• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гомельскі БАЖавец паскардзіўся ў міліцыю і Следчы камітэт

    Гомельскі праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка звярнуўся да начальніка УУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада Мінска, а таксама ва ўпраўленне Следчага камітэта па г. Мінску.   

    Судаленка бачыць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння і крымінальнага злачынства ў дзеяннях журналіста «Белорусской военной газеты» Уладзіміра Кажэўнікава, які працягвае публікаваць у інтэрнэце паклёпніцкія і абразлівыя звесткі пра яго.

    Акрамя гэтага, праваабаронца дапоўніў сваю ранейшую позву да Уладзіміра Кажэўнікава аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі патрабаваннем аб спагнанні маральнай шкоды на суму 99 млн. рублёў.

    Разгляд справы па сутнасці ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска прызначаны на 9 чэрвеня.

    “16 мая суд Цэнтральнага раёна Мінска пачаў разгляд маёй грамадзянскай справы аб абароне гонару і годнасці, – нагадаў Службе маніторынгу ГА “БАЖ” Леанід Судаленка. – Аўтар абразлівага артыкула “Кому выгодно порочить белорусскую армию?” Уладзімір Кажэўнікаў у суд не з’явіўся. Але ў гэты ж дзень у 13.52 на сайце “Живой Журнал”, які зарэгістраваны Уладзімірам Кажэўнікавым у інтэрнэце пад імем “ПолитКлуб”, з’явілася нататка “Правозащитник Судаленко порочит Белоруссию”. Аўтар дадае новую порцыю паклёпу, вінаваціць мяне ў тым, што я нібыта ганьбую беларускае правасуддзе, прыніжаю краіну і займаюся антыдзяржаўнай прапагандай. Праз некалькі гадзін Кажэўнікаў дадаў у свой “Живой Журнал” чарговую заметку пад назовам “Уловите разницу между ГЦСТ и ЛГБТ”, у якой праваабаронцаў – я адношу да іх ліку  і сябе – параўноўвае  з гомасексуалістамі, абзывае зняважлівымі словамі”.

    Паводле праваабаронцы, апошнюю нататку Уладзімір Кажэўнікаў змясціў таксама на сваёй старонцы “ВКонтакте”. За два дні да суда той жа Кажэўнікаў у сваім “Живым Журнале” напісаў нататку “Травля ветерана”, у якой заявіў, што “белорусские неонацисты, шовинисты, русофобы, так называемые “правозащитники”…. ведут оголтелую травлю известного 70-летнего русского журналиста Владимира Кожевникова”.

    “Апошнім часам, – дадае  Леанід Судаленка, – Кажэўнікаў  стаў прыбіраць з інтэрнэту свае публікацыі, але захаваліся іх скрыншоты. Таму я і прашу міліцыю  правесці праверку згаданых фактаў, высветліць поўныя асабістыя звесткі аўтара і распачаць у дачыненні да яго адміністрацыйны працэс за паклёп і абразу”.

    19 мая Леанід Судаленка накіраваў таксама заяву ва Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску, у якой інфармаваў, што дзеянні Уладзіміра Кажэўнікава ўтрымліваюць і прыкметы крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 130 КК Рэспублікі Беларусь, бо скіраваныя на распальванне варожасці паводле сацыяльнай прыналежнасці.

    Нагадаем: 14 красавіка гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Мінска з позвай аб прызнанні несапраўднымі і абвяржэнні звестак, распаўсюджаных у “Белорусской военной газете”.

    Суадказчыкамі ў позве фігуруюць журналіст выдання Уладзімір Кажэўнікаў і дзяржаўная ўстанова “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” (“Белорусская военная газета” – адна з трох рэдакцый, што ўваходзяць у склад агенцтва “Ваяр”).  

    Гаворка ідзе пра публікацыю ад 10 сакавіка 2016 г. “Кому выгодно порочить белорусскую армию?”. Артыкул тычыўся інцыдэнту з уцёкамі двух жаўнераў з размешчанай у Брэсце вайсковай часткі №92616 з‑за збіцця і пагрозаў. Леанід Судаленка тады выступіў ініцыятарам звароту 75 грамадзян да міністра абароны Беларусі з патрабаваннем спыніць нестатутныя адносіны ў беларускім войску.

    У публікацыі “Кому выгодно порочить белорусскую армию?” гаварылася, што праваабаронца займаецца “антыармейскай агітацыяй”, “даносамі”, “ганьбіць сваю краіну” і “разбурае грамадства”. (Цытаты можна прачытаць ТУТ).

    Судаленка лічыць, што  гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

    Ён звяртаўся ў рэдакцыю з прапановай выбачыцца і апублікаваць абвяржэнне, аднак начальнік дзяржаўнай установы “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” палкоўнік Аляксей Пашкевіч вырашыў, што падстаў для гэтага няма.

    Судаленка vs ваенная газета. Працяг 9 чэрвеня

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці