Кацярына Андрэева запісала відэазварот да Джона Коўла
Былая палітзяволеная, журналістка «Белсата» Кацярына Андрэева звярнулася да спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з просьбай дапамагчы ў вызваленні яе мужа, журналіста-фрылансера Ігара Ільяша. Зварот апублікаваў Telegram-канал руху рэпрэсаваных беларусак «Розовые косынки».

Кацярына Андрэева па вызваленні. Вільня, Літва. 19 сакавіка 2026 года. Фота: Белсат
«Я на волі, але яшчэ больш за 20 беларускіх прадстаўнікоў прэсы застаюцца ў зняволенні. Сярод іх — журналіст Ігар Ільяш, мой муж, — адзначае ў звароце Кацярына Андрэева.
Ігар прысвяціў журналістыцы амаль 20 гадоў жыцця. Гэта выбітны прафесіянал і годны чалавек, які не з’ехаў, пакуль я была ў калоніі. Не пакінуў мяне. Не абраў уласную бяспеку. Сёння Ігар — у калоніі №2, у складаных умовах. Ягонае здароўе патрабуе пільнай увагі і якаснай медычнай дапамогі. Як жонка, я баюся за стан свайго мужа».
Былая палітзняволеная звяртаецца асабіста да спецпасланніка ЗША ў справах Беларусі Джона Коўла і просіць яго прыкласці ўсе магчымыя намаганні дзеля вызвалення Ігара ў найбліжэйшым часе.
«З дзевяці гадоў у шлюбе мы з мужам адзначылі толькі тры. Я ўпэўненая, што ў Вашых сілах зрабіць так, каб дзясятую мы адсвяткавалі разам — і на свабодзе!» — кажа Кацярына.
Нагадаем, раней Кацярына Андрэева перадала прэзідэнту ЗША, у якім падзякавала за вызваленне палітвязняў і папрасіла працягваць гэтыя намаганні.
Святлана Ціханоўская выступае ў Стакгольме з партрэтам палітзняволенага журналіста Ігара Ільяша
Кацярыну Андрэеву вызвалілі і дэпартавалі з Беларусі 19 сакавіка пасля візіту ў Мінск спецпрадстаўніка амерыканскага прэзідэнта Джона Коўла. Яна правяла больш за 5 гадоў у зняволенні па палітычна матываваных абвінавачаннях за журналісцкую дзейнасць.
Ігар Ільяш быў затрыманы ў Мінску 22 кастрычніка 2024 года. Яго абвінавацілі паводле двух крымінальных артыкулаў: у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч 1 і 2 арт. 361–4 КК) і дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369–1 КК).
16 верасня 2025 года суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Кацэр прызнаў Ігара Ільяша вінаватым і прыгаварыў да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама суддзя Кацэр прызначыў сплаціць на карысць дзяржавы штраф памерам 100 базавых велічынь (4200 рублёў).
22 лістапада 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Ільяша палітычным вязнем.
5 снежня 2025 года імя і прозвішча Ігара Ільяша з’явілася на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў пераліку асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Там жа пазначана, што журналіст «адбывае пакаранне».
Кацярына Андрэева: «Я сама пакуль вяртаюся ў жыццё, у прафесію, да сябе»
@bajmedia