ЕФЖ адкрыла збор на супрацьгазы для турэцкіх журналістаў
Еўрапейская федэрацыя журналістаў адкрыла збор на сродкі абароны для турэцкіх журналістаў, якія асвятляюць пратэсты і церпяць ад выкарыстання сілавікамі слезацечнага газу.

Пратэсты ў Турцыі. Фота: TGS
Турэцкі саюз журналістаў (сябра ЕФЖ) інфармуе, што не мае фінансаў, каб набыць для калег сродкі абароны, тэрмінова патрэбныя цяпер.
У апошнія дні, пасля таго, як мэр Стамбула Экрэм Імамоглу быў арыштаваны па абвінавачванні ў карупцыі, турэцкія ўлады арыштавалі больш за 1100 чалавек, у тым ліку журналістаў, у той час як дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы падчас найбуйнейшых за апошнія гады антыўрадавых пратэстаў.
Пратэсты выклікалі адпор з боку турэцкіх сілавікоў, паліцыя выкарыстала слезацечны газ і браняваныя вадамёты супраць натоўпаў, якія збіраюцца ў Стамбуле, а таксама ў іншых буйных гарадах па ўсёй краіне. Па інфармацыі ЕФЖ, за апошнія дні былі затрыманыя не менш за 11 журналістаў.
