«Лісты» з прымушанай да маўчання краіны: на Венецыянскім кінафестывалі адбылася сусветная прэм’ера фільма Андрэя Куцілы
9 верасня на 83‑м Венецыянскім міжнародным кінафестывалі адбылася сусветная прэм’ера дакументальнай стужкі беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы «Лісты» («Listy» / «Letters from the Silenced Country»). Фільм, створаны ў супрацы кінематаграфістаў Польшчы, Германіі і Літвы, распавядае пра лёсы беларусаў, якія прайшлі праз турэмнае зняволенне, рэпрэсіі і вымушаную эміграцыю.

Андрэй Куціла з постарам фільма напярэдадні прэм’еры, па прыбыцці на фэст. Фота: сацсеткі кінастужкі
Гэта гістарычны прэцэдэнт для айчыннага кінематографа: «Лісты» становяцца першай дакументальнай карцінай з незалежнай Беларусі, паказанай у афіцыйнай праграме Венецыянскага кінафестывалю.
Ужо сёння з раніцы прайшоў прэсавы паказ, афіцыйная прэм’ера, адкрытая для публікі, распачалася а 14.00 у Astra 2, а таксама ў Sala Corinto а 17:15.

Падрыхтоўка да прэм’еры. Частка каманды ў Венецыі. Фота: сацсеткі фільма
Пра што гэта кіно?
«Лісты» («Listy» / «Letters from the Silenced Country») вядомага беларускага кінематаграфіста Андрэя Куцілы — гэта 75-хвілінны партрэт сучаснай Беларусі, які будуецца на асабістых гісторыях рэпрэсаваных людзей, чые галасы спрабуе заглушыць рэжым.
Гледачы знаёмяцца з бацькам, які хаваецца ад сродкаў сачэння, каб пазбегнуць арышту і расстання з дачкой, а таксама з былым следчым, які адмовіўся працаваць у сістэме, уцёк у Польшчу і ўжо ў эміграцыі сутыкаецца з паўторнымі допытамі ды адчуваннем безвыходнасці.
Яшчэ адна гераіня — маладая студэнтка Кася, асуджаная за пратэсты, выжывае ў зняволенні дзякуючы маляванню, выкарыстоўваючы мастацтва для захавання ўласнай годнасці. Гісторыя ж 50-гадовага Вітольда раскрываецца праз фатаграфіі, дасланыя сябрам з дому — дбайна адабраныя фрагменты свету за межамі турэмных сцен, якія даюць яму хвіліны свабоды.
Андрэй Куціла, прадстаўляючы карціну, падкрэслівае, што ведае гісторыі зняволеных з першых вуснаў:
«Я быў вымушаны з’ехаць з Беларусі пасля таго, як пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў былі жорстка здушаныя. Я ведаю гісторыі тых, хто быў зняволены рэжымам. Мая сястра была адной з іх — яе арыштавалі, і яна дагэтуль не можа забыць крыкі людзей, якіх катавалі кожную ноч. Гэта не гісторыя мінулага. Рэпрэсіі працягваюцца. Амаль штодня кагосьці арыштоўваюць, камусьці выносяць прысуд — часта без грамадскай пагалоскі. Праз сваю стужку я хачу даць голас тым, хто не можа гаварыць — беларусам, якіх прымусілі да маўчання».

Постар да стужкі
Як стваралася карціна?
Рэжысёр працаваў над праектам пяць гадоў. Складанасцю ў рэалізацыі задумы творцы стала не толькі бяспека герояў, але і каманды.
Адна з дэталяў стужкі: у тытрах побач з імём вядомага польскага аператара Войцеха Вэнглажа (Wojciech Węglarz) афіцыйна пазначаны Ананім. Частка кадраў і назіральных здымкаў рабілася ўнутры Беларусі людзьмі, чые імёны нельга раскрываць з меркаванняў бяспекі.
Каб паказаць тое, што немагчыма зафіксаваць на камеру ўнутры беларускіх СІЗА і калоній, каманда выкарыстала анімацыю (яе рабіла польская мастачка Наталля Спыхала). Матэрыялам для анімацыі паслужылі рэальныя эскізы, накіды і малюнкі, якія вызваленыя палітвязні здолелі кантрабандай ці ў лістах вынесці на волю.
У размовах пра сваю працу Андрэй Куціла выкарыстоўвае аўтарскі тэрмін «Кінакалайдар» (Cinema collider). Ён апісвае сваю мантажную тэхніку як «сутыкненне» абсалютна разнародных фарматаў: прыватнай назіральнай здымкі, хатніх архіваў, анімацыі, турэмных запісак і абстрактных гукавых ландшафтаў. Гэта дазваляе стварыць эфект «унутранага маналогу» краіны, а не проста сухой хронікі.

Кадр з фільму. Правы: Courtesy of DocEdu Foundation
Міжнародную вытворчасць «Лістоў» забяспечылі прадзюсары Міраслаў Дэмбіньскі (DocEdu Foundation), Гедрэ Жыцкіце (Moonmakers), а таксама Грэгар Штрайбер і Фрыдэман Готэнбахер (inselfilm produktion). У фільме гучыць беларуская, руская і польская мовы.
Куціла — адзін з беларускіх дакументалістаў, які мае добрую рэпутацыю сярод галоўных еўрапейскіх фондаў. Атрымаўшы ў 2018 годзе ўзнагароду на IDFA у Амстэрдаме (галоўны дакументальны фестываль свету) за фільм «Summa», ён умацаваў статус аўтара, здольнага перакладаць беларускі боль на мову ўніверсальнага чалавечага кіно. Менавіта таму да праекта «Лісты» далучыліся паўночнаеўрапейскія тэлекампаніі ARTE, DW, ZDF і TVP.
Адзін з галоўных матываў фільма — стварэнне пачуцця прасторавай і інфармацыйнай ізаляцыі. У фільме паказана, як лісты застаюцца адзіным каналам сувязі паміж двума паралельнымі сусветамі: тым, хто ўнутры краіны (ці за кратамі), і тым, хто быў вымушаны ўцячы за мяжу. Тэма страчаных, цэнзураваных ці затрыманых лістоў у карціне становіцца метафарай цэлай нацыі, пазбаўленай голасу.

Кадр з фільму. Правы: Courtesy of DocEdu Foundation
Хто такі Андрэй Куціла?
Андрэй Куціла нарадзіўся ў 1983 годзе. У 2007‑м скончыў факультэт журналістыкі БДУ, а праз два гады — Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Удзельнік прэстыжных міжнародных праграм IDFAcademy і Berlinale Talents, стыпендыят польскай праграмы Gaude Polonia.
У 2018 годзе яго стужка «Summa» здабыла ўзнагароду за найлепшы сярэднеметражны дакументальны фільм на найбуйнейшым кінафестывалі дакументалістыкі IDFA у Амстэрдаме. У рэжысёрскім даробку Куцілы больш за дзясятак дакументальных прац, якія атрымалі міжнароднае прызнанне, сярод якіх: «Днюка» (2010), «Госці» (2015), «Стрыптыз і вайна» (2019), «Абдымкаў трэба мне тваіх» (2020) і «Калі кветкі не маўчаць» (2021), «Святая вада» (2023) і іншыя.
Паўторны сеанс карціны адбудзецца заўтра, 10 верасня, а 14:00 у зале Astra 2.
@bajmedia