• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фільм “Ён такі, Павел Левінаў” — ужо на сайце

    Гэта вельмі сімвалічна, што дакументальная стужка пра віцебскага праваабаронцу  з’явілася ў сеціве якраз у гэтыя пераднавагоднія дні. Вобраз Дзеда Мароза — дакладней, Паўла Левінава ў гэтай “ролі” стаўся ключавым у фільме. І гэта не столькі прыдумка сцэнарыстаў, колькі “вынаходніцтва” самога галоўнага героя.

    Алена Сцяпанава і Павел Левінаў

    “Дзед Мароз прыйшоў да мяне яшчэ ў траўні”, — жартуе Алена Сцяпанава, аўтарка ідэі фільма. Бо менавіта ў траўні пачаліся здымкі дакументальнай стужкі, першыя ж кадры якой здзіўляюць гледача “напавал”: па квітнеючым  лузе крочыць… Дзед Мароз!    

    Падрыхтоўка да здымкаў

    «Мы адразу вырашылі, што фільм пра Паўла Левінава не можа быць сумным. Што ён мусіць быць у чымсці непрадказальным, у чымсці іранічным і нават правакацыйным — як асоба нашага галоўнага героя. А калі падчас здымак давялося аб’ехаць ці не ўсю Беларусь, каб зняць водгукі калег і знаёмых пра Паўла, заставалася толькі дзівіцца: ці не кожныя два суразмоўцы з трох згадвалі сітуацыі, калі да іх прыходзіў гэты фантастычны Дзед Мароз. І ўсе былі гатовыя распавесці пра незвычайныя навагоднія віншаванні “ад Левінава”, — апавяла Алена Сцяпанава.

    Зрэшты, касцюм Дзеда Мароза з’явіўся ў гардэробе праваабаронцы не проста так.

    “Летась я хацеў зладзіць святочны пікет — павіншаваць віцяблян з Калядамі і Новым годам. Але мне прадказальна адмовілі: маўляў, проста пабыць Дзедам Марозам для віцебскіх мінакоў аніяк нельга. Трэба спачатку заключыць дамовы на абслугоўванне пікета з медыкамі, дворнікамі і з міліцыяй… Карацей, здарылася тая самая сітуацыя, якая дэманструе абсурднасць рашэнняў выканкамаў, якія парушаюць падставовыя правы чалавека. І, каб давесці сітуацыю ўжо да поўнага абсурду, у касцюме Дзеда Мароза я з’явіўся і на пасяджэнне судf, дзе спрабаваў абскардзіць забарону”, — кажа Павел Левінаў.

    У “летнім” кадры — Дзед Мароз. Здымае Аляксандр Зянкоў

    Пра давядзенне сітуацыі да абсурду, бо “ўсё, што смешна, — ужо не страшна”, шмат гаворыцца ў фільме “Ён такі, Павел Левінаў” . Але гледачы мусяць быць гатовыя, што ўбачаць не супергероя, гэткага “бэтмана”, які адным махам вырашае любыя праблемы, а звычайнага чалавека. Ён, можа, не дужа спрактыкавана сячэ дровы, не надта вялікія ўраджаі збірае на ўласным лецішчы, і часам выглядае вельмі стомленым па вечарах. Проста ён такі, Павел Левінаў. Такі, як ёсць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці