• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзярждэпартамэнт ЗША запатрабаваў вызваліць Дар’ю Лосік, яе мужа Ігара і ўсіх беларускіх палітвязьняў

    У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША заявілі, што ўстрывожаныя навінамі аб затрыманьні Дарʼі Лосік. Малалетняя дачка Дар’і і Ігара Лосікаў цяпер заходзіцца ў бабулі і дзядулі. Пра гэта падчас брыфінгу заявіў першы намесьнік прэс-сакратара амэрыканскага замежнапалітычнага ведамства Вэдант Патэль.

    «Мы з трывогай даведаліся на гэтым тыдні, што Дарʼя Лосік, жонка палітвязьня Ігара Лосіка ў Беларусі, сама апынулася ў турме: як паведамляецца, за садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, бо дала інтэрвію незалежнаму СМІ, якое беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім.

    Між тым са сьнежня 2021 году Ігар адбывае 15-гадовы тэрмін зьняволеньня за сваю працу блогерам і журналістам беларускай рэдакцыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Чатырохгадовая дачка Лосікаў засталася без бацькоў, адзіным «злачынствам» якіх было тое, што яны марылі і працавалі дзеля дэмакратычнай, сувэрэннай, квітнеючай Беларусі для свайго пакаленьня. Затрыманьне Дарʼі зьяўляецца чарговым нападам жорсткага рэжыму Лукашэнкі на правы чалавека і асноўныя свабоды.

    Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Дарʼі і Ігара Лосікаў і ўсіх палітычных зьняволеных, у тым ліку звыш 1300 чалавек, несправядліва затрыманых беларускімі ўладамі», — сказаў Патэль.

    Затрыманьне Дар’і Лосік

    18 красавіка ў Баранавічах а палове на восьмую раніцы сілавікі прыйшлі зь ператрусам да Дар’і Лосік, жонкі палітвязьня і кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка. Сама Дар’я з дачкой яшчэ спала.

    Дар’і далі патэлефанаваць бацькам, ейная маці хутка прыехала на месца, але яе нават не пусьцілі ў кватэру, толькі потым аддалі паперку пра тое, што быў праведзены ператрус. Падчас ператрусу ў кватэры, апроч сілавікоў і панятых, былі толькі сама Дар’я і яе маленькая дачка Паўліна.

    Свабодзе стала вядома, што Дар’ю «затрымалі на трое сутак у рамках крымінальнай справы, цяпер яе павезьлі ў Берасьце». Паўліна, малалетняя дачка Ігара і Дар’і Лосікаў, пакуль што знаходзіцца ў бабулі зь дзядулем, бацькоў Дар’і.

    Тэлеграм-каналы сілавікоў напісалі, што Дар’ю затрымалі за тое, што яна нібыта «садзейнічала экстрэмісцкай дзейнасьці», прэтэнзіі да Дар’і ўзьніклі за яе інтэрвію тэлеканалу «Белсат», які ўлады назвалі экстрэмісцкім.

    Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай выступіў з заявай пра затрыманьне Дар’і Лосік:

    «Дарʼя Лосік ні ў чым не вінаватая, апроч як у абароне свайго несправядліва зьняволенага мужа Ігара Лосіка. Яе павінны, не марудзячы, адпусьціць, каб даглядала сваю дачку Паўліну. Сямʼя Лосікаў дастаткова нацярпелася».

    Журналіст Свабоды Ігар Лосік за кратамі больш за два гады — з 25 чэрвеня 2020 году. У сьнежні 2021 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязьня перавялі ў Наваполацак, на месца пастаяннага зьняволеньня.

    Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

    На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

    Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

    Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

    15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

    11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

    Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

    Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка. Жонка прыяжджала да месца закрытага суду і дзяжурыла каля будынку, нават ня маючы шанцаў зайсьці і пабыць на працэсе.

    14 сьнежня ў будынку СІЗА‑3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

    • Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,

    • Арцёму Сакаву — 16 гадоў,

    • Міколу Статкевічу — 14 гадоў,

    • Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,

    • Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,

    • Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.

    Чытайце яшчэ:

    Час перазапускаў: новыя назвы, але вядомыя каманды. Як змянілася медыяполе Беларусі пасля 2020-га

    Прысуд Сяргею Сацуку агучаць 26 кастрычніка

    У Гомелі ў кватэры журналістаў-сужэнцаў Марыі Булавінскай і Сяргея Ляпіна сілавікі правялі ператрус

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці