• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Для таго, каб чытаць»: настаўнікам «рэкамендуюць» выпісваць «Советскую Белоруссію» і не толькі ДАКУМЕНТ

    Рэпетытар Яўген Лівянт выклаў у інтэрнэт копію распараджэння аддзела адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама да кіраўнікоў школ і садкоў раёна.

    У тым дакуменце даводзіцца план падпіскі на «Советскую Белоруссію», «Настаўніцкую газету», «Гродзенскую праўду», «Наш час»: там нават распісана, колькі супрацоўнікаў установы адукацыі колькі і якіх менавіта газет маюць выпісаць.

    Падсумоўваецца гэта матывуючай фразай: «Звяртаю вашу ўвагу, што план на падпіску дадзены з улікам таго, што ведамственная падпіска не выконваецца і мы павінны яе перакрыць!». 

    Пад дакументам стаіць імя начальніцы тамтэйшага адзела адукацыі Таццяны Газізавай.

    «Наша Ніва» пазваніла чыноўніцы з пытаннем пра сэнс такіх планаў. Мы перапыталі таксама, ці сапраўды ў аддзеле адукацыі больш няма работы, як выводзіць графікі падпіскі, а потым іх адсочваць.

    Прыводзім фрагменты далейшай размовы:

    — Хто-хто вы? (Запісвае імя). Дык у чым, яшчэ раз, сутнасць пытання?

    — Чаму гэтая практыка існуе? Чаму вы такія прымусы высылаеце?

    — А хіба ж гэта прымус? Вы паглядзіце ўважліва. Там напісана, што мы загадваем?

    — Давайце не будзем расказваць адзін аднаму анекдоты і даводзіць, што ў нашай сістэме каардынат слова «рэкамендацыя» з выканкама азначае рэкамендацыю, а не загад.

    — Ніхто нікому не загадвае. Там няма слова «загадваем».

    — Дык навошта вы ім «рэкамендуеце» падпісвацца?

    — Падпісвацца для таго, каб чытаць. Я яшчэ раз пытаюся, там ёсць слова «загад»? Я не бачу, пра што тут больш гаварыць, да пабачэння.

    Варта таксама згадаць, што нейкі час таму пісьменніца Яўгенія Пастэрнак пісала запыт у Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай патлумачыць механізм і сэнс настаўніцкіх падпісак, на што прыйшоў адказ, што такога абавязку няма.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці