• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Газета «Мінская праўда» — відаць, самае адыёзнае дзяржвыданне краіны апошніх гадоў. Расказваем, як і чаму яна ім стала

    Да 2020 года «Мінская праўда» была малавядомай і слаба чытанай дзяржаўнай газетай, якая асвятляла жыццё сталічнага рэгіёна. Цяпер жа яна часта аказваецца ў цэнтры ўвагі, правакуючы скандал за скандалам, публікуючы зневажальныя матэрыялы ці «пакаяльныя» інтэрв’ю. Нядаўна стала вядома, што «МП» будзе трансляваць свае праекты і на тэлебачанні — гаворка пра канал ЯСНАe TV. «Зеркало» расказала, што адбывалася з выданнем у апошнія гады, успамніла самыя гучныя скандалы, звязаныя з ім, і разабралася, хто стаіць за зменай курсу газеты.

    Мірнае жыццё да 2020-га і новае начальства

    «Мінская праўда» з’явілася на свет 1 лістапада 1950 года. Першы нумар газеты выйшаў на чатырох старонках А2. На першай з іх у духу таго часу быў апублікаваны заклік «Наперад, да новых перамог камунізму». Выданне было органам Мінскага абкама і гаркама камуністычнай партыі, адрасавалася чытачам Мінскай вобласці. Да гэтага навіны рэгіёна асвятляла газета «Звязда». Многія яе супрацоўнікі і сталі касцяком першага калектыву «Мінскай праўды».

    Як сцвярджалася на ранейшай версіі сайта выдання, «пастаяннымі аўтарамі газеты былі вядомыя палітычныя і дзяржаўныя дзеячы нашай рэспублікі, знакамітыя яе людзі». Гаворка пра кіраўнікоў БССР Кірыла Мазурава і Пятра Машэрава, кіраўнікоў Мінскага абкама Уладзіміра МікулічаІвана ПаляковаАнатоля Малафеева (апошні пазней стаў і лідарам БССР) і іншых. Але гэты факт наўрад ці можна лічыць сур’ёзным кампліментам. «Мінская праўда» была афіцыйным выданнем, якое публікавала праграмныя артыкулы партыйных чыноўнікаў ці гаспадарнікаў.

    Такой яна заставалася практычна ўсю сваю гісторыю. Але ў 1991-м дзейнасць кампартыі прыпынілі. А ўжо праз пяць гадоў, у 1996-м, заснавальнікамі выдання сталі Мінскі аблвыканкам, абласны савет дэпутатаў і калектыў рэдакцыі. «МП» засталася афіцыйнай газетай. Тады яна змяніла мову: за савецкім часам выходзіла на беларускай, а з 1990 года стала двухмоўнай. Але фактычна ў нашыя дні выданне выходзіць на рускай. Беларуская ў ім — толькі назва.

    Вялікай папулярнасцю «МП» ніколі не карысталася: нават пры наяўнасці адміністрацыйнага рэсурсу і абавязковай падпіскі (пастаянных спадарожнікаў амаль любога дзяржвыдання) яе наклад на 2017 год складаў 22 тысячы асобнікаў — больш чым сціплыя паказчыкі для самай густанаселенай вобласці краіны. Скандалаў таксама не было. Дастаткова паглядзець тытульную старонку сайта за 2017 год: у навінах асвятляліся адключэнне газу ў пасёлку Мінскага раёна, узнагароджанне найлепшых работнікаў малочнай галіны.

    Газета рэзка змянілася ў 2020 годзе — неўзабаве пасля пачатку масавых пратэстаў нязгодных з вынікамі выбараў і гвалтам уладаў. Праўда, спачатку не ўсе супрацоўнікі вызначыліся, як сябе паводзіць. Напрыклад, «Наша Ніва» звяртала ўвагу на карыкатуры, якія ствараў Антон Астроўскі — пастаянны супрацоўнік «Мінскай праўды» з пачатку 2020 года (нарадзіўся ў Віцебску, скончыў біяфак Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава, потым — мастацка-графічны факультэт). На думку выдання, «некаторыя яго карыкатуры [апублікаваныя ў жніўні 2020 года] спачатку былі двухсэнсоўнымі».

    Паглядзеўшы некаторыя малюнкі, з гэтым меркаваннем можна пагадзіцца.

    Але неўзабаве падзьмулі іншыя вятры, і Астроўскі пачаў выконваць заданні начальства (пра іншыя карыкатуры мы пагаворым ніжэй). Восенню 2020 года было створанае інфармацыйнае агенцтва «Минская правда», куды ўвайшлі аднайменная абласная газета, раённыя выданні Мінскага, Уздзенскага і Дзяржынскага раёнаў, а таксама абласное радыё «Минская волна». Гендырэктаркай агенцтва і фактычнай галоўнай рэдактаркай «Мінскай праўды» (прынамсі, менавіта так яе прадстаўлялі ў дзяржСМІ) стала Ларыса Коршун.

    Прапагандыстка нарадзілася ў 1990 годзе ў Дзяржынску, дзе дагэтуль жывуць яе бацькі. У 2012-м скончыла журфак БДУ і адразу пайшла працаваць літаратурнай рэдактаркай у газету «Образование и воспитание». У 2014-м перайшла на пасаду рэдактаркі ў «Дзяржынск.by», а ў 2017−2019 гадах была галоўнай рэдактаркай дзяржынскай «раёнкі» «Узвышша». Акурат тады гэтае выданне аб’ядналі з абласной газетай у адну структуру. Потым Коршун стала намесніцай галоўнага рэдактара «Мінскай праўды», неўзабаве перавялася на пасаду прэс-сакратара Мінаблвыканкама, а ўжо адтуль вярнулася ў выданне начальніцай.

    Як адзначала «Наша Ніва», «у сацсетках Коршун публікаваліся фота і цытаты Лукашэнкі яшчэ да 2020 года. У цэлым з яе сацсетак паўстае вобраз класічнай кар’ерысткі часоў дыктатуры. <…> Таксама яна адмініструе тэлеграм-канал „Шкварка NEWS“ (цяпер — „Шкварка 2.0“), у якім, акрамя праўладных, публікуюцца і відавочна абразлівыя і антыўкраінскія матэрыялы, якія таксама з часам могуць стаць прадметам крымінальнай справы пра прапаганду вайны і распальванне міжнацыянальнай варожасці».

    Хто яшчэ працуе ў газеце?

    Калектыў сабе Коршун падабрала адпаведны. Сярод яе падначаленых — прапагандыстка Дзіяна Шыбкоўская. Яна родам з Мінска, таксама скончыла журфак БДУ. Як пісала «Радыё Свабода», яе бацька — вядомы ў 1990-я прапагандыст Юрый Дудзінаў. У свой час ён папрацаваў на БТ, а таксама вёў на дзяржаўным радыё перадачу «Разговор по существу».

    Прапагандыстка працавала на інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс-Запад», газету «7 дней», расійскі сайт «Спутник». Таксама яна друкавалася на сайце беларускага аддзялення арганізацыі «Русь молодая» (Румол), дзе ў тым ліку пісала, як беларускія апазіцыянеры нібыта рыхтуюцца ва Украіне да Майдану. У 2014-м, калі пачалася расійская агрэсія ў дачыненні да гэтай краіны, яна выклала ў сацыяльных сетках здымак з «пашпартамі Гомельскай вобласці» і подпісам: «Як вам?»

    У «Мінскай праўдзе» Шыбкоўская рэгулярна наведвала суды над палітвязнямі. «Прысуд заслужаны. Наогул беларускія суды выносяць аб’ектыўныя рашэнні», — цытавала «Свабода» выказванне Шыбкоўскай пра прысуд былому журналісту АНТ Дзмітрыю Семчанку. Апошняга асудзілі на тры гады калоніі.

    У сваіх тэкстах супрацоўніца газеты выкарыстоўвае ўсе асноўныя наратывы прапаганды. Напрыклад, толькі ў адным з матэрыялаў яна паспела абразіць Святлану Ціханоўскую, прычапіцца да выгляду Андрэя Дзмітрыева і намякнуць, што яго варта пасадзіць (што ў выніку і адбылося), а таксама паскардзіцца на складанае жыццё ў Латвіі.

    Начальнікам аддзела спецпраектаў «Мінскай праўды» стаў Ілля Бягун (у мінулым праграміст, актывіст штаба Валерыя Цапкалы, палітэмігрант, а пасля — удзельнік круглага стала Юрыя Васкрасенскага, адзін з вядоўцаў прапагандысцкай тэлеперадачы «Полит StandUp» на АНТ). Бягун сам не грэбуе пісаць тэксты для выдання. Напрыклад, ён сцвярджае, што ў расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны вінаваты сам Кіеў, які нібыта пачаў пагражаць Маскве размяшчэннем у сябе ядзернага арсеналу «з лёгкай рукі заходніх „партнёраў“».

    «Пад брэндам ІА (інфармацыйнага агенцтва. — Заўв. рэд.) развіваюцца сучасныя лічбавыя праекты і медыярэсурсы. У іх ліку — „Понятная экономика с Олегом Никитиным“, „Политические шахматы. Ян Жиманов“, „Политобзор от Юрия Уварова“», — сцвярджаецца на сайце «Мінскай праўды».

    Хто гэтыя людзі? Яну Жыманаву 25 гадоў. Ураджэнец Бабруйска ў 2020 годзе толькі-толькі скончыў БДЭУ, вучыўся на кафедры паліталогіі. Сваю кар’еру рабіў праз рэсурсы Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза. На старонках «Мінскай праўды» ён сцвярджае, што праз дэкамунізацыю Украіна змагаецца са сваёй гісторыяй, што выгаду ад канфлікту ва Украіне атрымліваюць ЗША, і распаўсюджвае іншыя падобныя наратывы.

    Пра біяграфію Алега Уварава няма інфармацыі ў адкрытых крыніцах. У лістападзе 2022 года ён апублікаваў артыкул пад назвай «Темный лес на окраине Минска. Танцы на костях евродипломатов и змагаров в Куропатах нужно прекращать». У ім прапагандыст фактычна заклікаў «зачысціць» месца расстрэлаў невінаватых людзей падчас сталінскіх рэпрэсій. «Красивое место возле столичного микрорайона Зеленый Луг омрачено стоящими в лесу крестами. Каждый год подобно вурдалакам с хмурыми физиономиями там появляются те, кто люто ненавидит законную власть в Беларуси, а также дипломаты недружественных нам стран», — пісаў Увараў. Ён сцвярджаў, што ва ўрочышчы пахаваныя не ахвяры сталінскіх рэпрэсій, а людзі, расстраляныя фашыстамі і «беларускімі паліцаямі».

    Нагадаем, урочышча Курапаты на паўночным усходзе ад мінскага мікрараёна Зялёны Луг — гэта амаль 30 гектараў, на якіх следчыя ў 1988 годзе знайшлі пахаванні расстраляных людзей. Паводле адной, афіцыйнай, версіі, у магілах ляжыць не менш за 30 тысяч, паводле іншай (якая належыць Зянону Пазняку) — больш за 100 тысяч чалавек.

    Як пацвердзілі адразу некалькі афіцыйных расследаванняў, менавіта ва ўрочышчы Курапаты НКУС з 1937-га да пачатку 1940-х гадоў расстрэльваў і закопваў людзей, абвінавачаных па сфабрыкаваных справах.

    Яшчэ адзін аўтар, Алег Нікіцін, таксама дазваляе сабе хлусню і маніпуляцыі на тую ж тэму. «Пачатае пасля публікацыі афіцыйнае расследаванне пацвердзіла наяўнасць у лясным масіве Курапаты масавых пахаванняў. Вось толькі высветліць дакладна, хто, калі і ў якіх абставінах расстрэльваў у гэтым месцы людзей, следчыя не змаглі ні ў 1988−89 гадах, ні пры паўторным разглядзе гэтай справы ў канцы 90-х. Нават старанная эксгумацыя магіл не дала вычарпальнага адназначнага адказу», — цынічна сцвярджае ён. Хоць, паўторымся, афіцыйныя расследаванні далі выразны адказ: расстрэлы ажыццяўляў НКУС.

    «Проста цяпер Захад маніякальна распальвае пажар вайны на Украіне», — піша прапагандыст, хоць напала акурат Расія. Паказальны і тон, выбраны аўтарам для сваіх артыкулаў: «Несколько слов о влажных мечтах [украинского] премьера Шмыгаля». Гэта адкрытае хамства на старонках дзяржаўнага выдання.

    Адпаведныя штатным супрацоўнікам і калумністы газеты. У жніўні 2023 года праўладны палітолаг Андрэй Лазуткін абурыўся новым атласам па геаграфіі для 8-х класаў, які быў выдадзены дзяржаўным прадпрыемствам «Белкартаграфія». Пра гэта ён напісаў у калонцы для «Мінскай праўды».

    Яго абурылі палітычная і эканамічная карты Украіны і Расіі. Лазуткін задаўся пытаннем, чаму анексаваны Крым, а таксама захопленыя РФ Данецкая, Луганская, Запарожская і Херсонская вобласці на карце пазначаныя ўкраінскімі тэрыторыямі, а не расійскімі.

    За аснову для беларускіх падручнікаў Лазуткін прапанаваў узяць расійскі варыянт, які абяцалі выдаць абноўленым да 2023 навучальнага года, дзе будуць карты «з Крымам і новымі суб’ектамі федэрацыі». У крайнім выпадку ён прапанаваў унесці змены ў электронныя версіі падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, якія размешчаныя на Нацыянальным адукацыйным партале.

    У выніку «Белкартаграфія» аператыўна выдаліла «Геаграфія. 8 клас. Краіны і народы. Атлас» са свайго каталога. Праўда, цяпер ён зноў даступны. Магчыма, таму, што іншых выданняў для школьнікаў пакуль проста няма.

    У кастрычніку 2023 года той жа Лазуткін услед за сваімі калегамі закрануў тэму Курапатаў. Назва яго матэрыялу гаворыць сама за сябе: «Куропаты — это „Буча“ времен перестройки. Как белорусскую оппозицию строили на культе смерти». Так праводзіцца думка пра нібыта фальсіфікацыі гэтых страшных трагедый.

    Успомнім і яшчэ аднаго датычнага да зменаў у «Мінскай праўдзе» чалавека. У 2020-м газета кардынальна змяніла дызайн. За гэтым стаяў выкладчык факультэта журналістыкі БДУ Дзмітрый Сіняўскі. У 2020-м у сваіх сацсетках ён заяўляў, што яго «цкавалі» за журналісцкую працу, пагражаў сваім апанентам, публікаваў абразы ў адрас лідараў апазіцыі і беларускіх нацыянальных сімвалаў, а пасля нападу Расіі на Украіну горача падтрымаў расійскае войска, называў украінцаў, якія абараняюць сваю зямлю, нацыстамі.

    Пры гэтым, як пісала «Наша Ніва», да 2020 года ён часта бываў у краінах ЕС, вазіў студэнтаў на праекты, скіраваныя на развіццё дэмакратыі і свабоднай журналістыкі, якія фінансаваліся заходнімі фондамі. Пасля здушэння пратэстаў быў адной з галоўных персон на факультэце, адказных за рэпрэсіі супраць выкладчыкаў — асабіста прапаноўваў ім звольніцца і пагражаў крымінальным пераследам.

    Скандал з «Магутны Божа»

    Адметнай рысай «Мінскай праўды» пасля 2020 года сталі карыкатуры аўтарства таго самага Антона Астроўскага. Самы гучны скандал, звязаны з гэтым выданнем, пасля якога пра «МП» загаварылі, разгарэўся менавіта праз іх.

    2021-ы ў краіне абвясцілі Годам народнага адзінства. У планы мерапрыемстваў уключылі ўсебеларускую малітву «За Беларусь!». Адмовіцца ад яе святары не маглі. Але гэта стала для некаторых нагодай выказаць сваю пазіцыю. Касцёл папрасіў ксяндзоў уключыць у малітву заклік за адзінства і мір у Беларусі, а ў канцы імшы выканаць гімн «Магутны Божа», «у якім будзем прасіць Усемагутнага Бога, каб захаваў нас і наш край ад усяго злога».

    Верш, які стаў асновай для гімна, напісала ў 1943 годзе паэтка Наталля Арсеннева. У 1947-м кампазітар Мікола Равенскі стварыў да яго музыку. Яго актыўна выконвалі беларускія эмігранты, а ў сярэдзіне 1990-х ён нават мог стаць гімнам Беларусі — прынамсі, парламент разглядаў такі варыянт. У 2020-м «Магутны Божа» канчаткова замацаваўся ў свядомасці многіх беларусаў як духоўны гімн нашай краіны. Яго часта выконвалі падчас набажэнстваў. Таму ён стаў аб’ектам атакі з боку ўладаў.

     

    Лукашэнка заявіў, што ведае пра тое, што кіраўніцтва каталіцкага касцёла заклікала вернікаў у Дзень незалежнасці выканаць у касцёлах гімн «Магутны Божа». «Глядзіце, нарвяцеся», — папярэдзіў ён. Каталікі не паслухаліся. У выніку 4 ліпеня ў Мінскую архікафедру прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з прэтэнзіяй, што парушаная норма заканадаўства пра малітву. Яшчэ больш рэзанансны ўдар улады нанеслі 7 верасня 2021 года. Тады «Мінская праўда» выйшла з першай паласой, дзе была апублікаваная карыкатура. На ёй высмейваліся прадстаўнікі каталіцкага касцёла і яго вернікі. На малюнку прадстаўнік касцёла выконвае гімн «Магутны Божа», на яго сутане — свастыка.

    Пазіцыю беларускага каталіцкага епіскапату выказаў старшыня Камісіі па пытаннях каталіцкай адукацыі і катэхізацыі пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, біскуп Аляксандр Яшэўскі. Ён адзначыў, што Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі адназначна асуджае публікацыю ў «Мінскай праўдзе».

    У той момант улады, здаецца, вырашылі, што сапраўды перагнулі палку. 9 верасня Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Антэ Ёзіч сустрэўся з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімірам Макеем. Апошні заявіў, што афіцыйныя падыходы да Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі застаюцца непарушнымі, а распальванне рэлігійнай нецярпімасці недапушчальнае.

    Пасля гэтага 10 верасня на імя старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, біскупа Алега Буткевіча прыйшоў ліст. У ім упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак падкрэсліў, што публікацыя ў «Мінскай праўдзе» не адлюстроўвае афіцыйнай пазіцыі дзяржавы ў дачыненні да Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі. Паводле Румака, такія публікацыі не спрыяюць падтрыманню міжканфесійнага міру і згоды ў краіне. Атаясамліванне аўтарам асабістай ацэнкі дзейнасці асобных каталіцкіх святароў з усім Рымска-каталіцкім касцёлам у Беларусі, паводле яго словаў, недапушчальнае. Міністэрства інфармацыі пісьмова апавясціла «Мінскую праўду» пра недапушчальнасць такіх публікацый.

    Дарэчы, міліцыя не знайшла якіх-кольвек парушэнняў у публікацыі.

    Падтрымка ХАМАС і прарасійскі шавінізм

    Другі гучны скандал адбыўся адносна нядаўна. 7 кастрычніка 2023 года баевікі з тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС напалі на Ізраіль. Нягледзячы на глыбокія сувязі паміж народамі дзвюх краін, афіцыйны Мінск пасля агрэсіі ХАМАС абмежаваўся вельмі абцякальнымі заявамі, але значная частка дзяржаўных прапагандыстаў прыняла бок агрэсара. Сярод іх найбольш радыкальна выступіла «Мінская праўда».

    Выданне размясціла артыкул расійскага прапагандыста Ігара Молатава пад назвай «Восстание храбрых» — меліся на ўвазе, вядома, баевікі ХАМАС. «Меня зовут Игорь Молотов. Это я советовал взорвать термоядерную бомбу над Сибирью. Прошу прощения. Надо взорвать над Израилем», — такімі словамі пачынаўся гэты артыкул. «Палестинцы объявляют сопротивление фашистским методам Израиля», «победа Палестины на оккупированных территориях — это победа Москвы и Минска», — напісаў аўтар. На наступны дзень пасля публікацыі артыкул выдалілі з сайта.

    З нагоды гэтага артыкула абурыліся іральскія журналісты, якія адзначылі, што ў Беларусі карціна не адрозніваецца ад Расіі, дзе прапагандысты таксама падтрымліваюць ХАМАС, а з нагоды ізраільскай трагедыі злараднічаюць, і што «розніцы не вельмі шмат паміж Мінскам, Рамалай (горад на тэрыторыі Заходняга берага ракі Іярдан. — Заўв. рэд.) і Газай».

    На думку аналітыка Арцёма Шрайбмана, «у гэтай гісторыі выявілася больш агульная рыса беларускай прапаганды апошніх гадоў»: «На важныя пазіцыі ў дзяржаўных СМІ трапілі людзі, якіх раней палічылі б радыкаламі і не падпусцілі б ні да клавіятуры ў газетах, ні да экранаў на дзяржТБ. Гэтыя радыкалы звычайна прытрымліваюцца канкрэтнай ідэалогіі. Яны прыхільнікі дыктатуры, ультракансерватары. Іх яшчэ можна назваць прарасійскімі шавіністамі. Гэта сёння даміноўная ідэалогія ў расійскай палітыцы, вельмі падобная да класічнага чарнасоценства, якое захліснула Расійскую імперыю ў апошнія гады яе існавання. Для гэтай сістэмы поглядаў звычайны, па-першае, антысемітызм, а па-другое, цалкам шчырая нянавісць да ўсяго дэмакратычнага свету і, адпаведна, салідарнасць з яго ворагамі. Нядзіўна, што многія з гэтых людзей сімпатызуюць ХАМАС, які, па-першае, ваюе з габрэйскай дзяржавай, а па-другое, адцягвае ўвагу галоўнага ворага — ЗША — ад Украіны».

    Гэтая ацэнка абсалютна дакладна акрэслівае рэдакцыйную палітыку, якую праводзіць «Мінская праўда» з 2020 года.

    Зрэшты, паводле аналітыка, уладзе хапіла пары дзён, каб навесці нейкі парадак і аднастайнасць у прапагандзе. «Пасля гэтага асвятленне вайны Ізраіля і ХАМАС перавялі ў традыцыйную плоскасць пра тое, што ва ўсіх канфліктах у свеце вінаватыя ЗША, а ў Беларусі няма вайны дзякуючы Лукашэнку. Але гэтая гісторыя агаліла і тое, наколькі глыбока пранік расійскі антызаходні, а ў гэтым выпадку яшчэ і антыізраільскі шавінізм у беларускую прапаганду. Іх інстынктыўнай рэакцыяй стала публікаваць оды тэрарыстам ці высмейваць Алу Пугачову і Максіма Галкіна, якія з’ехалі з Расіі і трапілі на новую вайну ў Ізраілі, а пра дыпламатычныя інтарэсы свайго начальства думаюць па рэшткавым прынцыпе, калі абсякуць зверху», — лічыць Шрайбман.

    Але ніякіх кадравых зменаў у кіраўніцтве «Мінскай праўды» не адбылося. А значыць, высокая імавернасць таго, што адыёзнае выданне яшчэ не раз засвеціцца ў навінах.

    Чытайце яшчэ:

    Заходнія СМІ не прызнаюць абвінавачанні ў тым, што іх пазаштатнікі ведалі аб планаванні нападу ХАМАС на Ізраіль

    Лондан на сувязі. Барацьбіты з цэнзурай узялі ўдзел у Марафоне салідарнасці

    Чей Хеллоуин? Как независимые СМИ писали про праздник, который запретили

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia

    Больш матэрыялаў

    Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці