Cерыял «Белсату» ўключылі ў конкурс нямецкага фестывалю GoEast
Паўнафарматная версія стужкі рэжысёра Андрэя Кашперскага «Працэсы» вытворчасці тэлеканала «Белсат» патрапіла ў конкурсную праграму фестывалю GoEast у Вісбадэне, піша Budzma.org.

Кадр з фільма «Працэсы»
GoEast — штогадовы фестываль кіно цэнтральнай і ўсходняй Еўропы, які пройдзе 24–30 красавіка 2024 года ў нямецкім горадзе Вісбадэн.
На сайце фестывалю беларускі праект анансуюць наступным чынам:
«Паўторныя фальсіфікацыі выбараў. Разгон мірных пратэстаў. Адвольнае зняволенне невіноўных. Гэта адпраўныя пункты фільма Андрэя Кашперскага, які адрозніваецца надзвычайнай аператарскай працай. У чатырох серыях сатырычна апісваецца найноўшая гісторыя Беларусі — ад пратэстаў супраць Лукашэнкі ў 2020 годзе да вайны ва Украіне <…>. Гэтая злосная сатыра можа дапамагчы справіцца з сур’ёзнай тэмай».
«Працэсы» будуць спаборнічаць з пятнаццаццю іншымі стужкамі конкурсу. Усе фільмы з праграмы фестывалю 2024 года можна знайсці тут.
29 красавіка поўнафарматную версію серыяла даўжынёй у 100 хвілін можна будзе паглядзець у кінатэатры Caligari, 30 красавіка — у кінатэатры Apollo. Квіткі можна набыць па гэтай спасылцы.
