«Магчымасць казаць свету пра Беларусь». БАЖ бярэ ўдзел у з’ездзе Еўрапейскай федэрацыі журналістаў
Дэлегат ад Беларускай асацыяцыі журналістаў, намеснік старшыні арганізацыі Барыс Гарэцкі і назіральніца — тыктокерка БАЖ — Кацярына Васілёнак бяруць удзел у з’ездзе Еўрапейскай федэрацыі журналістаў у Косава, Прышціна. На парадку дня з’езду пытанні захавання якасці медыя, падтрымка журналістаў падчас пераследу і ў зоне баявых дзеянняў, штучны інтэлект у медыя і абарона працоўных правоў медыйшчыкаў і медыйшчыц.

Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі на з’ездзе ЕФЖ у Прышціне. Косава, 23-га траўня 2024 года. Фота: БАЖ
— Для нас гэта выдатная магчымасць расказаць і нагадаць многім нашым замежным калегам пра Беларусь, прафесійныя беларускія медыя, беларускіх журналістаў і журналістак за кратамі. Усе мінулыя гады мы адчуваем моцную падтрымку ЕФЖ.
Таксама нам ёсць чым ганарацца, бо разам з ЕФЖ мы робім шэраг праграм для беларускіх калег, удзельнічаем у супольных акцыях, гаворым пра агульныя праблемы, — гаворыць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Прадстаўнікі БАЖ Барыс Гарэцкі і Кацярына Васілёнак на з’ездзе ЕФЖ у Прышціне. Косава, 23-га траўня 2024 года. Фота: БАЖ
БАЖ з’яўляецца поўным сябрам ЕФЖ з 2013 года. Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) — найбуйнейшая арганізацыя журналістаў у Еўропе, якая прадстаўляе больш за 320 000 журналістаў у 74 журналісцкіх арганізацыях у 46 краінах.
EFJ змагаецца за сацыяльныя і прафесійныя правы журналістаў, якія працуюць ва ўсіх сектарах СМІ па ўсёй Еўропе праз моцныя прафсаюзы і асацыяцыі. EFJ прасоўвае і абараняе правы на свабоду слова і інфармацыю.
Апошнія два гады беларускі журналісцкі конкурс «Вольнае слова» праводзіцца пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.
Акрамя гэтага БАЖ знаходзіцца ў сталым кантакце з ЕФЖ па шэрагу праграм і праектаў.
Больш інфармацыі пра БАЖ на з’ездзе ЕФЖ можна пабачыць у нашым Instagram.
