• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 13–19.07.2015 г.

    З набліжэннем выбараў журналісты ўсё часцей адчуваюць на сабе ўвагу з боку міліцыі і спецслужб. Гэта тычыцца і тых, хто працуе ў інтэрнэце, і тых, хто выходзіць на заданні “ў поле”.

    13 ліпеня рэдактара інтэрнэт-сайта “Наш Магілёў” Ігара Барысава выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС забраць камп’ютары, вынятыя падчас ператрусу 12 сакавіка 2015 г. Журналісту патлумачылі, што праверка па факце паклёпу (арт. 188 ч. 2 КК РБ) на дырэктара прадпрыемства “Стужка” Сяргея Пятрова скончана, і справу супраць яго не распачыналі.

    Затое міліцыянты паведамілі, што ў дачыненні да журналіста завялі дзве новыя адміністрацыйныя справы – за парушэнне Закона “Аб СМІ” (ч. 2 арт. 22.9 КаАП) і за атрыманне грашовай дапамогі з‑за мяжы на працу выдання (ч. 2 арт. 23.24 КаАП). Журналіста часткова азнаёмілі з матэрыяламі спраў і ўручылі позву ў суд Кастрычніцкага раёна Магілёва на 15 ліпеня. Пазней дату перанеслі – цяпер суд прызначылі на 29 ліпеня.

    13 ліпеня стала вядома, што ў Наваполацку міліцыя шукае ўладальніка сайта freeregion.info і доказы таго, што ім з’яўляецца грамадскі актывіст Вадзім Драздоў, які ўжо некалькі гадоў жыве за мяжой. 18 чэрвеня лейтэнант міліцыі Рафаловіч апытаў суседзяў Драздова, 1 ліпеня ў Наваполацкі ГАУС выклікалі яго маці. Распытвалі, дзе жыве Вадзім, калі ён прыязджае ў Беларусь і г. д. Па інфармацыі рэдакцыі freeregion.info, былі накіраваныя запыты некаторым правайдарам, а таксама ў кампанію “Вэлком” – з мэтай даведацца, на каго зарэгістраваны пазначаны на сайце нумар зваротнай сувязі. Перад гэтым, 12 мая, рэдакцыя атрымала ліст з Мінінфармацыі з патрабаваннем паведаміць звесткі пра юрыдычную альбо фізічную асобу ўладальніка сайта, а таксама яго юрыдычны адрас ці месца жыхарства. У лісце за подпісам Ліліі Ананіч гаварылася пра выяўленыя на сайце «парушэнні заканадаўства аб СМІ» і нагадвалася пра магчымасць пісьмовага папярэджання ўладальніку ці блакавання рэсурсу.

    15 ліпеня праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка паведаміў, што гомельскае абласное ўпраўленне Следчага камітэта вярнула яму ўсе камп’ютары, забраныя ў красавіку падчас ператрусу ў звязку з крымінальнай справай пра распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў. Следчы, падпалкоўнік юстыцыі Юрый Зенчанка паведаміў, што экспертыза скончылася, ніводзін з шасці камп’ютараў не мае дачынення да злачынства. Судаленка перакананы, што супраць яго ладзілася спецаперацыя па дыскрэдытацыі.

    Нагадаем, 6 сакавіка з электроннай скрыні sudalenka@mail.ru былі распаўсюджаныя парнаграфічныя відэаролікі. Па словах Л. Судаленкі, гэтай паштовай скрыняй ён карыстаўся амаль 15 гадоў, аднак напрыканцы 2014 г. страціў кантроль над ёй з‑за ўзлому невядомым хакерам. 8 красавіка супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі правялі ператрусы ў кватэры Судаленкі і ў РГА “Прававая ініцыятыва” – па месцы працы праваабаронцы. Паводле следчых, распаўсюд парнаграфіі нібыта адбыўся з IP-адрасу праваабарончага цэнтра. 13 красавіка па факце распаўсюду парнаграфічных матэрыялаў Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 343 КК РБ.  

    16 ліпеня ў Рэчыцкім раёне былі затрыманыя незалежныя журналісты Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй. Яны здымалі відэасюжэт пра ўспышку невядомай хваробы свінняў у гэтым рэгіёне. Калі пра прысутнасць журналістаў даведаліся ў сельсавеце, то адразу патэлефанавалі ў ДАІ і перадалі нумары машыны. Міліцыя спыніла аўтамабіль журналістаў на сельскай дарозе і дзве гадзіны складала пратакол апытання, высвятляючы, навошта журналісты вялі відэаздымкі.

    17 ліпеня ў г. Мар’іна Горка (Мінская вобл.) каля вайсковай часткі былі затрыманыя незалежныя тэлежурналісты, сябры ГА «БАЖ» Аляксандр Баразенка і Аркадзь Несцярэнка. Журналісты рыхтавалі матэрыял пра былога спецназаўца Вадзіма Васілеўскага, які загінуў на Данбасе, ваюючы на баку сепаратыстаў.

    Пры спробе паразмаўляць з кіраўніцтвам 5‑й асобнай брыгады, дзе да звальнення служыў Васілеўскі, журналістаў затрымалі міліцыянты і даставілі ў мясцовы РАУС. Затрыманне адбылося каля 14‑й гадзіны. Каля 17.15 стала вядома, што журналістаў вызвалілі, склаўшы пратаколы апытання і забраўшы флэш-картку відэакамеры з часткай адзнятага матэрыялу “на экспертызу”. Копію пратаколу вынятку Баразенку адмовіліся выдаць. Журналіст сфатаграфаваў дакумент і пакінуў запіс у кнізе скаргаў. «Міліцыянты сказалі, што нас можа чакаць крымінальная справа, але па якім артыкуле не паведамілі, а пасля адпусцілі», – распавёў пасля  belsat.eu Аркадзь Несцярэнка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці