• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй прызналі кантэнт рэгіянальных выданняў «Магілёў.Media» і «Першы Пінскі»

    Рашэнне пра наяўнасць «экстрэмізму» ў магілёўскіх медыя прыняў 22 снежня 2023 года суд Ленінскага раёна Магілёва. На гэтай падставе Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла інтэрнэт-рэсурсы ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Паводле рашэння суда Ленінскага раёна Магілёва «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаныя сайты mogilev.media і mogilev.news, а таксама старонкі пад назвай «Навіны Магілёўскага рэгіёну» ў сацыяльных сетках:

    29 лістапада 2023 года гэтыя інтэрнэт-рэсурсы былі прызнаныя Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Наўздагон КДБ правёў шэраг ператрусаў у журалістаў і грамадскіх актывістаў, якіх палічыў датычнымі да працы рэдакцыі інтэрнэт-выдання «Магілёў.Media». Барыса Вырвіча, Аляксандра Агеева, Ігара Шаруху, Пятра Мігурскага, Сяргея Антонава і Аляксея Бацюкова дапыталі ў КДБ у межах крымінальнай справы, распачатай за спрыянне экстрэмізму.

    Пасля гэтага Сяргей Антонаў палічыў за лепшае пакінуць Беларусь. Адбыўшы 15 сутак арышту, падчас якога супрацоўнікі КДБ дапытвалі некалькі разоў, з Беларусі з’ехаў і Аляксей Бацюкоў. Падчас допытаў яго змушалі прызнаць, што ён атрымліваў замовы з‑за мяжы на тое, каб «ачарняць» беларускую рэчаіснасць, працуючы ў незалежных СМІ. Кадры з гвалтоўным затрыманнем Бацюкова былі паказаныя ў перадачы «Мордой в пол» у эфіры мясцовага дзяржаўнага тэлебачання: яе стваральнікі сцвярджалі, што магілёўскія сілавікі выкрылі цэлую сетку здраднікаў, якімі кіраваў з Польшчы былы магілёўскі актывіст Зміцер Салаўёў.

    Паводле абноўленага Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» стала таксама  рэгіянальнае інтэрнэт-выданне «Першы Пінскі» — яго сайт 1pinsk.by  і акаўнт ў сацсетцы Insta­gram (https://www.instagram.com/1pinsk.by). Адпаведнае рашэнне было прынятае 21 снежня 2023 года судом Пінскага раёна і горада Пінска.  

    На тыдзень раней, 13 снежня 2023, той самы суд палічыў «экстрэмісцкай» старонку выдання ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники». А сёлета 3 студзеня сайт «Першы Пінскі» быў заблакаваны ў Беларусі на загад міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова.

    Чытайце яшчэ:

    Сайт і сацсеткі выдання «Новы Час» абвесцілі экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй

    Улады пазбавілі БАЖ даменнага імя і пошты. БАЖ звяртаецца ў ICANN

    «Калі ў хату ніхто не пагрукаў, на сёння і гэта вялікі пазітыў!» Калегі ў Беларусі пра адыходзячы год, мары, надзеі і пачуцці

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці