Блогер Пятрухін уладкаваўся ў Польшчы дастаўшчыкам ежы
Дэлегат Каардынацыйнай рады і былы палітвязень апублікаваў у сацсетках фота на веласіпедзе з фірмовым заплечнікам службы дастаўкі Uber Eats за спінай.
Блогер Сяргей Пятрухін стаў вядомы ў сярэдзіне 2010‑х дзякуючы праекту «Народны рэпарцёр». Разам з Аляксандрам Кабанавым ён здымаў ролікі пра жыццё Брэста і праблемы гараджан. Падобную ідэю, але ў агульнанацыянальным фармаце пасля ўвасобіў Сяргей Ціханоўскі.
Пятрухін быў арыштаваны ў чэрвені 2020-га, яшчэ да выбараў. Яму і Кабанаву прысудзілі па тры гады калоніі. Пасля вызвалення ў снежні 2022-га Пятрухін вярнуўся ў Брэст, дзе пражыў больш за год. У студзені 2024-га блогер выехаў у эміграцыю.
У Польшчы Пятрухін аднавіў «Народны рэпарцёр», акцэнт яго ўвагі змясціўся на пошук нядобрасумленных прадстаўнікоў апазіцыі. Апроч таго, блогер абраўся ў Каардынацыйную раду.
Як вынікае з фотаздымку Пятрухіна ў фэйсбуку, цяпер ён працуе дастаўшчыкам ежы ў сэрвісе Uber Eats.