку пра друкарню. А яшчэ ў 1975 годзе напісаў прысьвечаны слыннай друкарні верш, які так і назваў — «Друкарня». Няхай верш не дыхтоўны — зрэшты, Янку Багдановіча віленскія літаратары называлі «паэтам бяз рыфмы», — але ён удала рэзюмуе лёс друкарні і ейных друкароў. Рукапіс і машынапіс вершаў Янкі Багдановіча захоўваюцца ў Беларускім музэі ў Вільні:

    Вось хочацца ўспомніць гісторыю адну:

    Полацак, Падую,

    Прагу і Вільню

    І доктара Францішку Скарыну!

    Я ўнук твой.

    Стаю пры станку,

    Набіраю літаркі і

    Друкую на лістку.

    Прыходзілася многа пылі

    Уцягваць у душу,

    З верай і надзеяй жылі,

    Што не пападзём у глушу…

    І сколькі ж працы

    Прышлося марнаваць

    Набіраць і друкаваць,

    А назаўтра прыходзілі канфіскаваць…

    Вульф стараста гродзкі,

    Прыслужнік ваяводзкі,

    Даваў прыказы:

    Канфіскаваць газэты і журналы!…

    За каждую канфіскату

    Справу судовую вызначалі,

    Рэдактара судзілі,

    У Бярозу высылалі…

    І вось так прыходзілася

    У друкарні Францішка Скарыны

    Гадамі працаваць!…

    Друкарня Скарыны ў Вільні

    Размяшчалася па вуліцы Людвісарскай,

    А пазьней на Завальнай,

    Друкавала кніжкі, газэты і журналы…

    У друкарні пры касе стаялі:

    Язэп, Альфонс і Янка,

    Многа ўдзень літар складалі,

    Каб беларусы чыталі.

    Пачала надходзіць цёмная хмара,

    Вайной запахла на зямлі.

    Гітлераўцы Польшчу занялі,

    Многа сваёй крыві пралілі.

    Прайшло многа часу,

    І друкарні Францішкі Скарыны

    У Вільні ня стала!…

    З друкароў — Язэпа і Альфонса друкарня скасавала!…

    5 верасьня 1975 год

    Рукапісны варыянт верша Янкі Багдановіча «Друкарня» (урывак). Захоўваецца ў Беларускім музэі ў Вільні

    Такім парадкам, друкарня імя Францішка Скарыны ў Вільні дала жыцьцё ня проста сотням кнігаў і тысячам асобнікаў газэтаў і часопісаў, стварыўшы багатую інтэлектуальную традыцыю віленскіх беларусаў, але і пакінула незабыўныя мясьціны памяці, зьвязаныя з будынкамі друкарні, жытлом ейных супрацоўнікаў, а таксама з пахаваньнямі на розных віленскіх могілках: Быліны, Павіленскія могілкі ці Сонечныя могілкі (былыя могілкі сьв. Пятра і Паўла).

    У асьветніцкай і тым больш кніжнай справе прозьвішча першадрукара натхняла і працягвае натхняць многіх. Новыя пакаленьні беларусаў і беларусак выдаюць кнігі пад сьцягам Скарыны: напрыклад, пасьля Другой сусьветнай вайны беларускія эмігранты ў Лёндане стварылі Бібліятэку-музэй імя Фр. Скарыны, больш вядомую як Скарынаўка. У XXI стагодзьдзі зноў беларусы ў выгнаньні працягнулі кніжную справу ў духу Скарыны: у жніўні 2022 году зьявілася выдавецтва «Скарына» (Лёндан — Вільня). Праўда, у адрозьненьне ад віленскай друкарні імя Францішка Скарыны 1926–1941 гадоў, цяперашнія ініцыятывы сутыкнуліся не з санацыйнымі польскімі перашкодамі, але з рызыкамі ад санацыйных беларускіх уладаў, якія на дыстанцыі забараняюць беларускую незалежную кнігу. А таму, падаецца, такое простае, але і змагарскае пасланьне Скарыны «данесьці слова для людзей паспалітых» дасюль застаецца як ніколі актуальным.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.