«Купалаўцы» паказалі спектакль паводле твору сакрэтнага аўтара. Як прайшла прэм’ера?
«Вольныя Купалаўцы» завяршылі свой шосты сезон у эміграцыі прэм’ерай спектакля «Наступны прыпынак». Квіткі ў Варшаве разляцеліся імгненна. «Радыё Свабода» пабывала на спектаклі, пагаварыла з рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым.

Спэктакль «Наступны прыпынак» рэжысэр Аляксандар Гарцуеў паставіў паводле твораў невядомай аўтаркі, якая хаваецца пад псэўданімам Каміла Цень. У 2018–2025 гадах яна выдала тры аповесьці: «Я прыду за табой у аўгусьце», «Наступны прыпынак сьмерць», «Сакрэт фірмы».
Сам рэжысэр прызнаецца, што ня ведае сапраўднага імя аўтаркі і увогуле не здагадваецца, хто гэта. Хутчэй за ўсё, гэта жанчына сярэдняга веку, якая памятае пра тое, што было ў Менску яшчэ ў савецкія часы. Да прыкладу, папулярную танцавальную пляцоўку ў парку імя 50-годзьдзя Кастрычніка, вядомым пад назваю Карчы.
«Ведаю людзей, якія ведаюць аўтарку, але яны не прызнаюцца, хто гэта. Кажуць, што калі выйдзе наступная кніжка, тады яна будзе „раскрывацца“», — кажа Гарцуеў.
«Нельга ўсё жыцьцё сядзець і дзяўбці пра адно і тое ж»
Паводле рэжысэра, новая пастаноўка істотна адрозьніваецца ад папярэдніх працаў «Вольных Купалаўцаў» (кшталту спэктакляў «Экстрэмісты», «Валізка», «Менскае мора»), прысьвечаных падзеям 2020 году і палітычным рэпрэсіям.
«Прайшло ўжо амаль 6 гадоў пасьля 2020 году, і гэтая тэма ня тое каб сыходзіць — яна паварочваецца іншым бокам, яна робіцца апасродкавана, празь нешта. Нельга ўсё жыцьцё сядзець і дзяўбці пра адно і тое ж. Гэта ненармальна. Тыя падзеі не пасыпаюцца попелам забыцьця, але мяняецца ракурс іх успрыманьня — жыцьцё ж не стаіць на месцы. Ня ўвесь жа час пра адно і тое ж гаварыць. Сама літаратура даволі незвычайная: пра Менск сёньняшні і пра тых людзей, якія ня ўдзельнічалі ў падзеях 2020 году, пра глыбінны народ, які быццам бы збоку», — тлумачыць Аляксандар Гарцуеў.

Спектакль «Наступны прыпынак» рэжысёра Аляксандра Гарцуева. Фота: «Радыё Свабода»
Галоўныя героі пастаноўкі — кантралёрка грамадзкага транспарту Зінаіда Юр’еўна і яе напарнік Гаркавы. Людзі, нібыта далёкія ад палітыкі, але сын Юр’еўны Дзьмітры адседзеў «15 сутак» і зьехаў з жонкай у Польшчу, сын Гаркавага даўно жыве ў Чэхіі. Зінаіда Юр’еўна вельмі сумуе па сыне, хоча, каб ён вярнуўся. Польшча ёй не падабаецца, маўляў, «туды уехалі самыя няўдачнікі, а усьпешныя праграмісты уехалі ў Сінгапур або Тайланд». Яна кажа на трасянцы: «Лучшэ няхай у той Польшчы сядзіць, чым на сутках».
Галоўная гераіня Зінаіда Юр’еўна для Гарцуева ў прынцыпе сымпатычная і цікавая асоба. Яна начытаная: любіць цытаваць Амара Хаяма, ведае прыказкі й прымаўкі, папулярныя гіты савецкіх часоў. Але рэжысэр дазволіў сабе крыху зьмяніць ейны характар.
«Яна ў мяне крыху іншая, чым у Камілы Цень. У кніжцы ў яе характары мне ня ўсё спадабалася, ня ўсё я разумеў. Таму як творца, як пастаноўшчык спэктаклю я сабе дазволіў нешта дадаць — я ж ня толькі спэктакль ставіў, я таксама інсцэніроўку рабіў. Таму крыху зьмяніў кантэкст у той бок, які мне падаўся больш прыдатным для спэктаклю. Гэта маё аўтарскае бачаньне», — прызнаецца Аляксандар Гарцуеў.
Пастаноўка ідзе з польскімі субтытрамі ў невялікім варшаўскім тэатры Potem-o-tem. Тэатар Scena Przodownik, дзе апошнім часам рэпэтавалі і паказвалі спэктаклі «Купалаўцы», закрыўся на рамонт. А свайго памяшканьня ў «Купалаўцаў» у Варшаве дагэтуль няма.

Спектакль «Наступны прыпынак» рэжысёра Аляксандра Гарцуева. Фота: «Радыё Свабода»
У спэктаклі граюць 4 акторы: Валянціна Гарцуева, Сяргей Чуб, Кацярына Яворская і Ігар Сігоў. Сюжэт такі: галоўныя героі, звычайная кантралёрка грамадскага транспарту Зінаіда Юр’еўна (Валянціна Гарцуева) і яе верны памочнік Гаркавы (Сяргей Чуб), разблытваюць загадкавае зьнікненьне маладога чалавека Аляксея, якога ўжо тры месяцы шукае бацька ў парку імя 50-годзьдзя Кастрычніка. Галоўныя месцы падзеяў — сталічны парк, кавярня ўнівэрмагу «Беларусь», кватэра кіроўцы трамваю Алены, прыпынкі грамадзкага транспарту ў Заводзкім раёне сталіцы. Узгадкі пра Менск і абвесткі прыпынкаў на прэм’еры выклікалі ў гледачоў настальгію і ўздыхі.
Цяжкасьці перакладу з трасянкі
Мова спэктаклю, як і мова кніг Камілы Цень — трасянка. Акторам было цяжка на рэпэтыцыях, яны пастаянна пераходзілі на чыстую літаратурную мову, даводзілася пастаянна іх папраўляць, прызнаецца рэжысэр. Дарэчы, у 2018 годзе ў Беларусі тагачасны мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін паставіў гогалеўскага «Рэвізора» на трасянцы, прычым чыноўнікі размаўлялі выключна на ёй, і толькі Хлестакоў, што прыехаў з сталічнага Санкт-Пецярбугу, гаварыў на чысьцюткай, выбітнай беларускай мове.
@bajmedia
