• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Борисовские новости» зноў зніклі з падпісных каталогаў (+Копіі дакументаў)

    Выданне, выкінутае з падпіскі на працягу 8-і гадоў і вернутае ў каталогі ўлетку 2013 года, пратрымалася ў іх менш за 5 месяцаў.

    16 кастрычніка галоўны рэдактар газеты Анатоль Букас атрымаў ліст за подпісам першай намесніцы генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Алены Скрыпчык.

    Яна піша, што «БН» мусіла прыслаць заяўку на ўключэнне ў каталог да 30 жніўня, пра што Мінская філія «Белпошты» нібыта інфармавала ў адмысловых лістах усе рэгіянальныя рэдакцыі.

    Анатоль Букас кажа, што ніякіх лістоў не атрымліваў і таму сам накіраваў заяўку ў верасні. «Я гутарыў з людзьмі, якія займаюцца ўключэннем выданняў у каталог, і яны запэўнівалі, што гэта не запозна», – зазначыў рэдактар прэс-службе ГА «БАЖ».  

    Спадар Букас перакананы, што выключэнне яго выдання з каталогаў стала вынікам мэтанакіраваных дзеянняў мясцовых уладаў. «Нам усё роўна ўвесь час штучна тармазілі распаўсюд, – кажа ён. – Сэнсу абскарджваць гэтыя дзеянні я не бачу, бо ў нашай краіне паўсюль выконваюць толькі прыхамаці чыноўнікаў».

    Нагадаем, што з 1 чэрвеня 2013 года на рэгіянальную газету «Борисовские новости» зноў з’явілася магчымасць падпісацца ў аддзяленнях «Белпошты» Мінскай вобласці. Анатоль Букас дзякаваў за гэта Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыі», якая неаднаразова звярталася да паштовага кіраўніцтва з адпаведнай просьбай: намаганні рэдакцыі не давалі плёну з мая 2005 года, калі выданне выключылі з падпіскі.

    Разам з тым, газета пастаянна сутыкалася з перашкодамі. «У ліпені 3 тыдні газету не распаўсюджвалі з нагоды таго, што ў Барысаве нібыта быў збой у базе дадзеных па падпісчыках, – распвёў сп. Букас. – Пасля здымалі нашы рэкламныя аб’явы ў паштовых аддзеленнях з нагоды таго, што яны былі фармату А3 замест А4 – маўляў, трэба даплаціць. Я быў гатовы даплаціць з кожны асобнік, але марна дамагаўся выстаўлення мне рахунку – ведамствы ківалі адно на другое. І нават новыя плакаты фармату А4 усё роўна ў паштовым аддзяленні каля райвыканкама знялі. «Вы ж разумееце, камусьці з выканкама не спадабалася, вось і далі каманду зняць», – сказала мне супрацоўніца вузла паштовай сувязі…»

    «Борисовские новости» – грамадска-палітычны штотыднёвік, які зараз выходзіць накладам у 6 тысяч асобнікаў. У 1998–1999 г.г. газета мела наклад 12 тысяч. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст “Белпошта” выключыла з падпіснога каталога на 2006 года 16 незалежных выданняў. 19 газет страцілі магчымасць прадавацца ў кіёсках “Саюздруку”. Зыскі рэдакцый і чытачоў газет, што былі выкінутыя з падпісных каталогаў, суды адмовіліся разглядаць. Да сёння праблема з распаўсюдам праз сеткі “Белпошты” і (альбо) “Саюздруку” застаецца актуальнай для больш як 10‑і грамадска-палітычных недзяржаўных выданняў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці