Пасля публікацыі пра замежныя ваяжы Беларускага Чырвонага Крыжа заблакавалі расследніцкі сайт «Бюро медыя»
У Беларусі заблакавалі доступ да сайта расследніцкага інфармацыйнага медыяпраекта «Бюро медыя» — buromedia.io. Гэта адбылося «прыкладна праз 30 хвілін пасля публікацыі расследавання пра Беларускі Чырвоны Крыж», паведаміла рэдакцыя на старонцы свайго Тэлеграм-канала.
Тэкст пад загалоўкам «Цёмныя бакі Беларускага Чырвонага Крыжа» выйшаў на сайце «Бюро медыя» 5 студзеня 2024 года. Цяпер сайт адчыняецца толькі па-за межамі Беларусі, а на тэрыторыі краіны толькі праз VPN. Афіцыйных прычын блакіроўкі ў рэдакцыі не ведаюць.
Інфармацыйны рэсурс «Бюро медыя» напрыканцы лістапада 2023 года стварылі былыя журналісты «Беларускага расследавальніцкага цэнтра».
Мы выкрываем тых, хто выкарыстоўвае грошы і ўладу на шкоду грамадству. Мы знаходзім і расследуем схемы з прыкметамі карупцыі, каб наблізіць перамены да лепшага», — так акрэсліла мэты сваёй дзейнасці каманда медыярэсурсу.
Журналісты, якія працуюць у «Бюро медыя», неаднаразова былі пераможцамі творчага конкурсу Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова» ў 2018 — 2022 гадах у намінацыі «Журналісцкае расследаванне».
Чытайце яшчэ:
Plan B звярнуўся да чытачоў па падтрымку
«Если люди не орут, что здесь ужас, значит у вас не ужас». Белорусские медийщики — о работе в стране и в эмиграции
У Магілёве пасля другога адміністрацыйнага арышту не выйшаў на волю Алесь Сабалеўскі