DW асудзіла вышук чатырох сваіх журналістак у Беларусі
6 лістапада генеральная дырэктарка нямецкай медыякампаніі Deutsche Welle Барбара Масінг (Barbara Massing) асудзіла рашэнне беларускіх уладаў аб’явіць у вышук чатырох журналістак DW — Вольгу Капусціну, Аляксандру Багуслаўскую, Ульяну Бабаед і Кацярыну Крыжаноўскую. Усе чацвёра таксама аб’яўлены ў вышук у Расіі.

Фота: DW/M.Smajic
DW мае інфармацыю, што беларускія журналісткі аб’яўленыя ў вышук у сувязі з крымінальным пераследам па артыкуле 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Гэты артыкул тычыцца меркаванага ўдзелу ў арганізацыях, якія класіфікуюцца як «экстрэмісцкія».
Нямецкая медыякампанія лічыць такое рашэнне недапушчальным.
«Мы рашуча асуджаем выдадзены ордэр на арышт нашых калегаў. Гэта непрымальная спроба крыміналізаваць незалежную журналістыку і запалохаць журналістаў проста за тое, што яны выконваюць сваю працу», — заявіла генеральная дырэктарка DW Барбара Масінг.
Нагадаем, што ў красавіку 2024 года беларускія ўлады прызналі рэдакцыю «DW Беларусь» «экстрэмісцкім фарміраваннем». Гэта прывяло да забароны кантэнту DW у краіне. Беларускія ўлады сцвярджаюць, быцца праца гэтай рэдакцыі пагражае нацыянальнаму суверэнітэту і грамадскай бяспецы, а таксама дыскрэдытуе дзяржаўных службовых асоб.
Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (арт. 361–1 КК) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў — да 10 гадоў пазбаўлення волі.
«Мы падтрымліваем нашых калег. DW не дазволіць сябе запалохаць і працягне прадастаўляць народу Беларусі незалежную і праўдзівую інфармацыю», — падкрэслівае спадарыня Масінг.
@bajmedia