• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Вільні асудзілі грамадзянку Літвы, якая ў афіцыйных СМІ Беларусі крытыкавала палітыку сваёй краіны

    Віленскі акруговы суд змяніў вырак, вынесены сёлета ў пачатку году грамадзянцы Літвы Эрыцы Швянчонене за адмаўленне злачынстваў СССР, на больш жорсткі.

    Як паведаміла выданьне LRT, цяпер па выніках разгляду апэляцыі абвінавачаньня яе асудзілі на паўтара году абмежаваньня волі. У лютым ёй прысудзілі штраф у 3 750 эўра.

    справа Эрыкі Швянчонене за інтэрв'ю беларускім СМІ

    Віленскі суд. Ілюстрацыйнае фота: Радыё Свабода

    Паводле выданьня, суд абавязаў Эрыку Швянчонене цягам усяго гэтага тэрміну працаваць або знаходзіцца на ўліку ў Службе занятасьці, а таксама выдаліць з сваёй старонкі ў Face­book допіс, у якім яна абвінаваціла спэцслужбы Літвы ў трагедыі на памежным пункце ў Медніках на мяжы зь Беларусьсю 31 ліпеня 1991 году. Тады загінулі 7 супрацоўнікаў літоўскіх праваахоўных службаў, а адзін атрымаў цяжкае раненьне.

    «Трагедыя ў Медніках — гэта цёмнае наступства дзейнасьці спэцслужбаў Літвы. Шмат фактаў сьведчылі аб тым, што забойцы былі з сваіх. Праўда прыхаваная, сьведкі змаўкаюць», — напісала тады яна.

    Экспэртка ў лінгвістыцы Гінтарэ Герасіменкене, якая выступала ў судзе, заявіла, што абвінавачаная ў ацэнцы тых падзеяў дзейнічала паводле шаблёнаў варожай прапаганды.

    Асуджаная разам яшчэ з двума грамадзянамі Літвы Валерыем Івановым і Казімерасам Юрайцісам зьяўляецца сузаснавальніцай зьліквідаванага «Міжнароднага форуму добрасуседзтва».

    Яна таксама праходзіць абвінавачанай у яшчэ адной справе — аб дапамозе іншай дзяржаве ў дзейнасьці супраць Літвы, аб публічным ухваленьні міжнародных і савецкіх злачынстваў, іх адмаўленьні і грубым прыніжэньні.

    Эрыка Швянчонене, Казімерас Юрайціс і Лаўрынас Рагяльскіс разам зь іншымі антызаходнімі і прарасейскімі літоўскімі блогерамі ў ліпені 2022 году наведвалі Беларускую АЭС у Астраўцы. Пасьля гэтага Эрыка Швянчонене выказвалася за аднаўленьне дачыненьняў паміж Літвой і Беларусьсю і пастаўкі «таннай» беларускай электраэнэргіі ў Літву.

    Доўгі час пасьля гэтай паездкі яна і яе паплечнікі часта давалі камэнтары прапагандысцкім СМІ Беларусі аб «няправільнай» палітыцы Літвы ў дачыненьні Беларусі.

    У чым сутнасьць другой справы

    11 верасьня, як паведамляе LRT, пракурор Віленскага акруговага суда запатрабааў абвінаваўчы вырак тром людзям, якіх абвінавачваюць у аказаньні дапамогі іншай дзяржаве ў дзеяньнях супраць інтарэсаў Літвы, адмаўленьні злачынстваў СССР.

    Найбольшы тэрмін — два гады турмы пракурор запатрабаваў для Эрыкі Швянчонене, якая вядомая ў Беларусі праз яе пастаянную прысутнасьць у беларускіх дзяржаўных СМІ.

    «У заключнай прамове пракурор адзначыў, што падсудныя дзейнічалі ў інтарэсах Расеі і Беларусі. Падсудныя ў расейскіх і беларускіх прапагандысцкіх перадачах неаднаразова распаўсюджвалі ілжывую, паклёпніцкую інфармацыю аб Літве і Украіне. Швянчонене шукала асоб, якія жадаюць ваяваць на баку Расеі ва Украіне. Сувязі падсудных з уладамі і КДБ Беларусі пацьвярджаюцца дадзенымі Дэпартамэнта дзяржаўнай бясьпекі», — паведаміла LRT.

    Зараз Швянчонене адбывае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня свабоды ў сувязі х іншым прысудам — за адмаўленьне злачынстваў СССР.

    За апошні год толькі дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА прыгадала яе 24 разы. Там яе прадстаўляюць то блогерам, то палітолягам, то актывісткай, то экспэртам, у залежнасьці ад характару паведамленьня. Эрыка Швянчонене не раз бывала ў Беларусі, крытыкавала там палітыку літоўскіх уладаў і ўхваляла Лукашэнку.

    Што адбылося 35 гадоў таму на мяжы Літвы і Беларусі

    11 сакавіка 1990 году парлямэнт Літвы абвясьціў незалежнасьць краіны ад СССР. Пасьля гэтага літоўскія ўлады пачалі ствараць памежныя і мытныя пасты на межах Літвы. Мытны пост «Меднікі» на мяжы зь Беларусьсю быў невялікі — для працы мытнікаў і памежнікаў паставілі звычайны вагон.

    Нагодай для памежных канфліктаў стаў увод урадам Літвы жорсткіх абмежаваньняў на вываз тавараў зь літоўскай тэрыторыі. У першай палавіне траўня 1991 году некалькі памежных пастоў спалілі. Вясной і летам 1991 году сэрыю нападаў на гэтыя пастарункі ўчынілі байцы рыскага і віленскага АМАПу з шаўронамі «Наши». Гэтыя аддзелы падпарадкоўваліся Міністэрству ўнутраных справаў СССР.

    18 траўня 1991 году нібыта з засады побач з Салечнікамі застрэлілі ўчастковага інспэктара Воранаўскага раённага аддзелу ўнутраных справаў БССР Аляксандра Фіяся. На наступны дзень застрэлілі капітана памежнай службы Літвы Гінтараса Жагуніса. Беларуская міліцыя затрымала падазраваных, сярод якіх быў брат Аляксандра Фіяся.

    Раніцай 31 ліпеня 1991 году на мяжы Літвы і Беларусі, на пастарунку ў Медніках, службоўцы рыскага АМАПу напалі на літоўскіх памежнікаў і мытнікаў. Сем супрацоўнікаў мытні, паліцыі і памежнай службы загінулі, адзін атрымаў раненьні і выжыў, але застаўся інвалідам.

    У кастрычніку 2016 году Віленскі акруговы суд завочна засудзіў трох колішніх байцоў рыскага АМАПу (цяпер грамадзяне Расеі) на пажыцьцёвае зьняволеньне паводле абвінавачаньня ў забойстве.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.