• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выйшаў на волю палітзняволены відэааператар Яўген Глушкоў

    22 жніўня ён ужо быў у Магілёве, адбыўшы за кратамі больш як два з паловай гады. Падчас зняволення ў Яўгена Глушкова істотна пагоршылася здароўе, і цяпер ён знаходзіцца ў лякарні.

    Яўген Глушкоў

    Яўген Глушкоў. Фота: з сацыяльных сетак

    Пасля вызвалення Яўген Глушкоў мусіў звярнуцца да лекараў з прычыны трафічнай язвы на левай назе.

    Праблемы са здароўем пачаліся яшчэ ў бабруйскай калоніі № 2, дзе палітвязень адбываў прысуд, яго спрабавалі лекаваць, але працягваць лячэнне давядзецца ўжо на волі.  

    Відэаператар-фрылансер Яўген Глушкоў быў затрыманы 5 студзеня 2024 года ў Магілёве. На той час ён вёў даволі замкнёны лад жыцця, і  пра яго затрыманне стала вядома не адразу — знаёмыя распачалі пошукі, калі зразумелі, што ён ужо некалькі дзён не выходзіць на сувязь.

    Некаторы час Глушкова ўтрымлівалі ў ізалятары часовага ўтрымання на падставе адміністацыйнага артыкула, а потым у дачыненні відэаператара распачалі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА пры турме № 4. Міліцыянты знялі з ім так званае «пакаяльнае» відэа, якое размяціў у сваёй стужцы блізкі да магілёўскіх міліцэйскіх структур тэлеграм-канал. У ім Глушкоў гаворыць, што з 2017 года супрацоўнічаў з інтэрнэт-рэсурсам 6tv.by, абвешчаны беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Яўген Глушкоў

    Яўген Глушкоў у лякарні. Фота: з сацыяльных сетак

    31 ліпеня 2024 года Магілёўскі абласны суд прызнаў Яўгена Глушкова і ягонага земляка, журналіста Алеся (Аляксандра) Сабалеўскага вінаватымі паводле двух крымінальных артыкулаў:

    • арт. 361–1 КК РБ (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім);
    • часткі 1 артыкула 361–3 КК РБ (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, вайсковых дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка да такога ўдзелу).

    Справу вёў суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі. Яўгену Глушкову ён прысудзіў  3 гады зняволення з адбыццём у калоніі і штраф памерам 20 базавых велічынь (на той час 8 000 рублёў). Алесю Сабалеўскаму прызначыў 4 гады зняволення ў калоніі і таксама буйны штраф.

    Абодва журналісты абскардзілі гэты вердыкт ў вышэйшую судовую інстанцыю. Разгляд іх апеляцыйных скаргаў адбыўся ў Вярхоўным судзе 27 верасня 2024 года. Не вядома, ці былі ў выніку змененыя тэрміны пакарання і памеры штрафаў, але ў пераліку асоб, датычных да «экстрэмісцкай» дзейнасці, на сайце МУС абвінавачанне ў парушэнні часткі 1 артыкула 361–3 КК ужо не згадвалася.

    Яўген Глушкоў шмат гадоў працаваў на магілёўскім гарадскім тэлебачанні, пасля 2000‑х у якасці відэааператара супрацоўнічаў з шэрагам гарадскіх інфармацыйных парталаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.