Школа AI: штучны інтэлект — гэта магутны памочнік, але ён не замяняе журналісцкае мысленне
«Школа выкарыстання штучнага інтэлекту ў медыях» з акцэнтам на працу ў рэдакцыях і распрацоўку ўласных праектаў працуе ў межах сумеснага міжрэгіянальнага праекта Fojo амаль год. Партнёрам ад Беларусі ў гэтым праекце выступае БАЖ.

Вольга Быкоўская і Алег Хамянок. Калаж зроблены БАЖ з дапамогай Gemeni
Пра школу, мэты і актыўнасці
Праект стартаваў у жніўні 2025 года і прадоўжыцца да лютага 2027 года.
Ён ахоплівае прадстаўнікоў медыясектара з пяці краін: Беларусі, Украіны, Арменіі, Грузіі і Малдовы. Школа AI мае два фарматы навучання (як анлайн, так і афлайн) і складаецца з чатырох модуляў (ніжэй пра гэта падрабязней).
У межах школы, для яе ўдзельнікаў, праводзіўся конкурс праектаў. Ад кожнай краіны была падтрымана адна найбольш цікавая і рэалістычная ініцыятыва па прымяненні штучнага інтэлекту ў рэдакцыйнай практыцы. Рэалізацыя праектаў ідзе поўным ходам. Іх вынікі будуць вядомыя бліжэй да восені.
А зараз медыяарганізацыі краін-удзельніц праекта занятыя падрыхтоўкай выніковай канферэнцыі па абмене досведам медыяў з розных краін. Канферэнцыя мае адбыцца ў Малдове.
Пад эгідай Fojo гэтае мерапрыемства праводзіцца штогод і амаль за дзесяць гадоў супрацы стала традыцыйнай. Канферэнцыя стварае пляцоўку для абмену досведам працы рэдакцый у першую чаргу рэгіянальных медыяў краін-удзельніц праекта, а таксама абмяркоўвае тэндэнцыі развіцця медыясектараў у іх, шукае выйсце з найбольш складаных медыйных праблем, звязаных з якасцю кантэнту, даверам аўдыторыі, манетызацыяй і менеджментам, абмяркоўвае этычныя пытанні медыясектара і бяспеку журналісцкай працы.

«Перагледзелі некаторыя падыходы ў працы сайта»
У праекце «Школа AI» брала ўдзел і беларуская журналістка выдання «Позірк» Вольга Быкоўская, для якой гэта быў першы вопыт удзелу ў праекце, звязаным з нейрасеткамі. Вольга падзялілася сваімі ўражаннымі ад навучання і досведам рэалізацыі рэдакцыйнага праекта.
Як зазначае Вольга, для яе гэта быў вельмі карысны досвед, таму што раней яна не ўдзельнічала ў працяглым і сістэмным навучанні, прысвечаным штучнаму інтэлекту. Акрамя таго, ёй было цікава пазнаёміцца з людзьмі з розных краін і даведацца, як яны выкарыстоўваюць гэтыя тэхналогіі ў сваёй працы. Яна шмат чаго ведала пра суседнія краіны — Украіну, Малдову, Грузію, Арменію, але да гэтага праекта ў яе не было такіх прамых прафесійных сувязяў з журналістамі з тых дзяржаў.
— На практычных занятках нам расказвалі пра палітыкі выкарыстання штучнага інтэлекту ва Украіне. Таксама прадстаўнікі амаль кожнай краіны дзяліліся ўласным досведам і падыходамі да выкарыстання найноўшых тэхналогій, сваімі планамі на будучыню.
Асабліва карысным для мяне стала знаёмства з GEO (Generative Engine Optimization. GEO — гэта новая парадыгма, якая дапамагае стваральнікам кантэнту аптымізаваць яго для пошукавых сістэм). Дзякуючы яму мы перагледзелі некаторыя падыходы ў працы нашага сайта і папрасілі сістэмнага адміністратара папрацаваць над адпаведнымі зменамі.

Вольга Быкоўская. Фота: з асабістай старонкі на Facebook
— Таксама цікавымі былі тэмы, звязаныя з палітыкамі выкарыстання ШІ, стварэннем асістэнтаў для выканання задач і агульнымі прыкладамі выкарыстання штучнага інтэлекту ў журналістыцы, — распавядае суразмоўца.
«Аўтаматычна адсочваць цытаванні»
Для спадарыні Вольгі было начаканасцю, што шматлікія арганізацыі ўжо распрацоўваюць ці нават ужо распрацавалі афіцыйную палітыку выкарыстання штучнага інтэлекту.
— Мне здавалася, дастаткова агульнага разумення таго, што з’яўляецца этычным, а што не. Але падчас навучання я зразумела, што неабходна мець выразна прапісаныя правілы і падыходы да выкарыстання ШІ ў рэдакцыі, — кажа беларуская журналістка. — Менавіта таму цяпер мы працуем над стварэннем такой палітыкі для свайго выдання і спадзяемся завяршыць яе ў найбліжэйшы час.
Для інфармацыйнага агенцтва «Позірк» вельмі важным паказчыкам з’яўляецца цытаванне матэрыялаў, таму каманда шукала спосаб аўтаматызаваць маніторынг цытаванняў. Дзякуючы Школе AI журналісты зразумелі, як штучны інтэлект можа дапамагчы ў вырашэнні такой задачы.
Зараз Вольга Быкоўская разам з камандай распрацоўвае пілотны праект, які дазволіць аўтаматычна адсочваць правільныя і няправільныя цытаванні.
— Пакуль рана казаць пра вынікі, але спадзяюся, што праект будзе паспяховым, бо ён дапаможа вызваліць значную колькасць нашага працоўнага часу. Збор такой інфармацыі ўручную займае вельмі шмат рэсурсаў, — зазначае журналістка.
Ці варта працягваць такую школу для іншых беларускіх журналістаў?
Вольга Быкоўская адзначае тое, што гэтая школа дала шмат новых і практычных ведаў, таму, безумоўна, навучанне ў ёй трэба працягнуць і для іншых беларускіх журналістаў.
— Тэхналогіі штучнага інтэлекту развіваюцца вельмі хутка, таму веды неабходна пастаянна абнаўляць. Такія праграмы патрэбныя для ўдзельнікаў, бо даюць доступ да вельмі карыснай і практычнай інфармацыі.
Акрамя таго, міжнародны фармат праекта і самой Школы AI, дазваляе выйсці за межы беларускага кантэксту і ўбачыць, як працуюць калегі ў іншых краінах, што і як яны развіваюць і ствараюць. Хаця ўмовы працы адрозніваюцца, але ў працы нашых медыяў ёсць шмат агульнага, што можа быць карысным для ўсіх нас, — кажа медыйшчыца.
Як прыручыць нейрасеткі ў 2026 годзе: гід па сэрвісах і тэрмінах для журналістаў
Падчас навучання ўдзельнікі наведалі некалькі краін, сустрэліся з рознымі спецыялістамі і атрымалі каштоўны прафесійны досвед.
Вольга вельмі спадзяецца, што такое знаёмства ў будучыні можа перарасці ў супольныя праекты, бо цікавасць з боку рэдакцый да гэтага ёсць.
— Я вельмі ўдзячная арганізатарам за вялікую працу, укладзеную ў праграму. Відавочна, што праект быў старанна падрыхтаваны, а сама праграма атрымалася разнастайнай і запатрабаванай, з прымяненнем міжнароднага досведу. Спадзяюся, што падобныя ініцыятывы будуць працягвацца, — падсумоўвае журналістка.
«Памагаты ў штодзённай руціне»
Падрабязней пра праграму школы распавёў украінскі медыяэксперт, выкладчык «Школа выкарыстання штучнага інтэлекту ў медыя» Алег Хамянок.
Праграма школы была разбітая на чатыры вялікія этапы: першы модуль «Асновы і бачанне будучыні». Спачатку ўдзельнікі школы разбіраліся, як наогул працуе ШІ, што такое промпт-інжынерынг, асістэнты, агенты, і куды ўсё гэта рухаецца.
Другі модуль школы быў прысвечаны практычнай рабоце з інструментамі. Удзельнікі вучыліся працаваць з канкрэтнымі сэрвісамі, напрыклад, NotebookLM ад Google — інструментам, які дапамагае аналізаваць велізарныя архівы дакументаў і хутка знаходзіць у іх сутнасць. Або Elevenlabs — магутная платформа для працы з відэа і аўдыякантэнтам.
У трэцім модулі асноўны фокус быў скіраваны на этыку і прававыя нормы выкарыстання ШІ.
— Мы вельмі глыбока занураліся ў тэму адказнасці. Гаварылі пра тое, каму належаць правы на кантэнт, як маркіраваць ШІ-матэрыялы і як не дапусціць перадузятасці і памылак алгарытмаў,— узгадвае суразмоўца.
У межах чацвёртага модуля курса фокус зрушыўся на тое, як медыя выжываць у новую эру. Журналісты абмяркоўвалі, як ШІ дапамагае эканоміць грошы і прыцягваць аўдыторыю, гэта значыць зарабляць больш.

Алег Хамянок. Фота: з асабістай старонкі на Facebook
Пасля завяршэння навучальнага кампанента быў праведзены конкурс ідэй для распрацоўкі і ўкаранення інструментаў ШІ ў працу рэдакцый, у выніку некалькі ўдзельнікаў атрымалі невялікае фінансаванне на распрацоўку і ўвасабленне сваіх ідэй у жыццё.
— Гэты навучальны курс — не проста лекцыі пра тэхналогіі, а паўнавартасная школа развіцця для сучасных рэдакцый, — упэўнены медыяэксперт. — Асноўная ідэя ў тым, каб навучыць журналістаў і рэдактараў выкарыстоўваць штучны інтэлект як магутнага памагатага ў штодзённай руціне, а не бачыць у ім толькі пагрозу.
Практычная карысць ад трэнінгу
Як зазначае Алег Хамянок, галоўная карысць ад праграмы — гэта разуменне рэальнай эканоміі часу, якую дае ШІ. Журналісты ўбачылі прыклады, калі ШІ бярэ на сябе руціну, на якую раней сыходзіў час.
Вось што ўдзельнікі зараз могуць рабіць на практыцы:
- Ствараць эфектыўныя прылады: асістэнтаў і агентаў для эфектыўнага пошуку, апрацоўкі і аналізу інфармацыі і скарачэння часу на падрыхтоўку матэрыялаў.
- Аўтаматызаваць руціну: транскрыбіяваць інтэрв’ю за хвіліны, рабіць вытрымкі з доўгіх справаздач, хутка перакладаць тэксты на розныя мовы і адаптаваць адзін матэрыял пад розныя сацыяльныя медыя і аўдыторыі.
- Працаваць са складанымі дадзенымі: ШІ дапамагае за секунды знайсці і растлумачыць патрэбную лічбу ў 500-старонкавым бюджэце або судовай справе, што раней было пад сілу толькі дата-журналістам.
- Укараняць стандарты: удзельнікі распрацавалі чэк-лісты і планы, як укараніць унутраную палітыку выкарыстання ШІ ў сваёй рэдакцыі. Гэта важна, каб выкарыстанне тэхналогій не ператварылася ў хаос і не прывяло да страты даверу аўдыторыі.
- Аптымізаваць трафік: Журналісты дэталёва абмеркавалі GEO (Generative Engine Optimization) — гэта новая стратэгія таго, як зрабіць так, каб разумныя пошукавікі і чат-боты цытавалі менавіта ваша выданне.
Галоўныя прынцыпы этычнага выкарыстання ШІ
Падчас навучання цэнтральнае месца было адведзенае этычным правілам выкарыстання ШІ, бо давер аўдыторыі — гэта галоўны актыў журналіста.
Журналісты разабралі ключавыя стандарты:
Празрыстасць і абавязковая маркіроўка. Любы кантэнт, створаны або апрацаваны з дапамогай ШІ (тэкст, фота, аўдыя ці відэа), павінен быць ясна пазначаны для аўдыторыі. Нельга ствараць ілюзію «чыста чалавечага» матэрыялу. Чытач мае права ведаць, што ў стварэнні гісторыі ўдзельнічаў алгарытм.
Прыярытэт праверкі чалавекам фактаў і якасці кантэнту (Human-in-the-loop). Ніякі кантэнт ад ШІ не павінен публікавацца «як ёсць», без незалежнай праверкі журналістам.
— Мы абмяркоўвалі ШІ як «неправераную крыніцу»: усё, што ён выдае, — гэта толькі чарнавік, які патрабуе ўважлівага фактчэкінгу і ацэнкі кантэксту. Рашэнне пра публікацыю заўсёды застаецца за чалавекам, — падкрэслівае ўкраінскі калега.
Абарона дадзеных і крыніц. Гэта крытычна важны пункт: нельга загружаць канфідэнцыйную інфармацыю ў воблачныя ШІ-сэрвісы. Гэта датычыцца звестак крыніц, паказанняў ахвяр гвалту або нерасшыфраваных інтэрв’ю. Спачатку трэба ацаніць рызыкі ўцечкі і атрымаць згоду людзей, чые дадзеныя выкарыстоўваюцца.
Ад транскрыбацыйнага пекла да ўласных агентаў: як журналістам падпарадкаваць штучны інтэлект
Недапушчальнасць маніпуляцый і дыпфейкаў. ШІ забаронена выкарыстоўваць для стварэння малюнкаў або гукаў, якія ўводзяць у памылку. Журналісты абмяркоўвалі строгія забароны, як у Associated Press, якія катэгарычна не дазваляюць змяняць элементы на фота ці відэа з дапамогай ШІ, каб не скажаць рэальнасць. Таксама табу накладзенае на імітацыю чужых галасоў і выкарыстанне ШІ для ўтоенай прапаганды.
Поўная чалавечая адказнасць. Нават калі частку працы зрабіў ШІ, поўную юрыдычную і этычную адказнасць за матэрыял нясе рэдакцыя і канкрэтны аўтар. Нельга перакладаць на алгарытм рашэнні, якія маюць этычныя наступствы.
Як зазначыў Алег Хамянок, галоўны вынік дыскусій у школе — гэта тое, што штучны інтэлект з’яўляецца магутным памочнікам, але ён не замяняе журналісцкае мысленне, прафесіяналізм і, самае галоўнае, персанальную адказнасць за кожнае слова.
Ці заменіць ШІ журналістаў, як ён дапаможа ці перашкодзіць іх працы?
Як зазначае Алег Хамянок, гэта самае частае пытанне, і адказ на яго адназначны: штучны інтэлект не заменіць журналіста, але журналіст, які выкарыстоўвае ШІ, заменіць калегу, які яго не выкарыстоўвае.
ШІ разгружае журналістаў ад вытворчай руціны, вызваляе час для «сапраўднай» журналістыкі — расследаванняў, інтэрв’ю, палявой працы. Ён становіцца ідэальным «другім пілотам» (co-pilot): дапамагае структураваць думкі, правяраць граматыку і нават прапаноўваць ідэі для загалоўкаў або тэматыку публікацый.
Пры гэтым ён стварае вялікія рызыкі:
- Гэта ўвядзенне журналістаў у зман, галюцынацыі, калі штучны інтэлект можа ўпэўнена хлусіць ці скажаць факты.
-
Гэта таксама страта трафіку і аўдыторыі, паколькі людзі ўсё часцей пытаюцца чат-ботаў, а не шукаюць спасылкі ў пошукавіках. Гэта выклік для бізнес-мадэлі СМІ — трэба вучыцца «карміць» алгарытмы правільнай інфармацыяй, каб яны спасылаліся на вас.
- Гэта праблемы даверу да медыяў — лёгкасць стварэння дыпфейкаў і сінтэтычнага кантэнту ставіць пад удар давер. Калі медыя пачне ашукваць аўдыторыю, хаваючы выкарыстанне штучнага інтэлекту, давер проста знікне.
Падсумоўваючы, Алег Хамянок зазначае, штучны інтэлект — гэта не «чарадзейная палачка», якая робіць усё сама. Гэта складаная прылада аперацыйнай эфектыўнасці, у якой адказнасць і мысленне заўсёды застаюцца за чалавекам.
У кастрычніку 2026 года частка ўдзельнікаў школы ШІ, як і іншыя медыі з пяці краін-удзельніц праекта, збяруцца ў Кішыневе, каб абмяняцца досведам працы, у тым ліку і працы рэдакцый са штучным інтэлектам. Вынікі прафінансаваных праектаў каманд будуць таксама прэзентаваныя на гэтай канферэнцыі.
@bajmedia