Рэпартаж «Радыё Рацыя» трапіў у шорт-ліст прэміі Адамовіча
3 верасня, у дзень народзінаў класіка, Беларускі ПЭН абвесціў кароткі спіс прэміі. Сярод фіналістаў — Юрка Ляшчынскі і Якуб Сушчынскі з рэпартажам «Памяць у Свіслачы» на Беларускім Радыё Рацыя.

Прэмія імя Алеся Адамовіча прысуджаецца з 1995 года за творы, прысвечаныя актуальным праблемам сучаснасці. Сёлета ў поўным спісе прэміі былі 23 творы розных жанраў і фарматаў – ад мастацкай і дакументальнай прозы да журналістыкі, мультымедыйных праектаў і ініцыятыў вуснай гісторыі. Пасля фармавання доўгага спіса з 13 намінантаў журы абрала шасцярых прэтэндэнтаў на галоўную ўзнагароду.
Кароткі спіс:
-
Зборнік «Голас пакалення свабоды» — Сяргей Сашук (выдавецтва «Полацкія лабірынты», 2025)
-
Кніга апавяданняў «Дубовые яблочкі» — Вольга Касцюк (выдавецтва «Skaryna Press», 2025)
-
Зборнік «Іду да вас, людзі» — укладальніца і рэдактарка Алена Казлова (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2025)
-
Рэпартаж «Памяць у Свіслачы» — Юрка Ляшчынскі, Якуб Сушчынскі (Беларускае Радыё Рацыя, 2025)
-
Раман «Пентаквантар» — Арцём Шуканаў (выдавецтва «Gutenberg Publisher», 2025)
-
Раман «Эйфарыя» — Марыя Пархімчык (выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2025)
Паводле правіл статута і рэгламенту, прэмія Адамовіча адкрытая для розных формаў выказвання: намінуюцца не толькі кнігі, але і публіцыстычныя артыкулы, падкасты, радыйныя рэпартажы, медыяпраекты і відэацыклы. Нязменнай застаецца галоўная ідэя — ушанаванне памяці Алеся Адамовіча і ўганараванне твораў, якія дапамагаюць асэнсоўваць сучаснасць, захоўваюць памяць пра людзей і падзеі свайго часу.
Алесь Адамовіч — літаратар, сцэнарыст, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа. У наступным годзе будзе 100-гадовы юбілей Алеся Адамовіча — і з гэтай нагоды ПЭН пачынае год, прысвечаны пісьменніку, з рознымі імпрэзамі, сустрэчамі і публікацыямі.
@bajmedia