• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Абвяшчэнне вынікаў разгляду апеляцый прафсаюзных актывістаў перанеслі на 3 красавіка

    Вярхоўны суд 31 сакавіка разглядаў скаргі прафсаюзных актывістаў, асуджаных на працяглыя тэрміны зняволення нібыта за «экстрэмісцкую дзейнасць». На аспрэчванне выраку першай інстанцыі разлічваў і журналіст, публіцыст, палітолаг Вацлаў Арэшка.  

    Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, Вярхоўны суд не ўклаўся ў аднадзённае пасяджэнне, канчатковы вердыкт будзе агучаны ў панядзелак 3 красавіка. Сёння прызначаны на працэс суддзя Пётр Лістраценка толькі паспеў заслухаць аргументы прадстаўнікоў абароны. Слуханні адбываліся ў закрытым рэжыме.

    Адвакаты палітвязняў аспрэчвалі неабгрунавана жорсткія прысуды на падставе, перш за ўсё, пераследу за грамадзянскую актыўнасць. Самі асуджаныя чакалі канчатковага вердыкту ў ізалятары турмы № 4 Магілёва. 

    Нагадаем, працэсам на стадыі першай інстанцыі займаўся Мінскі гарадскі суд, суддзя Настасся Папко адпачатку зрабіла слуханні абмежаванымі для наведванняў. На лаве падсудных — рэдактар бюлетэня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Вацлаў Арэшка, старшыня прафсаюза РЭП Васіль Бераснеў і колішні кіраўнік арганізацыі Генадзь Фядыніч.

    Цягам паўтара месяца звестак з судовай залы амаль не прасочвалася, да прысуду не было нават вядома, якія тэрміны прадстаўнік пракуратуры Раман Бізюк запатрабаваў для абвінавачаных прафсаюзных актывістаў. Таму выніковыя выракі, агучаныя 5 студзеня 2023 года, назіральнікаў, без перабольшання, збянтэжылі.

    Вацлаў Арэшка, рэдактар прафсаюзнага бюлетэня — 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    Васіль Бераснеў, дзейны старшыня прафсаюза работнікаў РЭП — 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    Генадзь Фядыніч, былы кіраўнік прафсаюзнага аб’яднання — 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

    Актывістаў звінавацілі ў шэрагу крымінальных артыкулаў, якія апошнім часам выстаўляюцца ў палітычных працэсах: заклікі да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК), распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК), стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім (ч. 1 і ч. 3 арт. 361–1 КК).
    Усіх затрымалі пасля ператрусаў у красавіку 2022 года, спачатку змясцілі ў СІЗА КДБ, затым перавялі ў СІЗА № 1 Мінска.

    Летась у ліпені Вярхоўны суд на падставе заявы Генеральнай пракуратуры зліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, які да таго Камітэт дзяржбяспекі прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй», а таксама Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз металістаў, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

    Праваабаронцы прызналі палітвязнямі адразу 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія апынуліся за кратамі. Гэта Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч, Васіль Бераснеў, Генадзь Фядыніч, Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў.

    Адрозна ад бальшыні калегаў, прафесійна засяроджаных на абароне правоў працоўных, Вацлаў Арэшка займаўся культурніцкімі праектамі ды ініцыятывамі. У якасці журналіста і даследчыка друкаваўся ў часопісах «Спадчына», «Arche Пачатак», pAR­Ti­san, рэдагаваў электронны сайт-архіў «Вытокі». Выступаў як палітолаг у беларускіх і замежных СМІ. Актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», ініцыятар стварэння «Кнігі Гонару Курапатаў» у памяць пра ахвяр рэпрэсій савецкага рэжыму.

    У вір судовых разбіральніцтваў Вацлаў Арэшка трапіў 19 красавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры — нібыта «браў актыўны ўдзел у дзейнасці незалежных прафсаюзаў» як рэдактар бюлетэня работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). За журналісцкую працу, уласна кажучы, і быў пакараны значным тэрмінам зняволення. 

    Чытайце яшчэ:

    «Экстремистский» статус: юристы БАЖ обратились в специальные процедуры ООН

    The Wall Street Journal призвала выслать посла РФ и всех российских журналистов из США

    У Беластоку прэзентавалі часопіс «Мінкульт»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці