• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як прыручыць нейрасеткі ў 2026 годзе: гід па сэрвісах і тэрмінах для журналістаў

    Ад тэкстаў і выяў да аўдыё і відэа — разбіраемся ў асноўных магчымасцях сучасных нейрасетак, ключавых паняццях і інструментах, якія ўжо сталі часткай штодзённай працы медыя, грамадскіх арганізацый і бізнесу.

    Дзяніс Васількоў

    «З’яўленне штучнага інтэлекту можна параўнаць з вынаходніцтвам электрычнасці. ШІ таксама змяняе свет, але яшчэ больш моцна і хутка», — гэтай метафарай падзяліўся медыятрэнер падчас інтэнсіву БАЖ, прысвечанага сучасным магчымасцям нейрасетак для медыя.

    Удзельнікі разабраліся, як працуюць розныя тыпы ШІ-мадэляў, якія базавыя паняцці неабходна ведаць і якія сэрвісы ўжо ў 2026 годзе дапамагаюць ствараць тэкст, выявы, аўдыё, відэа і іншы кантэнт.

    Мы сабралі галоўныя тэрміны і інструменты, якія дапамагаюць хутка арыентавацца ў магчымасцях штучнага інтэлекту і выкарыстоўваць іх у паўсядзённай працы.

    Ніжэй — падрабязны гід па сэрвісах, якія варта выкарыстоўваць для канкрэтных задач, і тых, ад якіх лепш трымацца далей.

    1. ChatGPT: «кухонны камбайн» для ўсяго

    Chat­G­PT застаецца самым універсальным сэрвісам, які падыходзіць для большасці паўсядзённых і прафесійных задач.

    Для чаго ён падыходзіць:

    • Deep Research (глыбокае даследаванне): калі трэба разабрацца ў складанай тэме, ШІ аналізуе крыніцы ў інтэрнэце (у тым ліку афіцыйныя базы дакументаў і навінавыя агенцтвы) і выдае структураваны вынік са спасылкамі.
    • Стварэнне выяў: Chat­G­PT можа ствараць і рэдагаваць ілюстрацыі, афішы, схемы, фотаідэі, эскізы і макеты. Можна пачаць з тэксту, фота або эскіза ад рукі.
    • Візуальны аналіз: можна накіраваць камеру смартфона на аб’ект — і ШІ дапаможа з аналізам, напрыклад, падкажа, што магло зламацца ў бытавой тэхніцы.
    • Галасавы рэжым: зручны для пошуку ідэй падчас прагулкі, практыкі замежных моў або нефармальных размоў.
    • Аўтаматызацыя: можна наладзіць штодзённыя рассылкі. Напрыклад, кожную раніцу ШІ будзе збіраць навіны Варшавы з афіцыйных гарадскіх рэсурсаў і дасылаць зводку.
    • Праца з файламі: загрузка дакумента дазваляе:
      • зрабіць кароткі змест;
      • выбраць галоўныя факты;
      • параўнаць матэрыялы;
      • падрыхтаваць план або чарнавік. Файл становіцца часткай кантэксту размовы.

    Важны нюанс: у праектах (Projects) Chat­G­PT можа вельмі доўга ўтрымліваць кантэст працы, што робіць яго зручным персанальным асістэнтам.

    1. Claude: майстар коду і дакументаў

    Сэрвіс ад кампаніі Anthrop­ic лічыцца адным з найлепшых для тэхнічных, аналітычных і структураваных задач.

    Найбольш падыходзіць для:

    • напісання і праверкі коду;
    • глыбокага аналізу і параўнання складаных файлаў;
    • рэдагавання вялікіх тэкстаў.
    Калі за вамі «прыйшлі»: базавая інструкцыя для журналіста ў Беларусі

    Выява зроблена БАЖ пры дапамозе Chat­G­PT

    Асаблівасць: інтэрактыўнае акно Arti­facts дазваляе працаваць з тэкстамі, табліцамі і кодам у рэальным часе.

    1. NotebookLM: ваш персанальны эксперт

    Прадукт Google, які змяняе падыход да працы з інфармацыяй. Вы загружаеце крыніцы (PDF, сайты, Google Docs, аўдыё, відэа), і сэрвіс адказвае выключна на іх аснове, прыводзячы цытаты.

    Магчымасці:

    • стварэнне аўдыёдыскусій (падкастаў);
    • генерацыя таймлайнаў, FAQ, брыфаў і навучальных матэрыялаў;
    • структураванне ведаў па загружаных дакументах.
    1. Notion: «суперблакнот з мазгамі»

    Сістэма для арганізацыі працы і інфармацыі.

    ШІ дапамагае:

    • пісаць і скарачаць тэксты;
    • ствараць планы і спісы задач;
    • шукаць інфармацыю па ўсёй працоўнай прасторы;
    • пераўтвараць вынікі сустрэч у нататкі і задачы.
    1. LM Studio: бяспека і прыватнасць

    Інструмент для запуску адкрытых нейрасетак лакальна на камп’ютары без перадачы даных у воблака.

    Важна: патрабуе магутнага абсталявання (пажадана з сучаснай відэакартай / GPU).

    камп'ютар

    Выява створана БАЖ з дапамогай Chat­G­PT

    Дзе рабіць ШI-пошук

    • Per­plex­i­ty — хуткі пошук і праверка фактаў.
    • Chat­G­PT Search — пошук + аналіз у фармаце дыялогу.
    • Gem­i­ni Deep Research — глыбокія даследаванні складаных тэм.
    • Note­bookLM — праца выключна з вашымі дакументамі.

    Дадатковыя сэрвісы

    • Gam­ma — стварэнне прэзентацый з тэксту.
    • Eleven­Labs — агучка і кланаванне галасоў
    • Nap­kin AI — схемы і інфаграфіка на аснове тэксту.
    • Adobe Pod­cast Enhance Speech — прафесійнае паляпшэнне якасці аўдыё.
    • Wis­pr Flow — галасавы ўвод тэксту

    Чым карыстацца не варта

    • «Бясплатныя» Telegram-боты Часта небяспечныя і могуць збіраць вашыя персанальныя даныя.
    • Сэрвісы без палітыкі прыватнасці Катэгарычна нельга ўводзіць туды паролі, фінансавыя або іншыя канфідэнцыйныя даныя (слова «даныя» больш уласцівае сучаснай медыйнай мове, чым «дадзеныя»).
    • ШІ без праверкі фактаў Абавязкова правярайце інфармацыю праз іншыя крыніцы і мадэлі.

    Залатое правіла 2026 года: Усё, што зроблена без «чалавечага ўдзелу», выглядае штучна і не выклікае даверу. Найлепшы вынік — гэта спалучэнне:

    ШІ — для руціны, чалавек — для сэнсу і праверкі.

    Дзяніс Васількоў

    Скрыншот выступу

    Слоўнік штучнага інтэлекту: 15 тэрмінаў

    Асноўныя паняцці

    • AI (ШІ) — сістэмы, здольныя імітаваць чалавечую разумовую дзейнасць.
    • GPT — Gen­er­a­tive Pre-trained Trans­former (генератыўны папярэдне навучаны трансформер).
    • Мультымадальнасць — здольнасць мадэлі адначасова працаваць з рознымі тыпамі звестак: тэкстам, голасам, выявамі і відэа.

    Тэхнічныя адзінкі

    • Токен — мінімальная адзінка тэксту, якую апрацоўвае ШІ (прыкладна супадае са складам або часткай слова).
    • Кантэкстнае акно — ліміт аб’ёму інфармацыі, якую ШІ можа адначасова трымаць у памяці падчас дыялогу.
    • Галюцынацыі — пераканаўчыя, але цалкам выдуманыя або памылковыя адказы ШІ.
    • Промт — тэкставы запыт або інструкцыя для нейрасеткі.
    • Тэмпература — параметр, які вызначае ўзровень крэатыўнасці і непрадказальнасці адказаў (чым вышэйшая, тым больш рознымі будуць вынікі).

    Прасунутыя тэхналогіі

    • AI-агенты — аўтаномныя сістэмы, здольныя выконваць шматкрокавыя задачы без пастаяннага кантролю чалавека.
    • RAG — тэхналогія падключэння знешняй (прыватнай) базы ведаў да мадэлі для дакладных адказаў без перанавучання.
    • Deep Research — функцыя аўтаматычнага глыбокага пошуку і аналізу інфармацыі ў інтэрнэце.
    • Лакальныя мадэлі — нейрасеткі, якія працуюць на вашым уласным камп’ютары без доступу да сеткі.

    Штучны інтэлект у 2026 годзе  гэта ўжо не футурыстычная экзотыка, а штодзённы інструмент журналісцкай працы. Ён не замяняе аўтара, але істотна павялічвае хуткасць і якасць працы з інфармацыяй.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.