• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарм ўключыў Instagram-акаўнт экс-палітзняволенай журналісткі Дар’і Чульцовай

    Міністэрства інфармацыі Беларусі ўвечары 13 кастрычніка чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго ўнеслі акаўнт Daria ў сацсетцы Insta­gram (з імем карыстальніка dari­ashulc, як напісана на сайце ведамства). Гэты акаўнт належыць Дар’і Чульцовай, былой палітзняволенай відэааператарцы тэлеканала «Белсат».

    Дарья Чульцова

    Дар’я Чульцова. Скрыншот з канала «ЧестнОК-Live», 2025 год

    Рашэнне пра гэта прыняў 9 кастрычніка 2026 года суд Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

    Інтэрнэт-рэсурс мае амаль тысячу падпісчыкаў. «Калі ласка, усе, хто знаходзіцца ў Беларусі і падпісаны на мяне, адпішыцеся!», — звярнулася да іх Дар’я Чульцова, даведаўшыся, што яе старонка ў Insta­gram прызнана «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».

    Журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года ў шматпавярховіку на вядомай «Плошчы Перамен» у Мінску, калі ў жывым эфіры асвятлялі вулічную акцыю памяці забітага Рамана Бандарэнкі.

    Спачатку на Андрэеву і Чульцову склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкулаў 23.34 і 23.4 КаАП — журналістак звінавацілі ў тым, што яны нібыта ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту і не падпарадкоўваліся пры гэтым міліцыі. 17 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Мінска пакараў журналістак за прафесійную дзейнасць 7 суткамі адміністрацыйнага арышту.

    «Ніколі не пытайся ў зняволенага: «Як ты?..» Вялікая размова з Дар’яй Чульцовай – на 38‑ы дзень пасля турмы

    Тым часам супраць журналістак распачалі крымінальную справу за той самы стрым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Следства сцвярджала, што стрым Кацярыны і Дар’і нібыта пацягнуў за сабой прыпыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных (хаця большасць з гэтых маршрутаў наогул не маюць дачынення да «Плошчы Перамен»). Шкода «Мінсктрансу» была ацэненая следствам на 11 562 рублі і 14 капеек.

    Паводле прысуду Дар’я Чульцова правяла за кратамі два гады.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.