Сяргей Дубавец і Цімафей Акудовіч — у шорт-лісце прэміі Багушэвіча
Арганізатары прэміі імя Францішка Багушэвіча абвясцілі кароткі спіс за 2025 год. У ім — імёны беларускіх журналістаў Сяргея Дубаўца і Цімафея Акудовіча.

У фінальны адбор увайшлі сем твораў – кнігі, падкасты і аўтарскія медыяпраекты.
Нагадаем, сёлета на прэмію паступілі дзясяткі заявак – ад кніг і даследаванняў да падкастаў, відэа і мультымедыйных праектаў. Прэмія аб’ядноўвае розныя фарматы, мэтай якіх з’яўляецца асэнсаванне беларускай гісторыі, культуры і калектыўнай памяці. Другі год запар да ўдзелу ў прэміі прымаюцца не толькі кнігі і публіцыстыка, але і медыйныя праекты.
Хто ўвайшоў у кароткі спіс
Кнігі:
- «І даўней так пелі: Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі» – Вольга Барышнікава (Skaryna Press, Лондан, 2025);
- «Кола дня» – Аляксандра Турава (2025, зашыфраваны ўдзел);
- «Кровазварот» – Юлія Цімафеева (Янушкевіч, Варшава, 2025);
- «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» – Ганна Кандрацюк (выдавецтва Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Беласток, 2025);
- «Цені падмуркаў» – Milestone (2025, зашыфраваны ўдзел);
Артыкулы, падкасты, відэаблогі і іншае:
- Падкаст «Літаратурныя зацемкі» – аўтар і вядоўца Сяргей Дубавец (2025);
- Тэлевізійны праект «Сармацкі вус» – аўтар і вядоўца Цімафей Акудовіч.
Прэмія імя Францішка Багушэвіча – штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1996 годзе. Традыцыйна яна ўручаецца за найлепшыя творы, якія служаць аднаўленню гістарычнай памяці і спрыяюць фармаванню і ўмацаванню беларускай ідэнтычнасці.
Імя лаўрэата або лаўрэаткі 2025 года будзе абвешчана асобна.
@bajmedia