752

Адвакаты прыйшлі ў дзяржаўную газету ў Пружанах з дзіўнай мэтай

12.02.2024 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Рэдакцыю пружанскай дзяржаўнай газеты «Раённыя будні» наведалі адвакаты мясцовай юрыдычнай кансультацыі. Мэта візіту аказалася не зусім звычайнай — супрацоўнікаў раёнкі пракансультавалі з нагоды «адзінага дня галасавання».

З паведамлення рэдакцыі вынікае, што напярэдадні выбараў гэтымі днямі адвакаты па ўсёй Беларусі вядуць «тлумачальную працу з насельніцтвам, прадстаўнікамі арганізацый, супрацоўнікамі СМІ».

З калектывам дзяржаўнай газеты ў Пружанах сустрэліся адвакаты раённай юрыдычнай кансультацыі Наталія Васюковіч і Алеся Мацаюк. Гаворка нібыта вялася пра найбольш актуальныя пытанні, звязаныя з «адзіным днём галасавання». Чамусьці менавіта адвакаты тлумачылі журналістам пра асаблівасці галасавання грамадзян не па месцы рэгістрацыі, пра прававыя аспекты працы СМІ падчас датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў.

Дарэчы, рэдакцыя «Раённых будняў» на гэты момант стала адзінай з дзяржаўных СМІ на Брэстчыне, хто публічна агучыў заробкі і маёмасць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Па Пружанскай выбарчай акрузе № 9 вылучаюцца дзве асобы — старшыня Брэсцкага абласнога савета дэпутатаў Юрый Наркевіч і ваенны камісар Бярозаўскага раёна Дзмітрый Кавальчук. Паводле апублікаваных звестак, даходы Наркевіча за 2022 год склалі 57321,95 рублёў (таксама ён мае кватэру ў Мінску і легкавы аўтамабіль). Што тычыцца Кавальчука, то яго агульны даход за 2022 год — 34361,36 рублёў. Ваенком задэклараваў яшчэ кватэру і гараж у Пружанах.

Іншыя дзяржаўныя раённыя газеты Брэсцкай вобласці не палічылі патрэбным агучваць выбаршчыкам звесткі пра дабрабыт кандыдатаў у дэпутаты.

Чытайце яшчэ:

Флэшмоб «21»: што рабілі і як выглядалі беларускія медыйшчыкі ў свае 21 год

«Мы хотим не бояться за будущее “Белсата”, а развивать его!» Работники «Белсата» написали письмо в польский МИД

«Дочкі-маткі». Пра сэкс, адукацыю, прыгажосць і працу — дзве журналісткі з Гродна стварылі падкаст, каб расказваць пра канфлікт пакаленняў

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!