• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фатограф Сяргей Гудзілін спагнаў з «Нашай Нівы» 4200 рублёў

    Фатограф Сяргей Гудзілін спагнаў з "Нашай Нівы" 4200 рублёў за здымкі, апублікаваныя на сайце выдання. Канфлікт цягнуўся з траўня 2020 года.

    Сяргей Гудзілін

    — Узялі фатаграфіі, не падпісалі з намі пагадненне, далей выкарыстоўвалі, хоць мы папрасілі — не выкарыстоўвайце, — расказвае Еўрарадыё жонка і адвакатка фатографа Марыя Колесава-Гудзіліна.

    Сяргей Гудзілін звярнуўся ў суд. Праўда, гэта адбылося не адразу, а пасля Новага года: фатограф ляжаў у бальніцы, потым набрала абароты выбарчая кампанія, потым былі пратэставыя лета і восень.

    — На першае пасяджэнне ніхто не прыйшоў. Другі раз прыйшлі прадстаўнікі ПУП «Суродзічы» і ПУП «Ннбай». Гэта дзве розныя юрыдычныя асобы. Як аказалася, у пачатку ліпеня 2020 года сайт NN.by стаў належаць Ягору Марціновічу, яго юрыдычнай асобе, — працягвае Колесава-Гудзіліна. — Спадар Марціновіч разам з адвакатам прынеслі пісьмовае пярэчанне, дзе адзначылі, што фатаграфіі Сяргея Гудзіліна — не аб’ект аўтарскага права і не вынік творчай дзейнасці. Для мяне гэта было як мінімум дзіўна: фактычна адзін у адзін паводзіны «Белтэлерадыёкампаніі» ў адносінах да Антона Матолькі [рэзанансны працэс, у час якога фатаграфіі былі абвешчаныя «сацыяльнай з’явай». — Еўрарадыё]. Ну… такая пазіцыя, няхай застанецца на іх сумленні.

    На мінулым тыдні мы прыйшлі да пагаднення і падпісалі дамову, у адпаведнасці з якой ПУП «Суродзічы» пералічыла фатографу Сяргею Гудзіліну 4200 рублёў за пяць публікацый. У сувязі з тым, што адказчык задаволіў нашы патрабаванні, мы адклікалі свой пазоў».

    Марыя Колесава-Гудзіліна кажа, што прапаноўвала заплаціць выданню менш, але з умовай публічнага прабачэння. Адказчык на кампраміс не пайшоў.

     

    Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч пракаментаваў для Еўрарадыё вынікі разбору.

    «Уся Беларусь бачыць, які ціск на незалежныя СМІ ідзе апошні год: па нас страляюць, нас саджаюць, нас штрафуюць. Калі гэта робіць дзяржаўны рэпрэсіўны апарат, ні ў кога няма здзіўлення. Але калі знішчыць незалежнае медыя хочуць «свае», то гэта ўдвая подласць. Зрэшты, такія сітуацыі тым і добрыя, што можна зрабіць высновы, хто чаго варты.

    Асабіста для мяне вусная дамоўленасць паміж людзьмі значыцца не менш, чым тая, якая будзе надрукаваная ў двух асобніках і праштампаваная пячаткамі. Калі даеш слова, то павінен трымаць яго. У гэтай сітуацыі атрымалася іначай.

    Высновы з гэтай гісторыі? Трымаць вакол сябе толькі тых, у кім упэўнены. І ўсё адно верыць у людзей. Грошы ўжо пералічаныя. Ісці ў дробязі не хачу».

    Галоўны рэдактар не хоча каментаваць дэталі разбору: «Гісторыя скончылася, старонку перагарнулі і зрабілі высновы».
     

    Паспяховы кейс абароны правоў фатографа

    Па словах Марыі Колесавай-Гудзілінай, яе кліент задаволены вынікам працэсу. Адвакат называе гісторыю паспяховым кейсам абароны правоў фатографа. Паводле яе слоў, у цяперашні час Сяргей Гудзілін працуе на некалькі выданняў, займаецца сваімі праектамі.

    Частку атрыманых грошай сям’я фатографа плануе пералічыць на падтрымку людзей з біпалярным расстройствам асобы.

    «З Марціновічам у нас сапсаваліся адносіны, — кажа Марыя Колесава-Гудзіліна. — Не з «Нашай Нівай», а асабіста з ім. Хлопцы, вы расказваеце пра правы людзей, што павінна быць дэмакратыя… Цяпер ніякага супрацоўніцтва ў Сяргея з «Нашай Нівай» няма. Калі будуць прапаноўваць, ніхто не адмовіцца. Але супрацоўнічаць з Ягорам Марціновічам мы дакладна не хочам».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці