Суд падоўжыў тэрмін арышту падазраванай у шпіянажы Іны Кардаш
Грамадзянка Беларусі Іна Кардаш будзе знаходзіцца пад вартай сама меней да 14 чэрвеня.

Іна Кардаш. facebook.com/ina.kardash
Як стала вядома Свабодзе ад інфармаваных крыніц, адпаведнае рашэньне нядаўна ўхваліў суд. Як і раней, яна будзе знаходзіцца ў Кіеўскім сьледчым ізалятары, на ўмовы ўтрыманьня ў якім яна неаднаразова скардзілася.
У выпадку перадачы справы для разгляду па сутнасьці ў суд, яе трыманьне пад вартай будуць таксама працягваць.
Што папярэднічала
Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы паводле ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (перадача або збор іншаземцам з мэтай перадачы іншаземнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі або іх прадстаўнікам зьвестак, якія ёсьць дзяржаўнай таямніцай).
На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «сьвядома для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».
20 красавіка стала вядома, што суд арыштаваў кватэру Іну Кардаш для забесьпячэньня вядзеньня крымінальнай справы.
@bajmedia