• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Трэці дзень народзінаў сустракае за кратамі палітзняволены блогер Ігар Лосік

    Сёння яму споўнілася 32 гады, з якіх амаль чатыры ён у зняволенні. Цяпер Ігар Лосік знаходзіцца ў наваполацкай калоніі № 1.  Там ён адбывае прысуджаны яму тэрмін пакарання — 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэта самы жорсткі вырак у дачыненні да беларускіх незалежных журналістаў і блогераў.

    Ігар Лосік палітзняволены журналіст

    Ігар Лосік

    Кансультанта Беларускай службы «Радыё Свабода» і адміністратара Telegram-канала«Беларусь галаўнога мозгу» Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля вобшуку ў ягоным доме ў Баранавічах. Увечары таго ж дня стала вядома, што супраць яго завялі крымінальную справу паводле  артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх).

    Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Лосіка палітычным вязнем.

    Пасля ўтрымання цягам некалькіх дзён у ізалятары на Акрэсціна ў Мінску Ігара Лосіка змясцілі пад варту ў мінскі СІЗА № 1, пазней — у СІЗА Жодзіна. Яго пераводзілі ў розныя месцы прымусовага ўтрымання яшчэ некалькі разоў, тым часам следства звінаваціла яго яшчэ і паводле часткі 1 артыкула 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Пратэстуючы супраць высунутых абвінавачанняў, Ігар Лосік некалькі месяцаў трымаў галадоўку, якую на знак салідарнасці падтрымала і ягоная жонка  Дар’я Лосік.

    Крымінальная справа журналіста і блогера была далучаная да так званай «справы Сяргея Ціханоўскага».  Усіх фігурантаў  асудзілі 14 снежня 2021 года. Працэс праходзіў у гомельскім слечым ізалятары ў закрытым рэжыме.

    Ігара Лосіка прызналі вінаватым паводле часткі 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў) і артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці ці варажнечы). Вердыкт вынес суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля.  Спробы абскардзіць прысуд не прынеслі поспеху: 31 траўня 2022 года Вярхоўны суд Беларусі пастанавіў пакінуць прысуд без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення.

    У чэрвені 2022 года Ігар Лосік быў этапаваны з СІЗА‑3 у наваполацкую папраўчую калонію № 1 — самую брудную з экалагічнага гледзішча і самую жорсткую, што да рэжыму ўтрымання. Цяпер там адбываюць тэрміны зняволення яшчэ некалькі журналістаў-палітвязняў: Андрэй Кузнечык, Андрэй Аляксандраў, Анджэй Пачобут.

    КДБ рашэннем ад 28 чэрвеня 2022 года ўнёс Ігара Лосіка ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», гэта істотна абмяжоўвае ягоныя правы і магчымасці ў зняволенні. Даведацца пра стан ягонага здароўя ані сваякі, ані грамадскасць не могуць ужо больш за год: апошні ліст з калоніі бацькі атрымалі ў лютым 2023 года, перадачы і спатканні са зняволеным журналістам забароненыя. Нават так званай «атаваркай» на адну базавую велічыню Ігар скарыстацца не можа — усе сродкі з ягонага рахунку спісваюць нібыта на пагашэнне запазычанасці.

    У ліпені 2022 года на маёмасць сям’і Лосікаў быў накладзены арышт — дзеля гарантыі выканання прысуду, паводле якога фігуранты «справы Ціханоўскага» павінны сплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі. Гэтая сумма пойдзе «для выплат супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў».

    Гэтаксама Ігара Лосіка запісалі ў даўжнікі па аліментах на ўтрыманне дачкі Паўліны. Дзяўчынкай апякуюцца бацькі Ігара і ягонай жонкі. Бо Дар’я Лосік цяпер таксама ў зняволенні: яе затрымалі 18 кастрычніка 2022 года і ў студзені 2023-га асудзілі да двух гадоў калоніі паводле часткі 1 артыкула 361–4 Крымінальнага Кодэкса за «садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці». Нагодай для пераследу стаў каментар Дар’і тэлеканалу «Белсат», прызнанаму ўладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Паводле матэрыялаў судовай справы, у гутарцы з журналістам тэлеканала жанчына «пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня. Пры гэтым паведаміла, што яе муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна».

    Тым, хто зараз на волі, складана ўявіць, што адчувае 32-гадовы малады чалавек, асуджаны на вялікі тэрмін, ужо амаль чатыры гады знаходзячыся за кратамі — практычна без сувязі са знешнім светам, без аніякай інфармацыі пра сваю сям’ю, без магчымасці атрымаць з волі неабходныя рэчы, лекі ці хоць бы добрыя словы.

    Перапіска з Ігарам Лосікам абмежаваная. І ўсё ж тыя, хто хацеў бы падтрымаць журналіста і блогера ў гэтыя цяжкія часы, могуць даслаць яму ліст ці паштоўку на адрас: 211440, Віцебская вобласць, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. ПК № 1, Лосіку Ігару Аляксандравічу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці