• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Генпракуратура цісне на гомельскую журналістку праз фільм пра сталінскія рэпрэсіі

    Генеральная пракуратура Беларусі, а таксама шэраг праўладных прапагандысцкіх выданняў абвінавацілі гомельскіх журналістаў у адмаўленні генацыда беларускага народа.

    Генпракуратура цісне на гомельскую журналістку праз фільм пра сталінскія рэпрэсіі

    Скрыншот фільма «Лес» рэжысёркі Марыі Булавінскай

    На сайце надзорнага ведамства 5 сакавіка быў апублікаваны матэрыял пра дакументальны фільм журналісткі Марыі Булавінскай. Паводле аўтараў паведамлення, «падчас нагляду за выкананнем заканадаўства аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму была прааналізаваная інфармацыя, якая паступіла з праваахоўных органаў, аб размяшчэнні на YouTube-канале «1142Х» відэа пад назвай «Выжыў пасля расстрэлу. Лес», якое абвяргае злачынствы фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны…»

    У тэксце сцвярджаецца, што аўтары фільма катэгарычна адмаўляюць вынікі расследавання распачатай у красавіку 2021 года генпракурорам Рэспублікі Беларусь крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа ў гады ВАВ і ў пасляваенны перыяд.

    У прыватнасці, «той факт, што следчай групай Генпракуратуры падчас правядзення палявых прац у лясным масіве Чонкаўскага лясніцтва, прыкладна ў 1,8 км на паўднёвы ўсход ад п. Чонкі Гомельскага раёна, знойдзеныя рэшткі цел належаць ахвярам, расстраляным фашыстамі падчас вайны».

    Мы спыталі Марыю Булавінскую пра тое, чаму, на яе думку, узнялася інфармацыйная хваля супраць стваральнікаў кінастужкі «Выжыў пасля расстрэлу. Лес»:

    — Я вельмі здзіўленая гэтай увагай з боку ўладаў. Калі і чакала, то адразу пасля выхаду фільма, а не праз шэсць месяцаў з моманту прэм’еры. Пракуратура сцвярджае, што фільм спрабуе абвергнуць версію ўладаў пра тое, што менавіта нацысты расстрэльвалі ў лясным масіве пад Гомелем, хоць мы насамрэч вельмі асцярожна падыходзім да гэтага пытання. Мы не знаходзімся сёння ў Гомелі, таму не можам належным чынам ацаніць раскопкі.

    Цяжка аналізаваць нешта, калі не бачыш вынікаў раскопак, вельмі складана рабіць высновы. Таму мы не абвяргаем версію ўладаў, а прадстаўляем альтэрнатыўнае бачанне, якое грунтуецца на верыфікаваных крыніцах, пра тое, што ў тым лесе ў 1930‑х супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі грамадзян.

    Чаму менавіта цяпер улады звярнулі ўвагу на фільм? Магчыма, гэта такая спроба націснуць на нас. Сёння ўсё, што не ствараецца прарэжымнымі структурамі, з’яўляецца экстрэмісцкім. І гэта такая спроба застрашыць, падавіць любую актыўнасць…

    Нагадаем, 29 студзеня гэтага года суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» YouTube-канал «1142Х. І асобна — дакументальны фільм «Лес» («Выжил после расстрела»), размешчаны на гэтым канале. У гэтай кінастужцы, якая выйшла летась, распавядаецца пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.

    Рэжысёрка фільма — Марыя Булавінская. Яна з 2020 года вымушана не жыве ў Беларусі. Нядаўна журналістка даведалася, што на яе вясковую хату пад Гомелем накладзены арышт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці