• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дакументальны фільм беларускай рэжысёркі Not Made For Politics пра падзеі 2020 года выйшаў на HBO Max

    Дакументальны поўнаметражны дэбют беларускай рэжысёркі і дырэктаркі фестываля «Паўночнае ззянне» Волі Чайкоўскай «Не для палітыкі» (Not Made For Pol­i­tics) стаў даступны глядацкай аўдыторыі на HBO Max. Пра гэта ў сваіх сацсетках паведаміў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка — беларуская лідарка з’яўляецца адной з гераіняў кінастужкі.

    Фільм, над якім каманда працавала пяць гадоў, зрабіў прэцэдэнт: гэта першы ў гісторыі эстонскі дакументальны капрадукцыйны праект для HBO і першая кінакарціна на платформе, знятая беларускай жанчынай-рэжысёркай.

    Прэм’ера фільма адбылася амаль год таму на прэстыжным кінафестывалі «Цёмныя ночы» ў Таліне (PÖFF), пасля чаго стваральнікі паказалі яго на шматлікіх міжнародных кінафорумах.

    Пра што кіно?

    Стужка распавядае пра падзеі 2020 года ў Беларусі, калі пасля арышту асноўных кандыдатаў у прэзідэнты лідарства ў прадэмакратычным руху ўзялі на сябе жанчыны. Камера сочыць за лёсамі Святланы Ціханоўскай, Надзеі Зелянковай і Машы — кожная з іх па-свойму стала тварам супраціву рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

    Аднак «Не для палітыкі» — гэта не простая хроніка рэвалюцыі. Стужка мае асабістую лінію самай рэжысёркі Волі Чайкоўскай. Назіраючы за падзеямі з Таліна і здымаючы пратэсты ды ініцыятывы салідарнасці на адлегласці, рэжысёрка праходзіць шлях ад знешняга назіральніка да актыўнага ўдзельніка гісторыі.

    «Гэта аповед пра пераадоленне страху, вымушаную эміграцыю і пра тое, як барацьба за свабоду змяняе ідэнтычнасць чалавека», — адзначаецца ў рэлізе фільма.

    Праект быў створаны ў капрадукцыі Эстоніі, Францыі і ЗША (кампаніі All­film, YUZU Pro­duc­tions, Sor­ren­to Pro­duc­tions) сумесна з HBO Europe Doc­u­men­taries, ARTE і шэрагам еўрапейскіх тэлеканалаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.